Темы

А там яго чакае поле

У СВК “Калгас “Радзіма” шчыруе шмат рупліўцаў, імёны якіх часта ўпамінаюцца на першых палосах нашай раённай газеты. Не выключэнне ў гэтым спісе і моладзь.

На гадзінніку пачатак шостай раніцы. Як хочацца яшчэ крышачку затрымацца ў сне! Ды толькі сонца прачнулася першым, і промні яго нясмела зазіраюць праз фіранкі ў дом. Усе яшчэ спяць, таму Уладзімір КАЗАКОЎ ціха, каб не пабудзіць родных, снедае, парадкуе сваю невялікую дамашнюю гаспадарку, курэй, трусоў, і спяшаецца на працу.

Ужо амаль 16 гадоў шчыруе ён механізатарам у СВК “Калгас “Радзіма”. Перад тым, як выйсці з дому, зазірае ў дзіцячы пакой. Позірк затрымліваецца на сыночку Дзімку і дачушках Насці і Сашы. Яны, бесклапотныя, соладка спяць у сваіх ложках. Увечары малыя з радасцю сустракаюць бацьку, расказваюць яму ўсе навіны, што адбыліся за дзень. Ад іх мітусні, бывае, нават галава кружыцца, але гэтыя гадзіны ў коле блізкіх самыя цёплыя і важныя. Цікава, кім яны захочуць стаць, калі вырастуць?

Уладзімір Казакоў нядоўга вагаўся з выбарам будучай прафесіі. Яго бацькі ўсё жыццё працавалі ў СВК “Калгас “Радзіма”, і ён амаль адразу пасля школы прыйшоў у гаспадарку механізатарам.

Намеснік старшыні сельгасарганізацыі па раслінаводстве Барыс САФОНАЎ размяркоўвае нарады. Сёння Уладзімір будзе загортваць у палімерную плёнку рулоны з сенам на полі каля аграгарадка Вішоў. Трактар МТЗ 1221 імгненна адклікаецца на паварот ключа. І не дзіўна. За тэхнікай у сельгаскааператыве працаўнікі сочаць уважліва, таму паломкі здараюцца рэдка. І служыць тэхніка сваім гаспадарам не адно дзесяцігоддзе. У зімнія месяцы механізатары робяць дэтальны агляд і рамонт як самой тэхнікі, так і прычапнога абсталявання да яе.

Напачатку чэрвеня ў гаспадарцы поўным ходам ідзе нарыхтоўка травяных кармоў. Зараз штодзень Уладзімір на прэс-падборшчыку CRONE загортвае ў плёнку больш за 200 рулонаў сена. На летнім лагодным паветры яно хутка сохне, таму трэба спяшацца.

Навакольныя палі механізатар ведае як свае пяць пальцаў. Зусім нядаўна, вясной, праводзіў тут мінеральную падкормку, а вось цяпер трава вырасла ледзь не ў пояс. Пройдзе яшчэ некалькі тыдняў, і трэба будзе ўбіраць другі ўраджай шматгадовых траў.

Час да абеду пралятае хутка. Гарачую ежу для працаўніка дастаўляюць прама ў поле. Перакус, кароткі адпачынак – і ён зноў сядае за руль. Па гатовыя рулоны з сенам прыязджаюць трактары і пагрузчык. Праз якую гадзіну свежыя кармы будуць на ферме.

Пасля касьбы наступіць гарачая пара ўборкі хлеба. Там Уладзімір Казакоў будзе заняты на прэсаванні саломы, адвозе збожжа, а потым зоймецца ворывам. Да кожнай справы здатныя яго працавітыя рукі.

Старанная праца механізатара неаднаразова была адзначана кіраўніцтвам СВК “Калгас “Радзіма” ў выглядзе грамат, грашовых прэмій. Некалькі гадоў таму ў складзе дэлегацыі калгаснай моладзі ён адпачываў у Егіпце. Таксама сям’я Казаковых карыстаецца ўсімі прэферэнцыямі, якія сельгаскааператыў прадастаўляе для моладзі.

…Вечарэе. Сонца апускаецца ўсё ніжэй, чапляючыся сваёй залацістай каронай за вострыя верхавіны лесу. У кішэні Уладзіміра звініць мабільнік. На сёння працоўнаму дню дадзены “адбой”.

Ставячы трактар на машынны двор і парадкуючы прычапное абсталяванне, ловіць сябе на думцы, што за насычаны працоўны дзень паспеў засумаваць па сям’і, сціплай усмешцы жонкі Інэсы, абдымках малых. Уладзімір уяўляе, як усе разам будуць сядзець за сталом, дзеці наперабой пачнуць распавядаць свае навіны. І ад гэтай мроі на душы становіцца радасна, лёгка і на дзіва спакойна.

                     Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

                        Фота Аліны ЦЫГАНІЙ.

Последние новости

Новости Беларуси

Мирная дипломатия Беларуси: Защита суверенитета и исторической правды в условиях глобальных вызовов

23 мая 2025
Читать новость
Новости района

Как будут работать летние лагеря в Белыничском районе? Рассказываем.

23 мая 2025
Читать новость
Новости района

Пионерский фестиваль прошёл в Белыничах. Смотрите, как это было

23 мая 2025
Читать новость
Новости района

Итоги года и новые задачи: заседание Белыничской райорганизации профсоюза работников АПК

22 мая 2025
Читать новость
Новости Беларуси

В школах Беларуси с 1 сентября запретят пользоваться мобильными телефонами

22 мая 2025
Читать новость
Президент

Ответственность нанимателей за иностранных работников введена в Беларуси указом Президента

22 мая 2025
Читать новость

Рекомендуем