Захапленне ператварылася ў прафесію

Больш за месяц таму ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе «Друць» быў прызначаны новы дырэктар. Ім стаў Арцём ПЛЕСКАНЁЎ, які раней займаў пасаду трэнера па рукапашным бою ў ФАКу і МЦ «Ветразь». Аб сваёй новай працы і планах на будучае — у нашай гутарцы з маладым кіраўніком.
Арцём Аляксандравіч нарадзіўся ў Бялынічах. Пасля заканчэння СШ № 2 паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры на факультэт спартыўных гульняў і адзінаборстваў. Пасля вучобы працягнуў спартыўную дзейнасць. Атрыманне цяжкай траўмы рукі паставіла пад пытанне далейшыя выступленні ў якасці спартсмена, але Арцём не разгубіўся, а пачаў актыўна трэніраваць прафесійных спартсменаў па розных відах адзінаборстваў. У далейшым перайшоў на змешаныя адзінаборствы.
– У 2015 годзе сустрэўся з адным з першых сваіх трэнераў Аляксандрам ДАЛЖАНКОВЫМ. Ён прапанаваў перайсці на працу ў МЦ «Ветразь», я пагадзіўся, – расказвае Арцём Аляксандравіч.
У 2017 годзе зноў дадаліся трэніроўкі з прафесійнымі спартсменамі, якія працягваюцца па сённяшні дзень. У лістападзе Арцём Плесканёў заняў пасаду дырэктара ФАКу «Друць».
– Хацелася б, каб наш фізкультурна-аздараўленчы комплекс стаў вядомы, як добрае месца развіцця і трэніровак юных спартсменаў, – дзеліцца сваімі працоўнымі планамі Арцём Плесканёў. – На мой погляд, на нашым ФАКу створаны ўсе ўмовы для падтрымкі здаровага ладу жыцця, карыснага баўлення вольнага часу, у тым ліку ўсёй сям’ёй. Тут можна займацца валейболам, баскетболам, гандболам, бадмінтонам, вялікім тэнісам, ёсць магчымасць пагуляць у настольны тэніс, більярд, міні-футбол.
Адным з найбольш любімых месцаў наведвання маленькімі і дарослымі бялынічанамі з’яўляецца басейн, які працуе з 8.00 да 22.00. Ён аснашчаны двума распранальнямі з душавымі пакоямі і санвузламі, дасягае 25 метраў у даўжыню, мае 5 дарожак і электроннае табло для правядзення спаборніцтваў. За тэмпературным рэжымам і хімічным складам вады вядзецца строгі кантроль. Наведванне басейна платнае.
Запатрабаваны і дзве невялікія залы для заняткаў рознымі відамі барацьбы і з трэнажорамі. Там праводзяцца трэніроўкі па дзюдо выхаванцаў дзіцячай спартыўнай школы. Па вечарах у вялікай спартыўнай зале збіраюцца аматары футбола і валейбола. Не сумуюць і аматары більярда. У спартыўным комплексе часта праводзяцца більярдныя турніры паміж ветэранамі. На базе ФАКу таксама праводзяцца гульні вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па гандболе сярод жаночых каманд.
– Плыня людзей падчас неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі знізілася, але ў ФАКу рэгулярна праводзяцца неабходныя апрацоўкі як спартыўнага інвентару, так і ўсяго будынка ў цэлым, – дадае кіраўнік установы. – У бліжэйшы час плануецца дакупіць новае абсталяванне ў трэнажорную залу, а таксама адкрыць новую групу па адзінаборствах для ўсіх жадаючых.
Галоўная задача на сённяшні дзень – падтрымліваць у калектыве станоўчую атмасферу еднасці, а таксама павялічыць намаганні па пад’ёме ўзроўню падрыхтоўкі пачынаючых спартсменаў.
Аліна ЦЫГАНІЙ.
Фота аўтара.