Больш за 20 гадоў адпрацавала паштальёнам бялынічанка Наталля СМАЛЯК
Больш за 20 гадоў адпрацавала паштальёнам бялынічанка Наталля СМАЛЯК.
Кожны дзень з цяжкай сумкай адольвае яна кіламетры гарадскіх дарог, каб даставіць адрасатам свежыя газеты, часопісы, пісьмы і паштоўкі, выплаціць пенсіі.
– Сваю працу вельмі люблю, – гаворыць Наталля Паўлаўна. – Доўгі час разносіла пошту па чацвёртым даставачным участку, у які ўваходзяць вуліцы Дайнекі, Мінская, Паркавая, Калініна і іншыя… Тут жыве шмат добрых людзей, з якімі заўсёды прыемна пагаварыць, падзяліцца навінамі. Зараз я знаходжуся на заслужаным адпачынку, але заўсёды знаходжу час, каб падмяніць сваіх калег.
Наталля Смаляк адзначае, што з усёй прэсы, якую яна разносіла падпісчыкам, самае важнае месца займала раёнка. Амаль 300 экзэмпляраў “Зары над Друццю” траплялі з яе рук у дамы бялынічан.
– Наша газета па-асабліваму цёплая і блізкая, – гаворыць паштальён. – Можа, таму, што выходзіць на роднай мове, а можа, што – свая. Мне прыемна прыносіць часцінку душэўнасці сваім падпісчыкам!
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара.