Плануючы купіць або прадаць, падарыць або завяшчаць маёмасць, чалавек шукае кваліфікаванага юрыста. Аднак калі ў большасці гарадоў натарыяльныя канторы побач, то ў сельскай мясцовасці з гэтым узнікаюць складанасці. Але ўжо ў 2021 годзе натарыяльныя паслугі стануць больш даступнымі і зручнымі для сельскага насельніцтва, а натарыусы дойдуць да самай далёкай глыбінкі. Аб асноўных новаўвядзеннях прынятага нядаўна Закона “Аб змяненні законаў па пытаннях натарыяльнай дзейнасці” карэспандэнту “Зары над Друццю” распавёў натарыус Бялыніцкага раёна Міхаіл ГАРАДКОЎ.
– Абноўленым Законам прадугледжана, што з 1 студзеня 2021 года ўпаўнаважаныя пасадавыя асобы ў сельвыканкамах не будуць мець права натарыяльна засведчыць завяшчанні, згоды, даверанасці. Як гэта адаб’ецца на якасці натарыяльных паслуг для вяскоўцаў?
– Думаю, што змены ў заканадаўстве, якое рэгулюе натарыяльную дзейнасць, адаб’юцца на іх найлепшым чынам. Усё ж такі трэба зазначыць, кваліфікацыя ўпаўнаважаных асоб сельвыканкамаў па выкананні натарыяльных дзеянняў не заўсёды адпавядае працы, непасрэдна звязанай з правапрымяняльнай практыкай. Сённяшнія ўмовы патрабуюць аказання юрыдычнай дапамогі грамадзянам непасрэдна кваліфікаванымі юрыстамі.
Заканадаўствам унесены вельмі важныя для рэалізацыі правоў і законных інтарэсаў грамадзян змены. З новага года ўпаўнаважаныя асобы сельвыканкамаў будуць пазбаўлены права засведчваць завяшчанні, даверанасці і згоды. Гэтыя дзеянні будуць знаходзіцца выключна ў кампетэнцыі натарыусаў. Чаму? На мой погляд, таму, што прававыя наступствы гэтых натарыяльных дзеянняў вельмі сур’ёзныя. Натарыус установіць асобу грамадзяніна і праверыць, згодна с заканадаўствам, яго дзеяздольнасць, абавязкова высветліць волю, накіраваную на выкананне таго ці іншага натарыяльнага дзеяння, дапаможа скласці праект дакумента, растлумачыць магчымыя прававыя наступствы.
Таксама трэба адзначыць, што зараз усе натарыяльныя дзеянні ўносяцца ў адзіную электронную сістэму ўліку.
Таму з 1 студзеня 2021 года жыхарам аграгарадкоў і іншых сельскіх населеных пунктаў пры неабходнасці названых натарыяльных дзеянняў неабходна будзе звярнуцца ў сельвыканкам з заявай. Пры паступленні 2-х і больш заяў будзе ўзгоднена дата выезду натарыуса ў аграгарадок ці сельвыканкам. Аднак гэта не выключае права любога грамадзяніна звярнуцца самастойна ў натарыяльную кантору ў райцэнтры.
Адзначу таксама і тое, што ўпаўнаважаныя асобы сельвыканкамаў па-ранейшаму змогуць афармляць даверанасці на атрыманне грамадзянамі пенсій, але без іх натарыяльнага засведчання.
– Калі ласка, раскажыце аб зменах, якія закранулі пытанні адчужэння маёмасці.
– Змены заканадаўства прадугледжваюць магчымасць грамадзян звяртацца па пытанні засведчвання дагавораў адчужэння нерухомай маёмасці да любога натарыуса на тэрыторыі нашай краіны незалежна ад таго, дзе знаходзіцца аб’ект нерухомасці. Гэта зроблена дзеля спрашчэння забеспячэння законных правоў і інтарэсаў грамадзян.
– На якое яшчэ новаўвядзенне неабходна звярнуць увагу?
– Адна з навел заканадаўства – замацаванне ў ім паняццяў натарыяльны акт і натарыяльны дакумент. І гэта вельмі важны аспект. Натарыяльным дакументам з’яўляецца дакумент, які ўтварыўся ў выніку натарыяльнага дзеяння, запіс аб чым занесены ў рэестр для іх рэгістрацыі.
Засведчаныя натарыяльныя дакументы, выдадзеныя грамадзянам, натарыяльныя пасведчанні і іх дублікаты з’яўляюцца натарыяльнымі актамі.
Натарыяльны акт з’яўляецца законным і даставерным пацверджаннем правоў, абавязкаў і фактаў, якія маюць юрыдычнае значэнне і якія засведчаны самім натарыяльным актам. Змест натырыяльнага акта лічыцца дакладным, пакуль не будзе даказана іншае.
Дзмітрый ЦІХАНАЎ.
Фота аўтара.