Час стаць прыкметным
Па 24 лістапада праходзіла маштабная інфармацыйная кампанія
“Час стаць прыкметным”. Мэта яе – папулярызацыя выкарыстання святлоадбівальных элементаў.
Карэспандэнт раённай газеты “Зара над Друццю” адправілася ў рэйд з супрацоўнікам ДАІ Міхаілам ФІЛЬЧАНКАМ, каб пабачыць, як выконваюць у цёмны час сутак патрабаванні ПДР пешаходы і вадзіцелі.
Згодна правіл дарожнага руху, пешаход павінен насіць флікер, калі рухаецца па праезнай частцы дарогі вечарам або раніцай. Гэта правіла распаўсюджваецца як на сельскую, так і гарадскую мясцовасці. Калі пешаход будзе знаходзіцца на дарозе без святлоадбівальных элементаў, заўважыць яго вельмі цяжка. Каб засцерагчы сябе, неабходна выкарыстоўваць флікеры. Рэкамендуецца адначасова насіць два і больш святлоадбівальныя элементы. Самыя дзейсныя – жоўтага або белага колеру.
За знаходжанне без флікера прадугледжаны папярэджанне або штраф у памеры адной бв. Калі парушэнне другое за год, сума павялічваецца да 3 базавых велічынь.
За час дзяжурства з супрацоўнікам ДАІ не сустрэлі ніводнага пешахода, які знаходзіўся на вуліцы без флікера. Пацікавілася ў інспектара, ці абазначаюць сябе ў цемры веласіпедысты.
– Так, у большасці выпадкаў усе святлоадбівальныя элементы ёсць і ў веласіпедыста, і на яго транспарце. Некаторыя яшчэ і ліхтары выкарыстоўваюць, – распавёў Міхаіл Фільчанка.
Аліна ЦЫГАНІЙ.
Фота аўтара.