Зацверджаны Комплексны план развіцця Бялыніцкага раёна на 2019-2020 гады
На пасяджэнні райвыканкама, пасля дэтальнага і глыбокага абмеркавання, быў зацверджаны Комплексны план развіцця Бялыніцкага раёна на 2019-2020 гады. Адной з ключавых яго задач з’яўляецца выхад на штомесячны ўзровень заработнай платы ў 1 тысячу рублёў.
– Анатоль Леанідавіч, мы пакрысе ўжо прывыкаем да таго, што зарплата не налічваецца. Яна зарабляецца. За кошт чаго будзем мець тысячу рублёў?
– Мэтай Комплекснага плана развіцця Бялыніцкага раёна на 2019-2020 гады з’яўляецца забеспячэнне такіх тэмпаў росту выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг на аднаго сярэдняспіскавага работніка, якая дазволіць атрымліваць намінальна налічаную сярэднямесячную заработную плату не менш за 1 тысячу рублёў у снежні 2020 года ў кожнай арганізацыі рэальнага сектара эканомікі раёна. А гэта наўпрост звязана з павелічэннем аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі і аказання паслуг, апераджальным ростам прадукцыйнасці працы на кожным прадпрыемстве, у кожнай арганізацыі, са стварэннем новых вытворчасцей і новых рабочых месцаў, з асваеннем новых відаў прадукцыі і паслуг і, як вынік – з павышэннем эфектыўнасці эканомікі раёна ў цэлым. І ўсё гэта павінна стаць надзейнай асновай для пастаяннага росту дабрабыту людзей, камфортнасці і якасці іх жыцця.
Нагадаю, што ў сваім штогадовым Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не ўсе рэгіёны краіны знаходзяцца ў аднолькавых сацыяльна-эканамічных умовах, і паставіў задачу выраўніць сітуацыю сярод сельскіх раёнаў: людзі павінны жыць дастойна незалежна ад месца іх пражывання. Выкананне гэтай задачы таксама з’яўляецца адным з ключавых момантаў Комплекснага плана развіцця Бялыніцкага раёна на 2019-2020 гады.
Што ж да заработнай платы ў 1 тысячу рублёў, то працаўнікі асобных арганізацый ужо сёння яе зарабляюць. Для прыкладу, будаўнікі ДУК ДБП “Бялыніцкая ПМК № 241”, механізатары, жывёлаводы, спецыялісты СВК “Калгас “Радзіма”, работнікі дзяржаўнага апарату, арганізацый “Магілёўэнерга”, “Магілёўаблгаз”, “Беларуснафта”, “Белтэлекам” і інш.
– Традыцыйна нізкай застаецца ўсё яшчэ зарплата работнікаў сельгаспрадпрыемстваў. Якім чынам яны будуць выходзіць на тысячу рублёў заробку?
– Для выканання задач Комплекснага плана з мэтай мабілізацыі ўсіх наяўных сіл і сродкаў, адшукання рэзерваў глыбока прааналізавана сітуацыя, якая склалася ва ўсіх адкрытых акцыянерных таварыствах раёна, дзе на сёння зарплаты і сапраўды адны з самых нізкіх. На падставе яго быў распрацаваны і зацверджаны план развіцця аграпрамысловага комплексу раёна на 2019-2021 гады, якім прадугледжана да канца 2020 года павелічэнне вытворчасці асноўных відаў прадукцыі ў параўнанні да 2018 года: малака – на 118 працэнтаў, ялавічыны – на 302,1 %, зерневых і зернебабовых культур – на 241,7 %. У супастаўных умовах гэта забяспечыць тэмп росту вытворчасці сельгаспрадукцыі на 166,9 працэнта, адпаведна, на 144 % у цэлым вырасце і зарплата работнікаў прадпрыемстваў АПК раёна.
