Бялынічанін Сяргей АРЦЁМАЎ — адзін з тых, каму амаль што два гады давялося правесці ў рэспубліцы Афганістан, выконваючы свой інтэрнацыянальны абавязак.

Нарадзіўся Сяргей Барысавіч у 1965 годзе ў Вялікім Кудзіне, скончыў школу-васьмігодку, затым быў залічаны ў тадышняе СПТВ-40, дзе атрымаў спецыяльнасць механізатара. У верасні 1983 года яго прызвалі да праходжання тэрміновай ваеннай службы.

— Першыя тры месяцы прайшлі ў вучэбным палку ў горадзе Тэрмез, што на мяжы Узбекістана, — расказвае Сяргей Арцёмаў. — Затым у якасці гранатамётчыка трапіў у каменданцкую брыгаду забеспячэння бесперабойнага руху праз перавал Саланг, дзе праходзіла гэтак званая “Дарога жыцця”. Менавіта па ёй у Кабул дастаўляліся паліва, баепрыпасы, медыкаменты і харчаванне. Наша задача заключалася ў ахове калон грузавікоў ад абстрэлу. Таксама сачылі за бяспекай трубаправодаў з палівам, што праходзілі побач.

— Ведаеце, нічога звышнатуральнага ў Афгане не рабіў, — дадае Сяргей Арцёмаў. — Проста, кожны дзень выконваў свае службовыя абавязкі. Дзякуй Богу, за час службы не давялося страчваць таварышаў. Ці было страшна? Было. Асабліва, калі яшчэ зусім юнаком перасякаў афганскую граніцу з аўтаматам у руках, не ведаючы, што будзе далей. А па шляху наводзілі жах спаленыя аўтамабілі і іншыя рэчы, якія сведчылі аб тым, што тут ідзе вайна. Было страшна, калі рухаліся ў бок граніцы ўжо на зваротным шляху, у апошні дзень знаходжання ў Афганістане. Ехаў з адной думкай: толькі б нічога не здарылася. А ўвогуле, кожны дзень заступаў на службу  і марыў хутчэй вярнуцца дадому.

Шчаслівымі днямі для ўсіх нас былі аўторак і пятніца, калі салдаты адпраўляліся за 30 кіламетраў ад месца распалажэння нашага батальёна на пошту, каб адправіць лісты дадому і атрымаць іх ад сваіх бацькоў, якія, канечне, з нецярпеннем чакалі нас з арміі. Той вялікі стос лістоў і дагэтуль захоўваецца ў роднай хаце.

З мясцовым насельніцтвам адносіны ў нас склаліся сяброўска-нейтральнымі. Сустракалі яны савецкіх салдат ветліва. Трэба сказаць, я заўсёды праяўляў цікаўнасць да ўсяго новага, таму іншая прырода, звычаі мусульманскага народа, іх погляды на жыццё і яго ўклад мяне дзесьці нават прываблівалі.

Па вяртанні на Радзіму Сяргей Арцёмаў амаль адразу паехаў вучыцца ў Мінск, скончыў сельскагаспадарчы тэхнікум. Затым некалькі гадоў узначальваў маладзёжны цэнтр пры райкаме камсамола. Пасля яго расфарміравання перайшоў у райаграпрамтэхзабеспячэнне і на працягу 13 гадоў працаваў на розных пасадах. Апошнія паўтара года робіць ветурачом-радыёлагам райветстанцыі.

Пра службу ў Афганістане Сяргей Барысавіч успамінае часта.

— Сябрую з Валерыем ЯЗЕРСКІМ з Чавусаў. З ім разам служылі ў вучэбным палку. Сувязь з ім на доўгі час была страчана, пакуль, вы толькі ўявіце сабе, у 2010 годзе ён выпадкова ў размове з нашым агульным знаёмым даведаўся, што я сусед апошняга, — усміхаецца воін-інтэрнацыяналіст. — Калі Валера мне патэлефанаваў, я, канечне, не пазнаў яго, усё ж 20 гадоў прайшло. Але з тае пары мы пастаянна на сувязі.

Вольга НАБОКАВА.

Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email