Темы

Кожны баявы выезд як дарога ў невядомасць

Напачатку 2019 года МНС сумесна са СМІ распачалі творчы праект  #МНСДапамогапобач, які распавядае аб людзях, што прысвяцілі сябе адной важнай справе – абароне нашай краіны і грамадзян ад надзвычайных сітуацый.

Героі чарговай публікацыі – асабовы склад каравула першай дзяжурнай змены ПАВЧ № 1 РАНС.

Каравуласноўнае тактычнае падраздзяленне МНС, здольнае самастойна вырашаць баявыя задачы ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі.

Кіруе асабовым складам падраздзялення капітан унутранай службы, ратавальнік з 20-гадовым стажам Арцём РЫБАКОЎ. Яго запаветнай дзіцячай марай было стаць вайскоўцам, успамінае Арцём Мікалаевіч. З ранніх гадоў ён загартоўваў сваё цела і характар да будучых выпрабаванняў службы, але лёс распарадзіўся іначай. З паступленнем у сувораўскае вучылішча пасля заканчэння Галоўчынскай 11-годкі проста… спазніўся. Прыём дакументаў скончыўся яшчэ вясной.

Падчас тэрміновай службы ў войску хацеў там і застацца, але муж старэйшай сястры пераканаў яго выбраць прафесію ратавальніка. Ён на той час быў начальнікам каравула ў ПАВЧ Магілёўскага раёна. Так учарашні вайсковец стаў камандзірам аддзялення асобнага пажарнага паста ў в. Салтанаўка. Праз некаторы час паступіў завочна ў Камандна-інжынерны інстытут МНС, які паспяхова і скончыў.

Па службе прыйшлося змяніць многа працоўных месцаў, але з 2016 года Арцём Рыбакоў затрымаўся на пасадзе начальніка каравула ў РАНС.

Камандзір аддзялення Павел ПАЎРАКАЎ служыць ратавальнікам 9 гадоў. Яго першае працоўнае месца – менавіта Бялыніцкі РАНС. Хоць Павел жыве ў Магілёве, адлегласць да працы больш за 40 кіламетраў для яго не перашкода.

– Быць ратавальнікам – мара дзяцінства, якая ўвасобілася ў жыццё, – гаворыць Павел. – У нас добры, згутраваны калектыў, які заўсёды падтрымае, падставіць плячо.

Зараз Павел Паўракаў выконвае самую адказную частку працы ў каравуле – абавязкі дыспетчара ЦАК, пакуль асноўны працаўнік, адзіная дзяўчына ў калектыве, знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку.

– Людзі, якія тэлефануюць у РАНС аб надзвычайным здарэнні, знаходзяцца пад вялікім эмацыянальным узрушаннем, таму дыспетчар павінен даведацца як мага больш інфармацыі за максімальна кароткі час, – распавядае Павел. – Пасля таго, як званок будзе прыняты, трэба ў такі ж сціслы тэрмін адправіць падраздзяленне на месца пажару, апавясціць службы сумеснага рэагавання: міліцыю, хуткую…

Самае страшнае слова для ратавальнікаў – “магчыма”. Калі да іх паступае паведамленне: у памяшканні, дзе адбываецца пажар, магчыма, знаходзяцца людзі, жывёла, выбухованебяспечныя прадметы і г.д., нельга нават уявіць, чым можа скончыцца гэта надзвычайная сітуацыя.

Часта дыспетчару тэлефануюць вяскоўцы, што да іх на двор забегла дзікая жывёла, просяць зняць гняздо з небяспечнымі насякомымі ці адамкнуць зачыненыя дзверы ў кватэру…

– Неяк патэлефанавала дзяўчынка, якая хацела падвысіць сабе тэмпературу і прапусціць заняткі ў школе. У каструлю з гарачым супам яна апусціла тэрмометр, і той там трэснуў, – успамінае ратавальнік. – Дзяўчынка не разгубілася, адразу ж патэлефанавала ў РАНС. Суп своечасова рэквізавалі разам з посудам. Ніхто не пацярпеў.

Сваім дзецям Павел Паўракаў абавязкова будзе прывіваць правілы захавання бяспекі, тым больш, ён нядаўна стаў бацькам першынца.

Мэтанакіравана звязаў сваё жыццё з пажарнай службай бялынічанін Дзмітрый ГУМАР. 8 гадоў назад ён прыйшоў на службу ў РАНС вадзіцелем пажарнага аўтамабіля. Зараз працуе камандзірам аддзялення.

Дзмітрый прызнаецца, што кожны раз, адпраўляючыся на выклік, не стрымлівае хвалявання: баявы выезд як дарога ў невядомасць. Стрэсавы стан ратавальнік паспяхова здымае ў спартыўнай зале. З дзяцінства Дзмітрый займаўся рукапашным боем, боксам, гіравым спортам. Свае навыкі адточвае і зараз.

Дзмітрый Гумар уваходзіць у склад каманды РАНС на выступленнях па мнагабор’і ратавальнікаў. Там патрэбна не толькі выдатная фізічная падрыхтоўка, а яшчэ і навыкі альпінізму, дасканалае валоданне аварыйна-выратавальным інструментам. Падчас абласных спаборніцтваў наша каманда неаднаразова займала прызавыя месцы. Асабісты рэкорд Дзмітрыя: на першынстве па валоданні бензарэзам ён справіўся з заданнем – філігранна перарэзаў металічную трубу за 47 секунд, хоць нават самым высокапрафесійным спецыялістам спатрэбілася некалькі хвілін.

Рука аб руку нясуць службу камандзір аддзялення Аляксандр КАСТРОЎ, вадзіцелі Аляксандр МІНКЕВІЧ і Віктар СНЫТКО, пажарныя Ілья ПАЎЛАЎ, Яўген ТАЛІМАНАЎ і самы малады з іх – Вадзім МАРКЕВІЧ. Кожны з іх зрабіў свядомы высакародны жыццёвы выбар – быць ратавальнікам, бо староннія людзі ў гэтай прафесіі проста не затрымліваюцца.

             Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

            Фота аўтара.

Последние новости

Новости района

В Белыничском районе прошла акция по благоустройству криниц

29 мая 2025
Читать новость
Общество

Отвечают судебные эксперты. Розетки и вилки: как не допустить пожар

29 мая 2025
Читать новость
Новости района

Прокуратура информирует: хулиганство обернулось общественными работами и принудительным лечением от алкоголизма

29 мая 2025
Читать новость
Новости района

О творческих планах и человеческом счастье Светиловичских рукодельниц. Рассказываем

29 мая 2025
Читать новость
Президент

Лукашенко предложил бесплатно отдавать в собственность работникам жилье. Кого это касается и о чем речь?

29 мая 2025
Читать новость
РОВД информирует

Работа как щит: Профилактика правонарушений через трудоустройство

29 мая 2025
Читать новость

Рекомендуем