Вось ужо ў дзявяты раз праект «Студэнт БДУ на тыдзень» збірае ў сваіх сценах самых мэтанакіраваных рабят. Падчас восеньскіх канікул свае дзверы для будучых студэнтаў адкрылі 16 факультэтаў гэтай ВНУ.

На працягу шасці дзён старшакласнікі наведвалі заняткі розных курсаў і спецыяльнасцей, дзе праслухалі лекцыі і выканалі практычныя заданні на роўных са студэнтамі ВНУ. Абітурыенты змаглі сустрэцца з прадстаўнікамі прыёмнай камісіі БДУ, пазнаёміцца з адміністрацыяй універсітэта. Таксама ў праграму былі ўключаны розныя мерапрыемствы, якія пазнаёмілі гасцей са студэнцкім жыццём і пазанавучальнай дзейнасцю факультэтаў.

Мэтай гэтага праекта з’яўляецца папулярызацыя адукацыйнай дзейнасці ВНУ, яе спецыяльнасцей, а таксама дапамога абітурыентам у выбары будучай прафесіі. Прыняць удзел у праекце змаглі ўсе жадаючыя вучні 10 і 11 класаў. Для гэтага трэба было запоўніць анкету і напісаць матывацыйны ліст з аргументацыяй на тэму: «Чаму я хачу стаць студэнтам БДУ на тыдзень».

Вучаніцы СШ №1 імя М.І. Пашкоўскага Ліі ЗАЙЦАВАЙ пашчасціла паўдзельнічаць у праекце.

– Я пачула аб гэтым у сацыяльных сетках яшчэ ў мінулым годзе і захацела пабачыць сябе студэнткай, але тады спазнілася. Сёлета мне гэта ўдалося, – падзялілася сваімі ўражаннямі Лія. – Лічу, што трапіць сюды не вельмі лёгка. У праекце могуць удзельнічаць школьнікі з усёй краіны, а значыць, канкурэнцыя на кожным факультэце вельмі высокая. Тут ужо трэба пастарацца прыкласці максімальна свае намаганні да напісання матывацыйнага ліста. Асабіста я цалкам не спадзявалася на тое, што прайду. У мяне былі два варыянты: юрыдычны факультэт і філфак. Калі села пісаць ліст, зразумела, што пра юрфак нічога напісаць не змагу. А вось філфак – зусім іншая справа! Заўсёды марыла звязаць сваё жыццё з выкладаннем, педагогікай. Тыдзень навучання праляцеў незаўважана. Цяпер я больш чым упэўненая, што буду паступаць сюды – на філфак БДУ! Дасведчаныя куратары, арганізатары, выкладчыкі, а таксама вельмі прыемная і сяброўская атмасфера пакінулі самыя лепшыя ўражанні. Хацелася б пажадаць будучым удзельнікам дзясятага і наступных сезонаў праекта не сумнявацца ў сваіх магчымасцях і прыслухоўвацца да ўласнага сэрца. Удзельнічайце абавязкова! Добра, калі ёсць такая магчымасць прыглядзецца да будучай прафесіі, атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні.  БДУ – гэта тое месца, куды хочацца вяртацца зноў і зноў! Спадзяюся, што, стаўшы студэнтам БДУ на тыдзень, у далейшым атрымаю ганаровае званне – «Выпускнік», якое будзе ацэнена грамадствам па вартасці.

  Яна ТАРАСЕНКА,
вучаніца СШ № 1
імя М. І. Пашкоўскага.

            Фота аўтара.

Print Friendly, PDF & Email