Так можна назваць Цяхцінскі філіял дзіцячай школы мастацтваў, у якім займаюцца 39 дзяцей.
Хачу правесці экскурсію па незвычайных класах ДШМ і ў часе гэтага падарожжа стану на некалькі хвілін карэспандэнтам.
Адчыняю высокія масіўныя дзверы будынка школы мастацтваў і прама ў калідоры на вочы трапляюць шматлікія вучнёўскія дыпломы і падзякі за ўдзел у разнастайных мерапрыемствах і конкурсах. З цікаўнасцю разглядаю фотаздымкі канкурсантаў і літаральна заміраю перад афішамі тэатральнага аддзялення: “Чырвоны Капялюшык”, “Новы Калабок”, “Кветкі пад ліўнем”… Гэтыя пастаноўкі дзеці і педагогі развучылі за апошні час.
Заходжу ціхенька ў клас, каб не перашкодзіць заняткам па сцэнічнай мове, і чую выразнае вымаўленне скорагаворак:
– На двары трава, на траве дровы…
– Кукушка кукушонку купила капюшён…
– Карл у Клары скраў каралы…
Гэта малодшая група тэатральнага аддзялення шліфуе дыкцыю. А вось па абодва бакі стала сёлетнія выпускнікі ДШМ паўтараюць маналог В.Гафта “Тэатр”.
Міжволі падумалася: як у сапраўдным тэатры! У наступным навучальным годзе дзеці абавязкова пакажуць свае галоўныя спектаклі – па п’есе беларускага драматурга Л.Рублеўскай “Янук, рыцар Мятлушкі” і на рускай мове – “Волшебник изумрудного города”. У пастаноўках заняты ўсе 16 навучэнцаў тэатральнага аддзялення.
З кабінета насупраць даносяцца чароўныя гукі музыкі. П’еса наскрозь пранізана вясновым настроем, радасцю абуджэння прыроды і жыцця. На акардэоне выконвае “Грацыэлу” Аліна ЗАЛАТУХІНА, выхаванка настаўніцы Іны ШТРУБА.
– Аліна, – пытаюся ў дзяўчынкі, – раскажы, як трапіла на інструментальнае аддзяленне ДШМ?
– Займацца музыкай марыла даўно, яшчэ ў малодшых класах хацела навучыцца іграць на гітары, але паколькі класа па гэтым інструменце не было, мама параіла паспрабаваць асвоіць акардэон.
– Не шкадуеш?
– Ніколечкі. Вельмі люблю музыку. Мне падабаецца іграць у ансамблі са сваёй настаўніцай. Разам мы выконвалі кампазіцыю з оперы А. Рыбнікава “Юнона і Авось”, а цяпер рыхтуем музычны твор з кінафільма “А зори здесь тихие”.
– Ты выдатніца, удзельніца і лаўрэатка музыкальных конкурсаў, а яшчэ і пераможца раённай алімпіяды па беларускай мове. Як усё паспяваеш?
– Думаю, дапамагае музыка. Пасля ўрокаў абавязкова прысвячаю час любімаму захапленню.
У кабінет харэаграфіі забягае некалькі дзяўчынак у балетных касцюмах. Харэограф Ала КУШНЯРОВА працуе разам з імі над танцам “Бульба – хоп”. Дзеці з задавальненнем выконваюць танцавальныя эцюды, паўтараюць жвавыя рухі гэтага беларускага танца, шчыра ўсміхаюцца. Яны радуюць бацькоў і гледачоў добрым настроем і яркімі выступленнямі. Сапраўды, канцэрты філіяла дзіцячай школы мастацтваў высока ацэньваюць не толькі бацькі, але і ўсе жыхары нашага аграгарадка. А дзеці з радасцю займаюцца творчасцю. Школа мастацтваў не толькі развівае творчыя здольнасці вучняў, але і выхоўвае ў іх разуменне прыгожага, сапраўдныя высокія пачуцці.
Вольга АСТАФ’ЕВА,
педагог дадатковай адукацыі ДШМ.
Фота з архіва ДШМ.