Акунуцца ў палонку і не патрапіць да ўрача

Традыцыйнае на працягу многіх гадоў вадахрышчанскае купанне – вялікая падзея для праваслаўных хрысціян. Аднак не заўсёды людзі дакладна ацэньваюць свае сілы, калі акунаюцца ў халодную ваду, бо гэта вялікі стрэс для арганізма.

У першую чаргу варта адзначыць, што сёлета хворыя павінны пачакаць са сваім акунаннем у  купель або палонку да наступнага года. Усе хранічныя хваробы пры такім холадзе толькі абвострацца. Дзеці, якія да гэтага нічога не ведалі аб загартоўванні, людзі з гіпертаніяй, дыябетам, хворыя на сухоты і цяжарныя – усе яны ўваходзяць у групу рызыкі.

Перад тым, як акунуцца ў купель на Хрышчэнне, прытрымлівайцеся некаторых правілаў. За пару гадзін да выхаду з дому не забудзьцеся добра паесці. Як вядома, ежа – гэта энергія, а яна вам вельмі спатрэбіцца. Надайце ўвагу выбару гардэробу. Падрыхтуйце не толькі цёплую і зручную вопратку, але і такую, якую лягчэй апрануць, каб, выйшаўшы з вады, вы не змерзлі.

Таксама абавязковы атрыбут – шапка. Пажадана мець гумовы дыванок, каб пры пераапрананні не ўпасці. Не забывайце, што хадзіць па холадзе басанож – вельмі небяспечна. Так што захапіце абутак і цёплыя вайняныя шкарпэткі.

Не апускайцеся пад ваду з галавой. Шок ад холаду – рэальная праблема, якая ўзнікае з-за імклівай змены тэмпературы цела. Разам з тым, не бойцеся і адразу заходзьце ў ваду на патрэбную глыбіню, але лепш не плавайце, бо з-за холаду і так пачашчаецца сэрцабіцце. У палонцы непажадана знаходзіцца больш за 1 хвіліну.

Як толькі выйшлі з вады, сагрэйцеся: расцярыце сябе ручніком, пераапраніцеся ў сухое, выпіце гарачага чаю ці каву, але не алкаголь. Дарэчы, ужыванне падобнага напою пасля акунання ў палонцы – не лепшая дапамога вашаму арганізму. Яно дае часовае адчуванне цяпла з-за пашырэння сасудаў, але балюча б’е па сэрцы.

Першыя прыкметы таго, што арганізм знаходзіцца ў стане шоку, – дрыжыкі, пасінелыя скура, вусны, боль у пальцах рук і ног. Калі ўсё гэта праяўляецца ў лёгкай ступені, дапамогуць інтэнсіўныя фізічныя практыкаванні. У выпадку сярэдняга і цяжкага пераахалоджання трэба расцерці адкрытыя ўчасткі цела, а дома захутацца ў коўдру і прылегчы.

У любым выпадку самалячэнне і дапамога некваліфікаванага чалавека пагражае вялікай рызыкай. Таму даверцеся прафесіяналам.

Не забывайце аб тым, што вы ўсё ж купаецеся не летам. І тут дзейнічаюць тыя ж правілы, што і ў час зімовай рыбалкі. Купанне дзяцей – толькі пад наглядам бацькоў ці дарослых. Заходзіць за спецыяльныя агароджы, прыводзіць з сабой жывёлу – забаронена.

Як бачна, выконваць гэтыя правілы не вельмі складана. Галоўнае – памятаць, што бяда заўсёды прыходзіць да тых, хто яе не чакае. Супрацоўнікі РАНС жадаюць вам і вашым блізкім толькі бяспечнага акунання ў ваду.

                     Кацярына МЯДЗВЕДЗЕВА,

                     інспектар СПіУГ РАНС.

 

Print Friendly, PDF & Email