Дасягнуты высокі ўзровень развіцця

У нашым раёне, як і па ўсёй краіне, ідзе актыўная падрыхтоўка да правядзення VІ Усебеларускага народнага сходу. «Зара над Друццю» працягвае публікацыю меркаванняў жыхароў раёна пра значнасць і значымасць гэтага форуму, пра тое, чаго яны ад яго чакаюць і якія тэмы лічуць неабходнымі для абмеркавання. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Алена СНЫТКО:
— Адным з найважнейшых пытанняў VІ Усебеларускага народнага сходу, які адбудзецца напачатку 2021 года, стане падвядзенне вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за апошнія 5 гадоў. За гэты адносна невялікі перыяд нашага жыцця дасягнуты высокі ўзровень, напрыклад, развіцця аграпрамысловага комплексу.
У бягучым годзе, які аказаўся для вытворцаў сельгаспрадукцыі вельмі рызыкоўным па кліматычных умовах, беларускія аграрыі вырасцілі і сабралі каля 10,5 млн т ураджаю ўсіх збожжавых культур. Заўважны крок наперад у сваім вытворчым, сацыяльна-эканамічным развіцці зрабілі і сельгаспрадпрыемствы нашага раёна, яркім лідарам сярод якіх з’яўляецца СВК «Калгас «Радзіма».
Адзначу, што ў падрыхтоўчы да правядзення народнага сходу перыяд актыўна працуюць над прапановамі да яго і прафсаюзы. Мы выдатна ўсведамляем сабе ролю гэтага форума як унікальнай нацыянальнай пляцоўкі для вядзення адкрытага дыялогу, дзе кожны ўдзельнік ад імя працоўнага калектыву, арганізацыі або аб’яднання можа ўзняць пытанні, праблемы, якія хвалююць людзей. Пры гэтым, кожнае меркаванне дэталёва абмяркоўваецца, аналізуецца, каб разам прыняць канкрэтныя рашэнні аб тым, як павінна развівацца краіна ў чарговую пяцігодку.
Нагадаю, што на пятым Усебеларускім народным сходзе прадстаўнікі прафсаюзаў узнімалі пытанні аб неабходнасці захавання сацыяльна арыентаванага падыходу ў эканоміцы, далейшага развіцця прадпрыемстваў і працоўных калектываў. Прапановы прадстаўнікоў прафсаюзаў былі пакладзены ў аснову праграмы развіцця краіны на пяцігодку. Такім чынам, было захавана тое, што вельмі важна і патрэбна кожнаму чалавеку: сацыяльная абароненасць, падтрымка дзяржавы, даступныя медыцына і адукацыя, занятасць насельніцтва… Звярну ўвагу на тое, што ў Беларусі паказчык малазабяспечанасці ўдвая ніжэйшы за сярэдні па краінах СНД і Усходняй Еўропы, зніжаецца і ўзровень беспрацоўя, а рэальныя даходы людзей выраслі на 9,6 працэнта. Тым не менш, прапановы прафсаюзаў да VІ Усебеларускага народнага сходу, у тым ліку, скіраваны на далейшы рост даходаў і ўзроўня жыцця насельніцтва.
Канешне, дэлегаты VІ Усебеларускага народнага сходу асноўную сваю ўвагу сканцэнтруюць на двух самых важных пытаннях: канстытуцыйныя змяненні і прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку. Усім нам вельмі важна дакладна ўяўляць, як будзе развівацца наша краіна.