Уважлівасць, адказнасць і клапатлівасць. Такія якасці павінны быцьу добрага жывёлавода.
Вырашыўшы пагрузіцца ў гэты цікавы свет, карэспандэнт раёнкі адклала ў бок нататнік і ручку і на цэлы дзень узброілася пугай.
Мая просьба навучыць асновам прафесіі пастуха Вялікатрылесінскага МТК ААТ “Бялынічы” Алега ЗЫЧКОВА крыху здзівіла. Але ён усё ж такі прымае мяне падручным работнікам і “прызначае” падпаскам. Далёкая ад вясковага жыцця, кароў я асцерагаюся і зусім не разумею, што з імі рабіць. Алег Пятровіч цярпліва ўсё тлумачыць. Па-першае, пуга мне патрэбна не для таго, каб палохаць жывёлу, а накіроўваць яе, куды трэба.
– Калі я гнаў першы раз кароў, таксама баяўся, а раптам кінуцца ў розныя бакі? – з усмешкай распавядае пастух. – Потым зразумеў, што яны ідуць за чалавекам, і ўвогуле, паслухмяныя, калі рэзка не павышаць на іх голас. Уменне трымаць сябе ў руках і правільна аддаваць каманды – і ёсць галоўны сакрэт нашай прафесіі.
У статку знаходзіцца 429 галоў рагуль. З таго часу, як кароўкі выйшлі на зялёную траву, іх надоі павялічыліся. З пачатку года надоена 543 тоны малака, цяпер у сярэднім за суткі адна буронка дае 7,76 літра сырадою, ад статку штодзень зліваюць у грамадскі бітон амаль 5 тысяч літраў яго.
Калі мы загналі каровак у гэтак званую клетку, участак пашы, абкружаны дротам электрапастуха, можна адпачыць і пагутарыць.
12 гадоў Алег Зычкоў працуе ў ААТ “Бялынічы”. На пытанне, чаму прафесія жывёлавода такая важная, ён не доўга абдумваў свой адказ.
– Малако ўсім патрэбна, праўда? Выходзіць, і я патрэбны.
Жывёлавод ведае, дзе якая трава расце, дзе менш сляпнёў і камароў, дзе трэба дадаць хады статку, а дзе і прытрымаць яго. Калі кароўкі сытыя, яны шчодра адорваюць за клопат смачным малаком.
Пастух – гэта не проста паганяты жывёлы, гэта і нянька, і выхавальнік. Ён павінен накарміць і напаіць сваіх падапечных, даць ім магчымасць адпачыць, а калі спатрэбілася, то і абараніць. Паслухаўшы Алега Пятровіча, можна падумаць, што ён ведае пра кароў усё. Для мяне ж яны ўсе былі аднолькавыя.
Забеспячэнню пастухоў харчаваннем надаецца асаблівая ўвага, таму ў сельгаспрадпрыемстве загадзя падумалі, як не пакінуць людзей на пашы галоднымі. У меню сталовай гаспадаркі разнастайныя першыя і другія стравы – смачныя, апетытныя. Самім жывёлаводам давядзецца аплаціць толькі каля 60 капеек за абед і вячэру.
Цэлы дзень прабыць на полі ў любое надвор’е – і ў холад, і ў дождж, і ў спёку – цяжкавата. Гэта я поўнасцю адчула на сабе. Сапраўды, пастухам не пазайздросціш!
Летняя спёка змянілася вячэрняй прахалодай. Памяняць прафесію на адзін дзень і папрацаваць на полі з жывёлай стала для мяне цікавым і карысным вопытам. Чамусьці раптам успомніліся радкі, напісаныя Сяргеем Ясеніным:
Светят зелено в сутёмы
Под росою тополя.
Я – пастух; мои палаты, –
В мягкой зелени поля.
Каментарый начальніка Вялікатрылесінскага МТК Алены ЛЕАНОВІЧ:
– Алег Зычкоў – добры працаўнік. Яму можна смела давяраць статак. Ён ставіцца да выпасу жывёлы вельмі адказна. Каровы – гэта нашы карміцелькі. Як да іх паставімся, столькі малака і атрымаем.
Аліна ЦЫГАНІЙ.
Фота аўтара.