Бацька бялынічаніна Мікалая МАРДАЧОВА, Васіль Пракопавіч, які нарадзіўся ў вёсцы Сныткі, у юным узросце са зброяй у руках адстойваў незалежнасць краіны.
У цяжкі для Айчыны час ён, не раздумваючы, уступіў у шэрагі народных мсціўцаў 600-га партызанскага палка. Васіль Пракопавіч з’яўляўся кулямётчыкам, камандаваў падрыўной групай. Не аднойчы знаходзіўся на валаску ад смерці, быў паранены.
Аб мужнасці Васіля Мардачова сведчаць яго ўзнагароды ваеннага часу – медалі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.”, “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.”.
Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Васіль быў залічаны ў адну са знішчальных груп, што складалася з нядаўніх партызан, якая вылоўлівала па лясах фашыстаў, паліцаеў.
Потым вучыўся ў партыйнай школе. Прайшоўшы паскораны курс навучання, Васіль Пракопавіч апынуўся ў толькі што вызваленай ад немцаў Заходняй Беларусі, займаў адказную пасаду ў Сапоцькінскім райкаме партыі, што на Гродзеншчыне, у памежжы Польшчы і Літвы. Там таксама нядаўняму партызану давялося напоўніцу хлебануць ліха. Для прыкладу, толькі шчаслівыя выпадковасці некалькі разоў ратавалі яго ад немінучай смерці.
У 1951 годзе Васіль Пракопавіч, абзавёўшыся ўжо сям’ёй, вярнуўся на сваю малую радзіму, якую яшчэ зусім нядаўна бараніў ад фашыстаў. Працаваў у падатковай інспекцыі, райзагу, гарпа, загадваў райфінаддзелам, з’яўляўся намеснікам дырэктара вучылішча.
Вось ужо 32 гады няма сярод жывых ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Пракопавіча Мардачова. Але памяць пра яго жыве ў сэрцах нашчадкаў, якія адчуваюць кроўную знітаванасць уласнага роду з мінуўшчынай сваёй Бацькаўшчыны, гісторыяй Беларусі. Памяць пра яго таксама жыве і ў сэрцах удзячных землякоў.
Міхась КАРПЕЧАНКА.
Фота аўтара.