54-ю гадавіну з дня заснавання адзначыла аператыўна-дзяжурная служба МУС Беларусі
Як самастойнае падраздзяленне ў структуры органаў унутраных спраў БССР дзяжурная служба заснавана ў 1966 годзе. Яна па праву з’яўляецца важнейшым складнікам работы праваахоўнікаў. Менавіта сюды паступаюць паведамленні аб здарэннях, менавіта сюды людзі звяртаюцца са сваімі бедамі і пытаннямі.
АДС райаддзела міліцыі сёння ўяўляе сабой зладжаны калектыў, які налічвае 11 супрацоўнікаў. На працягу трох гадоў яго ўзначальвае маёр міліцыі Дзяніс РАГАЎЦОЎ.
– Прафесіяналізм і пісьменнасць, тактычнасць і добрасумленнасць і, галоўнае: уменне хутка рэагаваць на паведамленні, прыняць адзінае правільнае рашэнне – гэта тое, што адрознівае супрацоўнікаў дзяжурнай службы, – адзначае Дзяніс Мікалаевіч. – Улічваючы тое, што часта паведамленні паступаюць ад грамадзян, якія знаходзяцца ў стане моцнага хвалявання ці жаху, міліцыянеры павінны ўмець знаходзіць з імі агульную мову, быць добрымі псіхолагамі, на высокім узроўні валодаць камунікацыйнымі навыкамі. Не будзе перабольшаннем наступная выснова: нярэдкія выпадкі, калі ад супрацоўнікаў АДС напрамую залежыць станоўчы вынік раскрыцця правапарушэнняў і пошуку злачынцаў.
Дарэчы, за першае паўгоддзе бягучага года на пульт АДС паступілі 1688 паведамленняў, у сярэднім, 9 за суткі.
Вольга НАБОКАВА.
Фота прадастаўлена РАУС.