Многія маладыя спецыялісты пасля адбыцця абавязковай адпрацоўкі змяняюць месца працы.

Абумоўлена гэта можа быць рознымі фактарамі, напрыклад, немагчымасцю пабудаваць уласную кватэру, прадузятым стаўленнем з боку калег ці кіраўніцтва… Бывае і так, што пасля абавязковай адпрацоўкі, маладыя людзі пачынаюць шукаць сябе ў іншых сферах дзейнасці. Але ёсць на Бялыніччыне арганізацыі, дзе замацаванню моладзі на рабочых месцах надаюць вялікую ўвагу.

У райЦГЭ за апошнія 5 гадоў пасля сканчэння абавязковага тэрміну адпрацоўкі засталіся далей працаваць чатыры маладыя спецыялісты.

Урач-гігіеніст Юлія ЛАЗОЎСКАЯ прыйшла на працу ў 2015 годзе ўрачом-інтэрнам. Бялынічы – яе малая радзіма, да таго ж, па-шчасціла і з размеркаваннем: пасля заканчэння  БДМУ яе накіравалі на адпрацоўку ў родны горад.

– Сям’я і добрая праца, – вось па якіх крытэрыях тут затрымалася, – усміхаецца Юлія Сяргееўна. Яна дадае, што жыць і працаваць у родным горадзе камфортна, спакойна.

Адпрацоўваць тэрмін абавязковага размеркавання на малую разіму вярнуўся і фельчар-лабарант Ігар МАРДАЧОЎ. У райЦГЭ ён працуе 5 гадоў, таму ведае асноўныя тонкасці сваёй прафесіі і ўжо дзеліцца вопытам з маладзейшымі калегамі. Ён жа вядзе інтэрнэт-сайт арганізацыі.

– Пераддыпломную практыку праходзіў на базе абласнога Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, – распавядае Ігар. – Таму на сваё першае рабочае месца прыйшоў добра падрыхтаваны. Гады адпрацоўкі праляцелі вельмі хутка і змяняць сферу дзейнасці нават думкі не было. У нас зладжаны, згуртаваны працоўны калектыў, цёплыя адносіны з боку кіраўніцтва, дастойная зарплата… Словам, усё тое, што неабходна для нармальнага жыцця.

Такой жа думкі прытрымліваюцца фельчары-лабаранты Валянціна ЖУЛЕГА і Уладзіслава ЦЫРКУНОВА. Пасля заканчэння Магілёўскага медкаледжа яны пачалі сваю працоўную дзейнасць у райЦГЭ. Валянціна, праўда, паспела некалькі месяцаў парабіць у Круглым, адкуль сама родам, але там лабараторыю аптымізавалі, і дзяўчына перавялася ў Бялынічы.

Уладзіславе на працу даводзіцца дабірацца з аграгарадка Вішоў. Аднак, адлегласць яна не лічыць перашкодай, у вялікім горадзе людзі трацяць на праезд куды больш часу і сродкаў.

КАМЕНТАРЫЙ

Ларыса ВАРАВА, інструктар-валеолаг райЦГЭ:

– У нашым калектыве сфарміравалася цёплае і прыязнае стаўленне да маладых спецыялістаў. Дапамагаем новапрыбылым хутчэй адаптавацца на працы, літаральна з першых дзён уключаем іх у грамадскае жыццё. Дый потым падтрымліваем добрым словам ці парадай.

Наша моладзь актыўна ўдзельнічае ў рэлізацыі мерапрыемстваў райЦГЭ па здаровым ладзе жыцця, выконвае значную частку прафілактычна-растлумачальнай работы сярод насельніцтва, адказна адносіцца да выканання працоўных абавязкаў. Несумненна, прыемна, калі яны пасля сканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі вырашылі тут застацца.  

                                                                                                Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

         Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email