Па штогадовай студзеньскай традыцыі ў мінулую суботу працаўнікоў БУКП “Жылкамгас” сабрала зімовая спартакіяда
Па штогадовай студзеньскай традыцыі ў мінулую суботу працаўнікоў БУКП “Жылкамгас”
сабрала зімовая спартакіяда, сёлета — дзявятая па ліку.
Спецыялісты прадпрыемства і члены іх сем’яў паказалі сваю хуткасць і спрыт падчас кросу, бегу ў мяшках і з абручамі. Найбольш трапных удзельнікаў выявілі спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і кіданні дроцікаў па мішэні, дужых — падыманне гіры, а самыя таленавітыя і творчыя прадэманстравалі свае здольнасці ў конкурсе мастацкай самадзейнасці.
Як адзначыў намеснік дырэктара жылкамгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр АСІПЁНАК, неабходнасць развіцця карпаратыўнага духу ў калектыве не выклікае сумненняў, бо, як нішто іншае, ён гуртуе. Такія мерапрыемствы, безумоўна, гэтаму садзейнічаюць. А спорт выхоўвае ў чалавеку самыя лепшыя якасці, у тым ліку мэтанакіраванасць і ўменне працаваць у камандзе, якія дапамагаюць нашым супрацоўнікам дасягнуць перамог не толькі ў спартыўнай, але і ў сваёй працоўнай дзейнасці.
Напрыканцы свята самыя актыўныя, спартыўныя і творчыя яго ўдзельнікі атрымалі ад прадпрыемства дыпломы і грашовыя заахвочванні. Сярод іх Андрэй САПАТАЎ, якому не было роўных па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і кросе. Адразу ў некалькіх намінацыях прызавыя месцы занялі Мікалай ЦЫБУЛЬСКІ, Андрэй ЖДАНОВІЧ, Рыгор КАРАЛЁНАК, Віталь РАГАЛЬСКІ, Алена АСІПЁНАК, Алена АРЛОЎСКАЯ, Аксана ГОЛУБ і інш.
Нягледзячы на халоднае надвор’е цёплая сямейная атмасфера панавала на працягу ўсяго свята, кожны ўдзельнік якога змог актыўна адпачыць, зарадзіцца бадзёрасцю, добрым настроем і пранікнуцца пачуццём сапраўднага карпаратыўнага адзінства.
Вольга НАБОКАВА.
Фота аўтара.