Адбылося пасяджэнне Савета раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў – Андрэй САЛАНІНКА, загадчыца аддзела арганізацыйнай і грамадскай работы абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алеся АЎДЗЕЕВА, кіраўнік абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў спажывецкай кааперацыі і гандлю – Алег КАМІНСКІ, лідары райкамаў галіновых прафсаюзаў і пярвічных прафсаюзных арганізацый раёна.


Пытанні, вынесеныя ў парадак дня, тычыліся змен у складзе раённага Савета аб’яднання прафсаюзаў, бягучай сітуацыі ў краіне, прапаноў па ўнясенні змен у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
Гаворачы аб бягучай сітуацыі і задачах, якія ў гэтай сувязі паўстаюць перад прафсаюзамі, старшыня райаб’ядання прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, Святлана ПАТАПЧЫК адзначыла, што сёлетні год выдаўся няпростым. Уплыў на гэта аказалі распаўсюджанне каранавіруса, а таксама палітычная абстаноўка.
– Яшчэ ў сакавіку былі вызначаны кірункі, па якіх прафсаюзы будуць працаваць ва ўмовах пандэміі. На ўсіх узроўнях сфарміраваны касы ўзаемадапамогі, – распавяла прафсаюзны лідар. – На сённяшні дзень па ўсёй краіне на закупку дэзсродкаў і дапамогу людзям з іх выдаткавана звыш 14 мільёнаў рублёў. З фонду дапамогі медыкам, сфарміраваным рашэннем прэзідыума ФПБ, больш чым 5800 медработнікам выплачана 3,5 млн рублёў. Наша райаб’яднанне закупіла для ЦРБ аднаразовыя ахоўныя касцюмы на 260 рублёў, а таксама выплаціла двум медработнікам, якія перахварэлі на COVID-19, па 600 рублёў.
Як адзначыла Святланы Патапчык, у пачатку верасня ФПБ накіравала ва ўрад пакет прапаноў па падтрымцы асобных галін эканомікі і непасрэдна людзей у гэтых няпростых умовах. Шэраг з іх ужо адобраны, у тым ліку ініцыятыва аб прадастаўленні за кошт наймальніка работнікам да пяці выхадных дзён на год па прычыне дрэннага самаадчування без афармлення бальнічнага, а таксама аб неспагнанні падаходнага падатку са сродкаў, атрыманых ад прафсаюзнай арганізацыі.
У бліжэйшы час ФПБ плануе звярнуцца да кіраўніка дзяржавы з прапановамі аб аплаце бальнічнага, калі работнік знаходзіцца ў адпачынку без захавання заработнай платы, вызваленні маладых работнікаў на першым месцы працы ад падаходнага падатку і інш.
Выступоўца падкрэсліла асаблівую ролю лідараў прафсаюзных пярвічак па эфектыўнай працы каманды на вынік на прадпрыемствах і ў арганізацыях Бялыніччыны, адзначыла, што галоўная матывацыя ўваходжання работнікаў у прафсаюзную арганізацыю – гэта калектыўны дагавор, а таксама акцэнтавала ўвагу прысутных на пытаннях, што знаходзяцца на пастаянным кантролі прафсаюзаў: занятасць, цэны, ахова працы, своечасовасць выплаты заработнай платы. Выказалася яна таксама і наконт сітуацыі ў працоўных калектывах у сувязі з грамадска-палітычнай абстаноўкай у краіне, а таксама пазіцыі, якую ў гэтым пытанні займаюць прафсаюзы:
– Мы выступаем за развіццё вытворчасцей, захаванне працоўных месцаў, зберажэнне сацыяльных гарантый, якія сёння маем, і увогуле ўсяго, што было дасягнута цягам апошніх двух з паловай дзесяцігоддзяў, – сказала Святлана Патапчык.
Яна таксама распавяла аб праводзімай прафсаюзамі працы па зборы прапаноў аб зменах у галоўны закон краіны, у прыватнасці, спынілася на карэкціроўках артыкулаў, што рэгулююць адносіны ў сацыяльна-працоўнай сферы паміж сацыяльнымі партнёрамі, правы грамадзян да дастойны ўзровень жыцця.
Аб прапановах, якія паступілі ў ходзе правядзення дыялогавай пляцоўкі па рэфармаванні Канстытуцыі ў Бялынічах, прысутным распавёў і старшыня райсавета дэпутатаў Андрэй Саланінка. У тым ліку яны тычацца забароны выкарыстання не ўстаноўленай заканадаўствам Беларусі сімволікі, ліквідацыі сельскіх Саветаў дэпутатаў і пашырэння паўнамоцтваў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, увядзення Адзінага дня галасавання, а таксама карэкціровак, якія пашыраць гарантыі артыкулаў 32 і 47 Галоўнага закона краіны.

Вольга НАБОКАВА.
Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email