Днямі ў рэдакцыю раённай газеты патэлефанавала стараста вёскі Станцыя Друць Фядора МАНЁНАК. Жанчына распавяла аб дрэнным стане дарог у яе паселішчы. Карэспандэнт раённай газеты адправілася на месца, каб на ўласныя вочы пабачыць, што ж там адбываецца.

Рэдакцыйная “Лада” хутка даімчала да вёскі па трасе, але калі дабіраліся да чыгуначнай станцыі “Друць”, дзе была прызначана сустрэча са старастай, аўтамашына патрапіла ў лужыну і некалькі разоў прыняла душ.

– Ад павароту, дзе спыняецца аўтобус, і да будынка вакзала крыху больш за 20 метраў, – гаворыць Фядора Манёнак. – Але, каб пасажырам пераадолець іх, трэба, хіба што, навучыцца лётаць.

Сапраўды, адзіная дарога, якая вядзе да станцыі, нагадвае амерыканскія горкі. Дажджлівай зімой, вясной і восенню яна ўвогуле становіцца падобнай на каскад сажалак. Пасля добрага дажджу пасажырам, якія сыходзяць з цягніка, трэба ці мясіць гразь, пракладваючы сцежкі па абочыне, ці веславаць па лужах на сваіх дваіх.

Раней, распавяла Фядора Манёнак, вакол станцыі была працяглая паласа адводу, работнікі чыгункі даглядалі і дарогу, і інфраструктуру вакол яе. З цягам часу гэтыя землі былі перададзены нашаму раёну.

– Калі б высыпаць на гэтыя праблемныя 20 метраў некалькі машын гравію, то пытанне з лужынамі вельмі хутка вырашылася б, але хто гэта зробіць? – пытаецца Фядора Міхайлаўна. – Яшчэ адна бяда – на аўтобусным прыпынку няма альтанкі, каб укрыцца ад дажджу і ветру. А штодзень адсюль, акрамя дарослых, ездзяць восем школьнікаў. Я выступіла з прапановай, каб дзеці чакалі аўтобус пад навесам чыгуначнай станцыі, аўтобус мог бы праязджаць крышку далей і іх забіраць. Дый толькі праз гэтыя лужы яму не перабрацца.

…Фядора Манёнак выконвае абавязкі старасты вёскі ўжо больш за 20 гадоў. Да гэтага яна працавала начальнікам станцыі “Друць”, а цяпер 17 гадоў знаходзіцца на заслужаным адпачынку. За той час, што нясе грамадскую нагрузку, дапамагла вырашыць нямала праблем, якія хвалявалі яе аднавяскоўцаў, няма пытанняў з паштовым і медыцынскім абслугоўваннем, але з сумам дадае, што праблема з дарогамі і сапраўды накіпела.

КАМЕНТАРЫЙ

Аляксандр ЦЫБУЛЬСКІ,

старшыня Цяхцінскага сельсавета:

– На той час, калі праводзіліся планавыя работы па добраўпарадкаванні вуліц вёскі Станцыя Друць, гэты ўчастак дарогі быў у здавальняючым стане. Зараз, вядома, патрабуецца рамонт. Пытанне ўзята на кантроль, адпаведныя запыты накіраваны на разгляд камісіі райвыканкама, якая займаецца пытаннямі па ўтрыманні і развіцці дарожнай інфраструктуры ў сельскай мясцовасці, і БУКП “Жылкамгас”, на балансе якога знаходзіцца ўказаная дарога. Па інфармацыі дырэктара арганізацыі Віктара ІВУЛЁВА, рамонтныя работы па вуліцы Вакзальная запланавана выканаць да кастрычніка бягучага года.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

Фота аўтара.

 

 

 

Print Friendly, PDF & Email