Чалавек, які ўпрыгожвае працоўнае месца

Прадстаўніцы прыгожага полу ў Бялынічах з задавальненнем карыстаюцца паслугамі цырульніка-каларыста і візажыста Марыны КУНЦЭВІЧ. Яна аддаецца працы цалкам, дапамагаючы сваім кліентам стаць прывабнымі і ўпэўненымі ў сабе, а значыць, – шчаслівымі.
У свой час дзяўчына працавала на пошце, а пасля скарачэння штата скончыла спецыяльныя курсы ў Магілёве і Мінску і пачала спрабаваць сябе ў цырульным мастацтве і візажы.
– Я люблю тое, што падабаецца рабіць усім дзяўчынкам – ствараць прычоскі, рабіць макіяж. Каб дапамагчы жаночай палове чалавецтва стаць больш стыльнымі і прыгожымі, выбрала гэты кірунак, – распавядае Марына.
Дарэчы, вучыцца новаму ў каларыстыцы і візажы яна пастаянна. Курсы, семінары і майстар-класы ад вядучых стылістаў праходзяць даволі часта. У хуткім часе яна збіраецца ў Магілёў навучацца новым тэхнікам афарбоўкі валасоў.
Для пошуку кліентаў у Марыны ёсць групы ў сацыяльных сетках – «Укантакце» і Instagram. Але лепш за ўсё працуе так званае «сарафанавае радыё», бо атрымаць якасную паслугу па дэмакратычным цэнніку кожнай дзяўчыне будзе прыемна.
– Для таго, каб працаваць у сферы прыгажосці, чалавек павінен любіць тое, чым ён займаецца. Спецыялісту неабходна валодаць таксама густам і пачуццём меры, – разважае майстар. – Акрамя таго, у мае абавязкі ўваходзіць быць уважлівай, ветлівай і тактоўнай. Даводзіцца сумяшчаць у сабе і навыкі псіхолага, бо трэба ўмець знаходзіць падыход да кожнага кліента. Заўсёды падоўгу размаўляю з людзьмі, раю ім прымяніць розныя варыянты. Ніколі не шкадую часу, каб дапамагчы чалавеку з выбарам, бо галоўнае ў маёй працы, каб кліент застаўся задаволены. Калі чалавек прыходзіць да мяне, ён хоча расслабіцца, магчыма, падзяліцца сваёй радасцю або смуткам. А я імкнуся заўсёды падтрымаць размову.
З паслуг Марына Кунцэвіч прапануе практычна любыя тэхнікі афарбоўкі: шатуш, балаяж, амбрэ, меліраванне, а таксама стрыжкі, прычоскі і макіяж…
– Я толькі «за» эксперыменты. Нават калі стрыжка і прычоска добрыя і падыходзяць кліенту на сто адсоткаў, можна заўсёды ўнесці невялікі прывабны элемент, дзякуючы якому вобраз зменіцца да яшчэ лепшага, – дзеліцца сакрэтамі поспеху Марына Кунцэвіч. – Адзначу, што большасць жанчын баяцца падстрыгаць свае доўгія валасы. Аднак, калі згаджаюцца на гэта, застаюцца вельмі ўражаныя вынікам. Часцей за ўсё кардынальныя перамены даюць магчымасць выглядаць і адчуваць сябе зусім інакш.
Асноўнае працоўнае месца цырульніцы дома, дзе створаны ўсе ўмовы, каб кліентам было камфортна. Майстар не адмаўляе ў паслузе выезду на дом і заўсёды рада дапамагчы, асабліва людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
– Займаючыся любімай справай, практычна не стамляюся. Бо кожны дзень зараджаюць станоўчыя эмоцыі людзей, якім дапамагаю стаць больш прыгожымі, – усміхаецца майстар. – Цяпер не толькі мару, але і шмат раблю для таго, каб адкрыць свой салон, пачаць працаваць у асаблівай атмасферы стылю і прыгажосці. Галоўнае, не ленавацца, займацца творчасцю і працаваць з поўнай аддачай.
Аліна ЦЫГАНІЙ.
Фота аўтара
і з сацыяльных сетак
Марыны Кунцэвіч.