Темы

Акцыя “Адзіны дзень бяспекі” прайшла па ўсёй краіне і завяршылася 10 верасня

Напрыканцы мінулага рабочага тыдня ўдзельнікамі яе сталі механізатары і вадзіцелі, работнікі мехдвара, спецыялісты ААТ “Новая Друць”.

Нагадаем, што падчас рэспубліканскай акцыі па шматлікіх лакацыях праводзіліся мэтанакіраваныя тэматычныя прафілактычныя мерапрыемствы па бяспецы жыццезабеспячэння на працоўных месцах і ў штодзённым побыце, папярэджанні надзвычайных сітуацый, правапарушэнняў і злачынстваў, а таксама адносна навучанню правільным паводзінам ва ўмовах надзвычайных сітуацый, аварый і аказання першай медыцынскай дапамогі, што, па вялікім рахунку, садзейнічае развіццю ў грамадстве культуры бяспекі жыццядзейнасці, павышэнню адукацыйна-выхаваўчага ўзроўню насельніцтва ўсіх катэгорый, у тым ліку і падрастаючага пакалення.

У рамках Адзінага дня бяспекі прайшлі дні адкрытых дзвярэй, прафілактычныя акцыі ў навучальных установах, гутаркі ў працоўных калектывах, канцэртныя праграмы і тэатралізаваныя паказы, а рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання і грамадскія аб’яднанні, сярод якіх міністэрствы адукацыі, культуры, энергетыкі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, унутраных спраў, МНС, Генеральная пракуратура, Федэрацыя прафсаюзаў, РГА “Белая Русь”, БРСМ, ГА “ОСВОД”, таварыства Чырвонага крыжа і шэраг іншых, правялі тэматычныя дні.

Удзел у прафілактычнай гутарцы з механізатарамі, вадзіцелямі,  работнікамі мехдвара, спецыялістамі ААТ “Новая Друць” прынялі начальнік райаддзела МНС Віталь Воранаў, намеснік пракурора раёна Дзяніс КАТКАВЕЦ, інспектар АДАІ райаддзела міліцыі Аляксандр ЕМЯЛЬЯНАЎ, начальнік ПВП у Цяхціне Дзмітрый БАРАНАЎ

Кіраўнік сельскагаспадарчага таварыства Віталь ЗАКАРДОНСКІ нагадаў прысутным пра рэзанансныя нядаўнія здарэнні, што адбыліся ў некаторых сельгаспрадпрыемствах раёна. У аснове ўсіх іх, на яго думку, ляжыць славуты гэтак званы чалавечы фактар. Гарэў сёлета камбайн і ў ААТ “Новая Друць”, а супраць механізатара ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, камбайн якога цалкам знішчыў бязлітасны агонь  яшчэ на самым пачатку жніва, узбуджана крымінальная справа.

– Строгае і няўхільнае захаванне работнікамі патрабаванняў правілаў тэхнікі бяспекі, – адзначыў Віталь Закардонскі, – з’яўляецца надзейнай зарукай таго, што з імі на вытворчасці нічога дрэннага не здарыцца. І дамоў яны пасля напружанага працоўнага дня вернуцца здаровымі і жывымі.

Віталь Воранаў расказаў, як правільна падрыхтаваць печы і коміны да чарговага ацяпляльнага сезона. Пры гэтым асаблівую ўвагу трэба звярнуць на стан пячных лежакоў, бо падмурак дома з-за маразоў і цеплыні пастаянна на некалькі міліметраў прыўзнімаецца і апускаецца. У выніку, ляжак, размешчаны на гарышчы хаты і не звязаны з фундаментам дома, таксама на гэтыя міліметры мяняе сваё становішча. З 13 пажараў, што адбыліся сёлета ў раёне, два пачаліся з лежакоў,  4 – з-за кароткага замыкання электраправодкі. Начальнік РАНС асабліва падкрэсліў, што самы небяспечны ўчастак электраправодкі ў доме – ад уводу яе да лічыльніка. З-за мноства бытавых электрычных прыбораў пракладзеная даўно алюмініевая электраправодка не вытрымлівае вялікай напругі, што прыводзіць да кароткага замыкання і загарання ізаляцыі яе. Выратавальнік парэкамендаваў алюмініевую электраправодку замяніць на медную і з большым сячэннем дроту.

