Прафесія земляроба як пакліканне
Механізатар СВК “Калгас “Радзіма” Юрый ЗАЙЦАЎ сціпла і коратка расказвае пра сябе і сваю працу.
Яму прасцей сесці ў кабіну трактара і бездакорна выканаць пастаўленую задачу. Што ён і робіць на працягу больш за 10 гадоў, за што і карыстаецца павагай калег і кіраўніцтва гаспадаркі. Больш за ўсё Юрыю падабаецца працаваць на зямлі.
Кожнае лета, 10-ты сезон запар, ён перасядае на камбайн, каб прыняць самы актыўны ўдзел у адным з галоўных перыядаў земляробчага сезона – жніве. Сёлета разам с напарнікам Уладзімірам ВАСІЛЬЕВЫМ яны занялі ІІ месца ў раённым спаборніцтве сярод экіпажаў камбайнаў.
На пытанне, якім павінен быць сапраўдны механізатар, Юрый Зайцаў адказвае.
– Церпялівым і, асабліва, працавітым.
У яго павінна быць любоў да зямлі, на якой працуе. Ён абавязаны сачыць за тэхнікай і ўхіляць непаладкі, каб яна не падводзіла.
У гэтыя дні Юрый заняты на ўздыме зябліва. Штодзённа на свой працоўны рахунак ён запісвае больш як па 25 га ворыва, што ў 2,5 раза больш за норму.
– Быць механізатарам, – расказвае Юрый, – і цяжка, і адказна, і цікава. Прафесія патрабуе дасканалых ведаў і ў механіцы, і ў агранаміі, але самае галоўнае – ёй трэба гарэць. Цяжкасці, звязаныя з хлебаробскай працай, забываюцца, калі бачыш вынік сваіх намаганняў.
Аліна ЦЫГАНІЙ.
Фота аўтара.