Бацькі павінны пачаць размаўляць з дзецьмі аб гвалце з ранняга ўзросту і працягваць абмеркаванне гэтай тэмы па меры сталення дзяцей.
Каб дзеці маглі прыняць правільнае рашэнне ў складанай жыццёвай сітуацыі, бацькам трэба выконваць наступныя правілы:
— раскажыце дзецям аб іх праве на асабістую недатыкальнасць. Важна навучыць дзіця адрозніваць павагу да дарослага ад безумоўнага падпарадкавання ўсім старэйшым;
— бацькі заўсёды павінны ведаць куды ідзе дзіця, дзе яго можна знайсці. Знаходзіцца на вуліцы дзеці павінны з тымі, каго вы ведаеце, і не пазней за 23.00;
— калі адносна якога-небудзь незнаёмца, які сустрэнецца на шляху, у падлетка ўзнікнуць падазрэнні, няхай адразу ж зменіць маршрут, зробіць выгляд, што тэлефануе, каб яго сустрэў хтосьці з дарослых;
— асаблівую ўвагу падлетак павінен звяртаць на аўтамабілі, якія праязджаюць міма. Калі ўзнікнуць падазрэнні або рэальная пагроза гвалту з боку незнаёмага вадзіцеля, то трэба перайсці на другі бок вуліцы ці адбегчыся ў бок, процілеглы руху аўтамабіля;
— трэба памятаць, што злачынцы могуць ужыць не толькі гвалтоўныя, але і “прывабныя” прыёмы. Яны могуць прапанаваць дзецям цукеркі, марожанае, цацкі і г.д. Дзеці больш ахвотна ідуць на кантакт (асабліва з 6 да 12 гадоў), што дадае гвалтаўніку ўпэўненасці;
— ахвярамі палавых злачынстваў часцей аказваюцца дзеці і падлеткі, запушчаныя з пункту гледжання палавога выхавання. Па гэтай прычыне некаторыя з іх губляюць пачуццё сарамлівасці. Няхай дзеці не дазваляюць, каб незнаёмцы, знаёмыя або нават далёкія сваякі дакраналіся да іх, цалавалі, абдымалі;
— пастарайцеся, каб дзеці распавядалі вам аб усім, што адбываецца з імі. Растлумачце, што гвалтаўнікі ветліва ўгаворваюць, або запалохваюць дзяцей, дамагаючыся, каб яны трымалі факты гвалту ад бацькоў у тайне.
Цёплыя і даверлівыя адносіны з вамі, паважаныя бацькі, дапамогуць вашым дзецям пазбегнуць многіх непрыемнасцей з несумленнымі людзьмі.
Святлана ПАТАПЕНКА,
спецыяліст ІСН РАУС.