Сёння стане вядомы прадстаўнік Беларусі на “Еўрабачанні-2020”
Прамую трансляцыю фінала нацыянальнага адборачнага тура тэлеканалы “Беларусь 1” і “Беларусь 24” пачнуць весці ў 22.00, паведаміла кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана СМАЛОНСКАЯ-КРАСКОЎСКАЯ.
Пераможцу выберуць шляхам падсумоўвання галасоў прафесійнага журы і гледачоў. Ён атрымае права прадстаўляць Беларусь на “Еўрабачанні-2020”, спецыяльную ўзнагароду – стылізаванае “еўравізійнае” сэрца, а з 1 сакавіка стане героем “Дзённікаў “Еўрабачання”, якія будуць выходзіць на “Беларусь 1” штотыдзень па нядзелях аж да фіналу Міжнароднага конкурсу ў Ратэрдаме.
Падрыхтоўку і правядзенне нацыянальнага адбору ажыццяўляюць Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза і Міністэрства культуры, якое выступае суарганізатарам.