Уважліва слухалі механізатары і вадзіцелі таксама і выступленне інспектара АДАІ РАУС Аляксандра Емяльянава, які завастрыў іхнюю ўвагу на росце дарожнатранспартных здарэнняў. За селетнія восем месяцаў на дарогах раёна ў іх пацярпелі 20 чалавек, двое з якіх загінулі. Адно з нядаўніх ДТЗ, у якім загінуў чалавек, адбылося на шашы непадалёку ад Цяхціна.

– У першы восеньскі тыдзень пачасціліся выпадкі, – падкрэсліў   аўтаінспектар, – калі ўласным транспартам кіруюць падпітыя вадзіцелі альбо таксама п’яныя іх пасажыры. Днямі спынілі аўтамашыну на дарозе каля Асман-Касаева. Вадзіцель і яго пасажыр – ніякія! Пакаранне за такое правапарушэнне – штраф ад 50 да 100 базавых велічынь, пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі на тры гады. І калі на працягу месяца штраф не будзе выплачаны, у працэс падключаюцца судовыя выканаўцы.

Падчас выступлення інспектара АДАІ РАУС Аляксандра Емяльянава вадзіцелі агучылі праблему, калі за эксплуатацыю машыны, што належыць таварыству, і якая не прайшла дзяржаўны тэхагляд, караецца і шафёр.

– Пры чым тут вадзіцель? – запыталіся яны.

Інспектар АДАІ РАУС патлумачыў, што галоўнае не адзнака аб пройдзеным тэхаглядзе, а стан спраўнасці самога аўтамабіля, за якім вадзіцель павінен глядзець як за ўласным.

Кіраўнік ААТ “Новая Друць” запэўніў, што праблема з праходжаннем тэхагляду ўсімі транспартнымі сродкамі гаспадаркі будзе вырашана ў самы бліжэйшы час.

Намеснік пракурора раёна Дзяніс Каткавец спыніўся на стане вытворчага траўматызму, у аснове якога ляжаць грубыя парушэнні правілаў тэхнікі бяспекі, якія дапусцілі самі работнікі.

– Інструкцыі складаюцца не проста так і яны не прыдумваюцца, – адзначыў намеснік пракурора. – Кожнае іх патрабаванне абумоўлена вопытам, глыбокім аналізам і дэтальным вывучэннем няшчасных здарэнняў, якія адбыліся на вытворчасці. І калі інструкцыя патрабуе так, як нехта прызвычаіўся ўжо, не рабіць, то і трэба паступаць у строгай адпаведнасці з патрабаваннямі яе. А калі чагосьці не ведаеце, штосьці не разумееце альбо нехта прымушае вас парушыць інструкцыю, звяртайцеся да інжынера па ахове працы, кіраўніка гаспадаркі.

Напрыканцы мерапрыемства вадзіцелі, механізатары,  работнікі мехдвара, спецыялісты таварыства з увагай паглядзелі тэматычны відэафільм, а Віталь Воранаў нагадаў ім аб правілах паводзін у лесе, калі заблукалі ў ім, збіраючы восеньскія дарункі прыроды, і заклікаў навесці парадак на прысядзібных участках – уласных, бацькоў, дзядуляў. Бо ўвесну, звычайна, пачынаецца масавае выпальванне іх, што нярэдка прыводзіць да пажараў, гібелі і траўматызму людзей. Толькі за мінулую вясну супрацоўнікі РАНС за няправільнае выпальванне на прысядзібных участках сухой травы, пажніўных астаткаў і смецця склалі 13 адміністрацыйных пратаколаў.  

Адзіны дзень бяспекі павінен стаць у нашай краіне новай формай прафілактычнай работы па папярэджанні надзвычайных сітуацый, правапарушэнняў і злачынстваў. Ён  будзе праводзіцца двойчы за год: у перыяд з 20 лютага па 1 сакавіка і з 1 па 10 верасня.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

Фота аўтара.

Последние новости

Новости района

Пионерский фестиваль прошёл в Белыничах. Смотрите, как это было

23 мая 2025
Читать новость
Новости района

Итоги года и новые задачи: заседание Белыничской райорганизации профсоюза работников АПК

22 мая 2025
Читать новость
Новости Беларуси

В школах Беларуси с 1 сентября запретят пользоваться мобильными телефонами

22 мая 2025
Читать новость
Президент

Ответственность нанимателей за иностранных работников введена в Беларуси указом Президента

22 мая 2025
Читать новость
Президент

“Золото буквально под ногами”. Лукашенко актуализировал задачи по обращению с отходами

20 мая 2025
Читать новость
РОЧС информирует

Безопасность детей во время летних каникул

20 мая 2025
Читать новость

Рекомендуем