Каманда дэпутатаў раёна прыняла ўдзел у летняй спартакіядзе дэпутацкага корпуса Магілёўскай вобласці
20-21 ліпеня каманда дэпутатаў раёна ў складзе Вольгі МАРДАЧОВАЙ, Святланы ВАЛЧКОВАЙ, Алены ДАМАРАЦКАЙ, Алены ХАРТАВАЙ, Дзмітрыя КАРПІКАВА, Аляксандра ЛЯЎКОВІЧА і Аляксандра ШАКУРАВА на чале са старшынёй райсавета дэпутатаў Андрэем ГАНЧУКОМ прыняла ўдзел у летняй спартакіядзе дэпутацкага корпуса Магілёўскай вобласці.
На працягу двух дзён у аграгарадку Кадзіна Магілёўскага раёна 23 каманды з усіх раёнаў Прыдняпроўскага краю спаборнічалі па лёгкай атлетыцы, настольным тэнісе, перацягванні каната, у эстафеце, конкурсах “Трапны футбаліст” і мастацкай самадзейнасці.
Падчас цырымоніі ўзнагароджання нашы дэпутаты не аднойчы падымаліся на сцэну за заслужанымі ўзнагародамі: у эстафеце каманда стала трэцяй, Дзмітрый Карпікаў заваяваў срэбра ў конкурсе “Трапны футбаліст”, а мастацкі нумар Алены Хартавай не пакінуў абыякавым ніводнага ўдзельніка спартакіяды і быў адзначаны Дыпломам II ступені.
У агульнакамандным заліку каманда дэпутацкага корпуса нашага раёна апынулася ў дзясятцы лепшых, заняўшы шостае месца.
Ганна КАВАЛЁВА.