Вельмі важна для чалавека сустрэць на сваім жыццёвым шляху такога настаўніка, які не толькі дасць неабходныя веды па сваім прадмеце, але дапаможа зразумець і прыняць найважнейшыя чалавечыя каштоўнасці, сфарміруе ў сваіх вучняў высокія маральныя якасці. Для многіх выхаванцаў дапаможнай школы-інтэрната такім педагогам, безумоўна, з’яўляецца Таццяна ДЗЯЧЭНКА.

Ужо 21 год яна нясе ганаровае званне педагога. За гэты час праз яе рукі і сэрца прайшлі сотні дзетак, кожнага з якіх яна імкнулася, у першую чаргу, выхаваць сапраўдным чалавекам.

– У дзяцінстве мне здавалася, што няма больш важнай справы, чым прафесія настаўніка, – кажа Таццяна Васільеўна. – Менавіта таму пасля заканчэння школы паступіла на філалагічны факультэт МДУ імя А. А. Куляшова, вырашыўшы звязаць свой лёс з педагогікай. Пасля працавала ў Старасельскай СШ, займала пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ў прафесіянальна-тэхнічным ліцэі № 17, а пасля яго закрыцця перавялася ў дапаможную школу-інтэрнат.

Зараз яна працуе на аналагічнай пасадзе, а таксама выкладае гісторыю Беларусі.

З першых дзён працы ў школе-інтэрнаце Таццяна Дзячэнка зразумела, што з вучнямі працаваць будзе няпроста, бо тут навучаецца шмат дзяцей з нялёгкім лёсам і праблемамі здароўя. У сувязі з гэтым яна атрымала спецыяльнасць настаўніка-дэфектолага ў БДПУ імя М.Танка ў Мінску.

Спецыфіка школы-інтэрната заключаецца ў тым, што дзеці тут знаходзяцца кругласутачна і ім патрабуецца значна больш увагі з боку педагогаў, чым у звычайнай школе і, вядома ж, любві. Без яе прафесія настаўніка не мае ніякага сэнсу.

– Калі я прыйшла сюды, то зноў адчула сябе вучаніцай. У ходзе работы прыйшлося асвойваць шмат новага. Бо, акрамя ведаў, нашы дзеці патрабуюць новых падыходаў, дый задачы перад намі, як педагогамі, стаяць крыху іншыя: карэкцыя, развіццё памяці, увагі, фарміраванне правільных бытавых звычак, – распавядае педагог. – Настаўнік, які любіць дзяцей, не раззлуецца, калі яго выхаванец не запомніць матэрыял з першага раза, а  цярпліва паўторыць. Усіх дзяцей я ўспрымаю як сваіх родных, імкнуся навучыць іх пісьменнасці, прывіць любоў да чытання, высокіх маральных каштоўнасцей. Увогуле, выхаваць у шырокім сэнсе гэтага слова. Гэтаму я надаю ўвагу на ўроках, і па-за ўрокамі. Хачу, каб мае вучні выраслі сапраўднымі людзьмі, працавітымі, адказнымі.

Жыццё дзяцей-сірот, пазбаўленых бацькоўскай увагі і любві ва ўмовах інтэрната, прыводзіць да парушэння ўзаемадзеяння іх з сацыяльным асяроддзем. Гэта выяўляецца ў слабай прыстасаванасці выпускнікоў школы-інтэрната да самастойнага жыцця ў грамадстве, псіхалагічных цяжкасцях пры стварэнні сям’і і складанасцях  сацыяльнай адаптацыі маладых людзей у будучым.

– Для таго, каб нашы выхаванцы прывучаліся жыць самастойна, створана аддзяленне сацыяльнай адаптацыі, якое ўяўляе сабой асобную добраўпарадкаваную кватэру, – гаворыць Таццяна Дзячэнка. – У выхадныя дні дзеці перасяляюцца туды, вучацца самастойна абслугоўваць сябе: гатуюць ежу, прыбіраюць, мыюць і г.д. Разам з педагогам падлеткі ходзяць у магазін, банк, на пошту, у паліклініку, вучацца планаваць свой бюджэт. Пад кіраўніцтвам медыцынскага работніка асвойваюць навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі і сочаць за сваім здароўем. Індывідуальна з кожным выхаванцам вядзецца праца па захаванні правіл асабістай гігіены,фарміраванні яго паводзін у грамадстве.

Вялікую падтрымку школе-інтэрнату аказваюць валанцёрскія арганізацыі не толькі з Беларусі, але і італьянскі дабрачынны фонд Forum. Кожны чацвер рабят наведваюць валанцёры з Мінска з забаўляльнай праграмай і падарункамі.

Таццяна Васільеўна не губляе сувязь са сваімі выпускнікамі. З многімі звязваецца па тэлефоне, перапісваецца, дапамагае словам і парадай. Педагог запэўнівае, што не расчаравалася ў сваёй прафесіі, праца настаўніка ёй падабаецца і дастаўляе душэўны камфорт. Калі б даводзілася цяпер пачынаць усё спачатку, то яна зноў выбрала б гэты самы шлях.

                     Аліна ЦЫГАНІЙ.

                     Фота з асабістага архіва Таццяны Дзячэнка.

Print Friendly, PDF & Email