У сацыяльнай сетцы Instagram пры падтрымцы актывістаў РК ГА “БРСМ” прайшоў прамы эфір з інжынерам РАНС Ільём ЦІКУНОВЫМ.
Трансляцыя мерапрыемства па прафілактыцы дзіцячага траўматызму адбывалася ў рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Не пакідайце дзяцей адных”.
Падчас прамога эфіру Ілья Уладзіміравіч распавёў пра асноўныя прычыны дзіцячых траўм, параіў бацькам быць больш уважлівымі ў адносінах да сваіх дзяцей і прывёў статыстыку гібелі малых ад розных прычын. Таксама ён адказаў на пытанні ўдзельнікаў інтэрнэт-трансляцыі.
Самыя цікавыя з іх прывядзём ніжэй.
– Што такое “БМГАВП” і як туды ўступіць?
– “БМГАВП” – гэта Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя ратавальнікаў-пажарных. Уступіць у яе могуць усе жадаючыя маладыя людзі з 16 гадоў (да 16 – з дазволу бацькоў). Пярвічкі гэтай арганізацыі дзейнічаюць у школах раёна і ў Бялынічах. Разам мы праводзім шмат цікавых мерапрыемстваў, конкурсаў, напрыклад, КВЗ “Юныя ратавальнікі жартуюць”, злёт юных ратавальнікаў і інш.
– Што самае складанае ў вашай працы? А што самае цікавае?
– Самае цікавае – гэта прафілактычныя мерапрыемствы, падчас якіх гутарым з людзьмі, тлумачым, наколькі важна выконваць патрабаванні пажарнай бяспекі, расказваем, як гэта рабіць.
На жаль, ёсць людзі, якія дагэтуль не ведаюць на памяць тэлефоны ратавальнікаў. Здаецца, самыя элементарныя рэчы.
Самае складанае, вядома ж, – выезд на розныя надзвычайныя здарэнні. Бачыць гора людзей, прапускаць яго праз сябе – усё гэта вельмі складана.
– Ці ёсць сярод пажарных жанчыны?
– Жанчыны ёсць, але яны не задзейнічаны ў тушэнні пажараў. Гэта ўсё ж мужчынскі абавязак. Жанчыны працуюць на іншых пасадах, якія не звязаны непасрэдна з ліквідацыяй надзвычайных здарэнняў.
– Як трэба дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі? Прывядзіце прыклады.
– Галоўнае, не панікаваць і адэкватна ацаніць абстаноўку. Найбольш распаўсюджаны ў нас пажары. Калі вы заўважылі загаранне, неабходна прыняць усе меры, каб ліквідаваць пажар на пачатковай стадыі. Ёсць магчымасць – паклічце на дапамогу. Абавязкова патэлефануйце ратавальнікам па нумарах 101 і 112 і паведаміце, што і дзе гарыць, ваша прозвішча і нумар тэлефона.
Напрыклад, вы зайшлі на кухню, а там усё задымлена, не бачна, што гарыць. Трэба шчыльна зачыніць дзверы, каб не дапусціць прытоку паветра, і адразу ж тэлефанаваць пажарным.
– Куды рабятам, якія жадаюць атрымаць прафесію ратавальніка, можна паступіць вучыцца?
– Паступіць можна ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Беларусі. Для гэтага неабходна здаць ЦТ па рускай/беларускай мовах, фізіцы і матэматыцы, прайсці ваенна-ўрачэбную камісію. Падрабязная інфармацыя аб паступленні ёсць на сайце ўніверсітэта.
Пасля 7 класа рабяты могуць паступіць у Гомельскі абласны ліцэй пры УГА МНС.
Тыя маладыя людзі, якія скончылі навучальную ўстанову тэхнічнага профілю, адслужылі ў арміі і жадаюць уліцца ў дружны калектыў РАНС, могуць прыйсці да нас на службу ў любы час.
Вікторыя ГРЫБКОВА,
вучаніца 11 класа СШ № 1 імя М.І. Пашкоўскага.