Убачыць. Падказаць. Нагадаць
У рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Захавай сваё жыццё” супрацоўнікі АДАІ РАУС і раённага аддзялення Дэпартамента аховы наведалі Машчаніцкую СШ.
Падчас сустрэчы з чацвёртакласнікамі праваахоўнікі нагадалі ім аб самым важным – беражлівых адносінах да свайго жыцця.
– Зараз рана цямнее, а пагуляць на вуліцы яшчэ хочацца. Тым больш, што дазваляе надвор’е, – адзначыў інспектар АДАІ Аляксандр ЕМЯЛЬЯНАЎ. – Таму абавязкова ў цёмны час сутак выкарыстоўвайце святлоадбівальныя элементы. Нават калі пасля школы ідзеце ў госці і ведаеце, што затрымаецеся, абавязкова вазьміце флікеры з сабой. Нагадайце пра гэта бацькам, старэйшым братам і сёстрам, сябрам. Не бойцеся прадэманстраваць для іх прыклад адказнасці за сваё жыццё і здароўе. У цемры чалавек, абазначаны флікерам, бачны вадзіцелям за 150-200 метраў, і гэтай адлегласці дастаткова, каб хутка адрэагаваць на дарожную сітуацыю.
Таксама Аляксандр Емяльянаў праверыў веды дзяцей па правілах дарожнага руху для пешаходаў і веласіпедыстаў, а старшы інспектар-інжынер ДСіСА райаддзела Дэпартамента аховы Сяргей АРАХОЎСКІ ўручыў хлопчыкам і дзяўчынкам флікеры з сімволікай установы.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара.