Пільнасць нікому не шкодзіла б
Крадуць з лецішчаў. Трое жыхароў Магілёва, лецішчы якіх знаходзяцца ў сельскіх населеных пунктах нашага раёна, звярнуліся ў райаддзел міліцыі з просьбамі знайсці злодзеяў, што пашнырылі на іх сядзібах. Праводзіцца праверка.
У гаспадарцы спатрэбіцца. Бялынічанін вырашыў разжыцца мэбляй. Але, вядома ж, чужой. З магазіна “Хіт-экспрэс” ён вынес драўляную тумбу коштам больш за 100 рублёў.
Кіберзлачынства. Жыхарка райцэнтра паскардзілася праваахоўнікам на тое, што з яе банкаўскай карткі хтосьці скраў праз інтэрнэт больш за 450 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Жывёлы-злачынцы. Жыхарка Цяхціна патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла, што па вуліцы бегаюць сабакі, і яны задушылі ўжо 20 курэй.
Ілжэмайстры. Некалькі паведамленняў паступіла ў дзяжурную службу РАУС ад жыхароў вёсак Лебядзянкаўскага сельсавета. Да іх у госці завітвалі невядомыя, прадстаўляліся працаўнікамі раёна электрасетак і прапаноўвалі не танны рамонт электралічыльнікаў. “Майстры” ўстаноўлены.
Нячыстая на руку. Касір магазіна “Востраў чысціні” патэлефанавала праваахоўнікам і паведаміла, што адна з наведвальніц гандлёвай кропкі хацела скрасці бутэльку спіртнога. Нячыстая на руку жанчына атрымала адміністрацыйны пратакол.
“Пазвані мне, пазвані!” Больш за 290 званкоў паступіла ў ноч на 1 снежня на спецлінію РАНС па нумарах 101 і 112. Невядомы маўчаў у трубку і сваімі паводзінамі ствараў перашкоду працы ратавальнікаў. ААПП РАУС праводзіць праверку.
Ганна КАВАЛЁВА.