Спіртное было, а гвалту – не!

Асноўнай бядой, што спрыяе злачынствам, з’яўляецца сістэматычнае ўжыванне правапарушальнікамі алкаголю.
У красавіку бягучага года ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла паведамленне грамадзянкі Г., жыхаркі адной з вёсак раёна, якая паінфармавала, нібыта родны брат спрабаваў яе згвалціць. Праведзеная праверка паказала, што гэты факт не знайшоў свайго пацверджання. Да таго ж, на момант паступлення паведамлення жанчына была нецвярозая.
У дачыненні да Г. была ўзбуджана крымінальная справа па арт. 400 КК Беларусі за загадзя ілжывы данос аб зробленым у дачыненні да яе цяжкім злачынстве. У маі раённы суд прызначыў жанчыне пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Пасля ўступлення ў законную сілу прысуду, Г. была пастаўлена на ўлік у крымінальна-выканаўчую інспекцыю РАУС.
У перыяд адбыцця пакарання яна зарэкамендавала сябе са станоўчага боку, раскаялася ў зробленым. Па месцах жыхарства і працы таксама атрымала станоўчую характарыстыку. У сувязі з гэтым у кастрычніку ў раённы суд паступіла прадстаўленне аб замене неадбытай часткі пакарання на больш мяккае ў выглядзе грамадскіх работ. Суд прадстаўленне задаволіў, неадбытая частка пакарання была заменена на грамадскія работы. Толькі ці не адправіцца жанчына зноў на пошукі прыгод, калі будзе далей сябраваць з «зялёным зміем»?
Вольга КОРШУНАВА,
інспектар КВІ РАУС.