Таксама распрацаваны індывідуальныя праграмы развіцця кожнага ААТ, вызначаны канкрэтныя мерапрыемствы, накіраваныя на ўстойлівае забеспячэнне павелічэння вытворчасці сельгаспрадукцыі, эфектыўнае гаспадаранне. Напрыклад, праведзена ўжо аптымізацыя пасяўных плошчаў і структуры земляробчых культур, выконваюцца мерапрыемствы, накіраваныя на строгае захаванне тэхналагічных рэгламентаў у жывёлагадоўлі і раслінаводчай галіне. Прыняты меры па ўмацаванні кармавой базы, што дазволіць павялічыць аб’ёмы вытворчасці малака і мяса. Кіраўнікам гаспадарак не варта забывацца і на тое, што трэба асвойваць вырошчванне новых відаў сельгаскультур, у тым ліку насеннікаў траў, на якія ёсць устойлівы попыт. Неабходна праяўляць рознабаковы падыход, ініцыятыўнасць, не баяцца эксперыментаваць. Сёння можна зарабляць вельмі добрыя грошы на перапрацоўцы насення рапсу. СВК “Калгас “Радзіма” таму выдатнейшы прыклад.
Іншымі словамі, поле дзейнасці для павелічэння заробкаў работнікаў у сельгаспрадпрыемстваў ёсць. Яны маюць усё, каб паспяхова, эфектыўна працаваць і атрымліваць належную фінансавую аддачу ад зямлі, жывёлагадоўчай галіны.
Скажу больш, сёлета нашы сельгасарганізацыі не маюць абсалютна ніякіх праблем па забеспячэнні іх палівам, угнаеннямі, набываецца патрэбная тэхніка па лізінгу. Паўтаруся: створаны ўсе ўмовы для паспяховага гаспадарання, а значыць, і зароблівання грошай. Да ўсяго гэтага застаецца дадаць толькі адно: падключыць жаданне працаваць па-гаспадарску.
Вельмі важны сённяшні этап. У сельгаспрадпрыемствах убраны першы ўкос траў. Дажджы, якія кожны дзень праходзяць зараз, спрыяюць добраму ўраджаю другога ўкосу. І яго трэба ўбраць своечасова, нарыхтаваць якасны травяны корм на зімоўку грамадскага статку жывёлы. Распачынаецца жніво. Вырашчаны ўраджай хлеба неабходна ўбраць да апошняга зернятка. І зноў жа – у нас усё для гэтага ёсць: ГЗМ, тэхнічныя рэсурсы, механізатарскія кадры, адпрацаваны тэхналогіі ўсяго цыклу ўборачных работ. Для прыкладу, камбайнавы парк раёна складаюць 59 уборачных агрэгатаў. Разліковая ўборачная нагрузка на адзін камбайн складае 268 гектараў. Для параўнання, у сярэднім па вобласці – 271 га.
Для паспяховага выканання Комплекснага плана развіцця Бялыніцкага раёна на 2019-2020 гады кожнаму – кіраўніку, спецыялісту, простаму работніку – неабходна зрабіць патрэбныя ўрокі гаспадарання ў мінулым годзе, вызначыць і ацаніць сваю ролю ў працоўных справах калектыву, правесці сур’ёзную працу над дапушчанымі памылкамі, улічыць усе магчымыя рэзервы, паўсюдна навесці элементарны парадак, збалансаваць расходы і даходы, скараціць усе віды затрат.
Скажам, каб працаўнікам райаграпрамтэхзабеспячэння выйсці ў снежні 2020 года на заробкі ў тысячу рублёў, ім трэба грашовую выручку ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг на аднаго сярэдняспіскавага работніка павялічыць да гэтага перыяду, як мінімум, у два разы. Значыць, кожны з іх павінен працаваць у два разы лепш. Сказанае ў поўнай меры адносіцца і да ААТ “Аграсэрвіс”, “Бялынічы”, “Новая Друць”.
– Анатоль Леанідавіч, шляхі рэалізацыі ключавой задачы Комплекснага плана развіцця Бялыніцкага раёна на 2019-2020 пралічаны для ўсіх арганізацый і прадпрыемстваў Бялыніччыны?
– Так, для кожнай арганізацыі рэальнага сектара эканомікі раёна з улікам іх спецыфікі, дасягнутых фінансава-эканамічных вынікаў. Скажам, тыя ж ПМК № 241, СВК “Калгас “Радзіма”, лясгас і некаторыя іншыя арганізацыі пастаянна забяспечваюць устойлівыя тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці. Адсюль і высокія заробкі іх работнікаў. Каб дасягнуць узроўню зарплаты ў 1 тысячу рублёў да канца 2020 года, напрыклад, па лясгасе, то тут, з улікам ужо забяспечанага ўзроўню заработнай платы, дастаткова дасягнуць 105 працэнтаў росту грашовай выручкі.
