Дыскусійныя пляцоўкі па пытаннях далейшага развіцця Беларусі на мінулым тыдні распачалі сваю работу па ўсёй краіне. У чацвер да абмеркавання пытанняў па рэфармаванні Канстытуцыі, партыйнага будаўніцтва, маладзёжнай палітыкі, сацыяльнай сферы і эканомікі далучыліся і ў Бялынічах.

Абмяняцца думкамі і агучыць сваё бачанне ў вырашэнні надзённых праблем як раёна, так і нашай краіны ў цэлым, у малай зале РЦК сабраліся прадстаўнікі раённай улады, дэпутацкага корпуса, працоўных калектываў устаноў і арганізацый, актывісты грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый.

Спектр закранутых на сустрэчы тэм – самы шырокі: ад павышэння прэстыжу сямейных каштоўнасцей, пытанняў аховы мацярынства і дзяцінства, сацыяльнай дзяржаўнай падтрымкі, налічэння пенсій да змен у Выбарчым кодэксе і падыходах да размеркавання сродкаў мясцовага бюджэту, стварэння фонду для падтрымкі мясцовых ініцыятыў, дзякуючы якім прадстаўнікі мясцовых органаў улады атрымалі б магчымасць для падтрымкі прыватных праектаў, якія сапраўды заслугоўваюць увагі.

Шырокі водгук атрымала тэма партыйнага будаўніцтва. У прыватнасці агучана меркаванне, што большасць існуючых у краіне партый не маюць рэальнай вагі, што не з’яўляецца правільным.

Адразу некалькі ўдзельнікаў сустрэчы сышліся ў меркаванні аб неабходнасці скарачэння ці ліквідацыі  сельскіх Саветаў дэпутатаў і пашырэнні паўнамоцтваў мясцовых  выканаўчых і распарадчых органаў.

Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі абмеркавалі таксама вопыт арганізацыі і ролю мясцовага кіравання і самакіравання ў суседніх краінах.

Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Ірына ФУРСАВА, якая выступіла мадэратарам дыялогу, паступіўшыя прапановы будуць прааналізаваны, а самыя важныя з іх – накіраваны ў аргкамітэт па падрыхтоўцы Усебеларускага сходу.

Работа дыскусійных пляцовак па ўсіх галінах дзейнасці нашай краіны будзе працягнута і далей.

МЕРКАВАННЕ

Дзмітрый КАРПІКАЎ, в.а. старшыні Вішоўскага сельвыканкама:

– У рамках дыялогавай пляцоўкі мы атрымалі магчымасць абмеркаваць перспектывы развіцця Беларусі з прадстаўнікамі самых розных сфер дзейнасці нашага раёна. Такі фармат дыялога дазваляе пачуць максімальную колькасць думак і канструктыўных прапаноў па ўнясенні змен у Галоўны закон нашай краіны.

Што тычыцца непасрэдна маёй працы, то, напэўна, надышоў час удасканалення сістэмы органаў мясцовага кіравання і самакіравання. У прыватнасці я лічу магчымай аптымізацыю сельскіх Саветаў дэпутатаў і пашырэнне паўнамоцтваў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Аляксандр ЦЫБУЛЬСКІ, старшыня Цяхцінскага сельвыканкама:

– Сённяшняя сустрэча мела канструктыўны характар. Падобную практыку круглых сталоў, я лічу, неабходна выносіць на пастаянную аснову. Тыя тэмы, якія выклікаюць розныя думкі, магчыма, спрэчкі, абавязкова павінны станавіцца прадметам абмеркавання з удзелам прадстаўнікоў усіх зацікаўленых служб раёна, грамадскіх аб’яднанняў, увогуле, усіх слаёў насельніцтва. Менавіта дыялог павінен ляжаць у аснове ўсіх пераўтварэнняў і руху наперад.

У  ПРАЦЯГ  ТЭМЫ

Андрэй ГАНЧУК, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, член Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце:

– З пачатку кастрычніка на афіцыйным сайце Палаты прадстаўнікоў размешчана інфармацыя аб зборы прапаноў аб ўнясенні змен у Канстытуцыю нашай краіны. Штодзень толькі на названы на сайце электронны адрас паступае каля сотні прапаноў. Ідэі па рэфармаванні Галоўнага закона грамадзяне дасылаюць таксама на бумажных носьбітах як у Палату, так непасрэдна і дэпутатам. Усе яны акумуліруюцца ў Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце. Перыядычны агляд прапаноў дакладваецца кіраўніцтву Палаты прадстаўнікоў.

На дадзеным этапе найбольш важным момантам з’яўляецца сістэматызацыя          атрыманых прапаноў па зместу. Змястоўная частка ўяўляе сабой зрэз грамадскай думкі, што ў многім і вызначае сутнасць магчымых змен.

Што тычыцца характарыстыкі прапаноў, якія тычацца непасрэдна Канстытуцыі, то іх спектр абмяжоўваецца процілеглымі пазіцыямі. Адны лічаць, што неабходна вяртацца да дакумента 1994 года, іншыя – што ўвогуле нічога не трэба змяняць у дзеючым.

Часцей за ўсё прапановы, якія адносяцца да сферы рэгулявання Асноўнага закона, тычацца выбарчай сістэмы, інстытута Прэзідэнта, а дакладна парадку яго выбрання, аб’ёму паўнамоцтваў і г.д., паўнамоцтваў Парламента і мясцовых органаў улады, парадку прызначэння на пасаду кіраўнікоў раённых і абласных распарадчых органаў, павышэння ролі палітычных партый.

Разам з тым, значная і доля прапаноў, якія паўтараюць нормы дзеючай Канстытуцыі. Прыкладна трэць усіх паступіўшых прапаноў утрымлівае пазіцыі, якія з’яўляюцца ці могуць з’яўляцца прадметам вырашэння нарматыўных прававых актаў больш нізкага ўзроўню. І яны таксама не пакінуты без увагі. Такія прапановы, мяркуецца, будуць накіраваны ў пастаянныя камісіі адпаведнага профілю для ўліку ў будучай працы над законапраектамі. Ёсць сярод паступіўшых і прапановы, у якіх грамадзяне патрабуюць спыніць абмеркаванне і сам працэс работы над зменамі ў Канстытуцыю.

Адзначу, што праца па рэфармаванні Асноўнага закона вядзецца па шэрагу накірункаў. Над імі працуюць спецыялісты і вучоныя, рыхтуюць свае прапановы грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі, зацікаўленая размова ідзе ў пастаянных камісіях Парламента. Плануецца, што змест паправак стане прадметам абмеркавання і на Усебеларускім сходзе. Такім чынам, наперадзе – вялікая мэтанакіраваная праца, агульнанацыянальная дыскусія з удзелам прадстаўнікоў усіх катэгорый грамадства.

Нагадаю, што свае прапановы па карэкціроўцы Галоўнага Закона Беларусі ў Палату прадстаўнікоў можна накіраваць да 25 кастрычніка.

Вольга НАБОКАВА.

Фота аўтара.

 

Print Friendly, PDF & Email