Рэспубліканская прафілактычная акцыя «Зімовы цюнінг для машын – правільны пратэктар шын!» праходзіць у раёне па 4 снежня.

У гэты перыяд супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі правераць, як кіроўцы падрыхтавалі свае аўто да эксплуатацыі зімой.

Згодна з правіламі дарожнага руху, з 1 снежня па 1 сакавіка аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 т уключна, легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з масай звыш 3,5 т, а таксама аўтобусы з дапушчальнай масай да 5 т павінны быць абсталяваны зімовымі шынамі на ўсіх колах транспартнага сродку.

Зімовыя шыны павінны быць пазначаныя маркіраваным знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і са сняжынкай ўнутры яе альбо знакамі «М + S», «М & S», «М S» ці «All Seasons» і мець рэшткавую вышыню малюнка пратэктара не менш за 4 мм.

За несвоечасовае абсталяванне транспартных сродкаў зімовымі шынамі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па арт. 18.22 ч 5 КаАП, якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры да 0,5 бв. Калі ж на транспартным сродку ўстаноўлены зімовыя шыны, але рэшткавая вышыня малюнка пратэктара складае менш за 4 мм, такі транспартны сродак будзе лічыцца няспраўным і яму забараняецца ўдзельнічаць у дарожным руху. Адказнасць у дадзеным выпадку надыходзіць па частцы 3 арт. 18.12 КаАП, якая цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 1 бв. У выпадку паўторнага на працягу года адпаведнага парушэння памер штрафу складзе ад 2 да 5 бв.

Зімовыя шыны дапамагаюць скараціць тармазны шлях і значна паляпшаюць кіраванне аўтамабілем ва ўмовах галалёду. Але важна не толькі замяніць летнія шыны на зімовыя, але і цалкам падрыхтаваць машыну да зімы: праверыць агульны стан сістэмы ацяплення салона, пераканацца ў спраўнасці знешніх асвятляльных прыбораў і адрэгуляваць іх. Таксама рэкамендуецца праверыць акумулятар да наступлення моцных маразоў. Нагадваем, што ў складаных умовах надвор’я кіроўцам варта выбіраць бяспечны хуткасны рэжым, сыходзячы з канкрэтнай сітуацыі на дарозе, павялічыць дыстанцыю і бакавы інтэрвал, пазбягаць рэзкіх паскарэнняў і тармажэнняў, лішніх манеўраў.

              Віктар САРОКА,

              старшы інспектар АДАІ РАУС.

 

Print Friendly, PDF & Email