Для выхаду на абазначаны паказчык па зарплаце ў жылкамгасе рост выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг запланаваны на ўзроўні 116 працэнтаў. Дасягненне яго не выклікае сумнення, бо прадоўжыцца праца па замене цепласетак, капітальным рамонце жылля, плануецца таксама і будаўніцтва ў аграгарадку Свяцілавічы станцыі абезжалезвання вады.
Што ж да філіяла Аўтапарк № 7, то для дасягнення вызначанага ўзроўню заработнай платы тут неабходна значна актывізаваць працу грузавога транспарту, звярнуўшы асаблівую ўвагу на экспарт транспартных паслуг. Рэалізаваўшы распрацаваныя мерапрыемствы, індэкс росту выручкі складзе 125 працэнтаў.
Дэтальныя планы па рэалізацыі ключавой задачы Комплекснага плана развіцця Бялыніцкага раёна на 2019-2020 пралічаны для ўсіх арганізацый і прадпрыемстваў Бялыніччыны. Забяспечыўшы іх выкананне, арганізацыі рэальнага сектара эканомікі раёна за 2020 год выйдуць на ўзровень заработнай платы ў 930,5 руб., у тым ліку за снежань – 1010,6 рубля.
Зараз неабходна надаць большую дынаміку развіццю ўсіх галін, палепшыць фінансава-эканамічную сітуацыю, даходнасць прадпрыемстваў і арганізацый. Гэта павінна стаць асновай для росту дабрабыту людзей і забяспячэння далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, стварэння на аснове развіцця і эфектыўнага выкарыстання чалавечага патэнцыялу і мясцовых рэсурсаў роўных магчымасцяў для жыцця і працы жыхароў як горада, так і ўсіх населеных пунктаў Бялыніччыны.
Трэба помніць, што дабрабыт дастаецца нялёгкай працай. І яна з’яўляецца не толькі надзейнай крыніцай сямейнага дастатку, але і служыць самарэалізацыі чалавека-працаўніка.
Гутарыў Міхась КАРПЕЧАНКА.
ДАВЕДКА
На тэрыторыі Бялыніччыны размешчана 181 паселішча. Насельніцтва раёна складае 18 тысяч чалавек, у тым ліку ў Бялынічах пражывае 9,7 тысячы, у аграгарадках, вёсках і пасёлках – 8,3 тысячы чалавек.
Утвараюць народна-прамысловы комплекс раўнамерна па 2 арганізацыі ў прамысловасці, будаўніцтве, транспарце і гандлі, лясгас, чатыры ААТ і СВК “Калгас “Радзіма”.
У сацыяльнай сферы функцыянуюць 25 устаноў адукацыі, 16 – аховы здароўя, 33 – культуры, 2 арганізацыі спорту і турызму, установа сацыяльнай абароны, якая ўключае 60 аддзяленняў сацыяльных паслуг.
У перыяд за студзень-красавік бягучага года ў гэтых арганізацыях працавалі 5046 чалавек: у сацыяльнай (бюджэтнай) сферы – 1972 (39,1%), у сельскай гаспадарцы – 919 (18,2 %) і лясной – 311 (6,2 %), у прамысловасці – 426 (8,4 %), будаўніцтве – 346 (6,9 %), на транспарце – 154 (3,1 %), у гандлі – 339 (6,7 %), у іншых арганізацыях – 579 (11,4 %).
У структуры фонду заработнай платы найбольшую ўдзельную вагу займалі бюджэтныя арганізацыі – 6637,9 тыс. руб. (34,3 %), сельскагаспадарчыя – 3133,7 тыс. руб. (16,2 %), будаўнічыя – 1826,7 тыс. руб. (9,4 %), прамысловыя – 1748,4 тыс. руб. (9 %), лясгас – 1571,1 тыс. руб. (8,1 %), гандаль – 1028 тыс. руб (5,3 %), транспарт – 606,5 тыс. руб. (3,1 %), іншыя арганізацыі – 2808,9 тыс. руб. (14,6 %).
У структуры выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг на гандаль прыпадала 26,2 %, сельскую гаспадарку – 26,1 %, будаўніцтва – 18,4 %, прамысловасць – 12,5 %, лясную гаспадарку – 11,2 %, транспарт – 5,6 %.