…І каб пра бяспеку не забывалі!
У рамках рэспубліканскай акцыі МНС “Канікулы без дыму і агня” спецыялісты раённага Цэнтра культуры сумесна з інспектарам ГПі УГ РАНС Кацярынай ЛЮБІВАЙ правялі прафілактычную акцыю “Пажарная бяспека”, накіраваную на папярэджанне гібелі дзяцей на пажарах.
Каля раённага Цэнтра культуры разгарнуўся цэлы выставачны куток ратавальнікаў. Там можна было прымерыць спецыяльнае адзенне вогняборцаў, а таксама даведацца, як карыстацца вогнетушыцелем, дзейнічаць у экстраных сітуацыях, выклікаць службу 101…
Дзеці актыўна адказвалі на пытанні па захаванні правілаў пажарнай бяспекі, з задавальненнем гулялі ў тэматычныя інтэлектуальныя гульні, якія прапаноўвала інспектар РАНС.
Актыўны ўдзел у акцыі прыняў дамавы Кузя, які з выдатным веданнем справы праводзіў інструктаж па бяспечнай эксплуатацыі печы.
А дарослым: татам і мамам, бабулям і дзядулям, якія ў гэты дзень сталі ўдзельнікамі акцыі, Кацярына Любівая і Кузя нагадалі пра тое, каб яны рэгулярна праводзілі гутаркі па пажарнай бяспецы са сваімі дзецьмі і ўнукамі.
Таксама ўсе ўдзельнікі акцыі атрымалі тэматычныя памяткі і буклеты.
Тэкст і фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.