Развіваюць жаданне ствараць

17 студзеня адзначалася даволі цікавае свята – Міжнародны дзень дзяцей вынаходнікаў. І дата гэтая выбрана нездарма.
У гэты дзень у 1706 годзе ў Бостане нарадзіўся адзін з самых вядомых амерыканскіх палітыкаў – Бенджамін Франклін. Яшчэ будучы дзіцём ён цягнуўся да ўсяго новага і незвычайнага. Ён вынайшаў неверагоднае ноу-хау свайго часу – ласты, якія тады яшчэ апраналіся не на ногі, а на рукі.
Вядома, пасля Франклін быў прызнаны Вынаходнікам з вялікай літары і дзякуючы яму ў нашым свеце з’явіліся крэсла-гушкалка, громаадвод і шмат карысных штучак. Але менавіта вынаходніцтва ластаў стала штуршком да таго, каб дзіцячыя вынаходкі стаялі ў адным шэрагу з дарослымі.
Ужо даўно не сакрэт, што пластылін, шрыфт Брайля, батут і фруктовы лёд прыдумалі самыя моцныя розумы чалавецтва – дзіцячыя.
Прайшло ўжо больш за тры сотні гадоў, а юныя таленты з усёй планеты і далей працягваюць здзіўляць свет сваімі працамі. Юныя і таленавітыя хлопчыкі наведваюць гурткі па тэхнічным мадэляванні і авіямадэляванні, якія дзейнічаюць у мнагапрофільным цэнтры «Ветразь».
Усяго ў гуртках займаюцца 12 хлопчыкаў узростам ад 10 да 13 гадоў. На дадзены момант у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй навучанне праходзіць дыстанцыйна. Кіраўнік аб’яднанняў па інтарэсах Максім МАРОЗ запісвае навучальныя відэаролікі і размяшчае іх на сайце ўстановы. Праглядаючы іх, дзеці робяць уласныя мадэлі.
На занятках рабяты вучацца працы з рознымі матэрыяламі (папера, кардон) і інструментамі, розным спосабам злучэння дэталяў пры стварэнні мадэляў.
У працэсе заняткаў у хлопчыкаў развіваюцца дробная маторыка, лагічнае мысленне, памяць, пашыраюцца ўяўленне пра навакольны свет. У ходзе групавой працы фарміруюцца навыкі камунікатыўнай культуры, уважлівасці і павагі адзін да аднаго.
– Асноўным напрамкам дзейнасці аб’яднання па інтарэсах «Тэхнічнае мадэляванне» з’яўляецца выраб стэндавых мадэляў транспартнай, прамысловай і ваеннай тэхнікі, – распавядае Максім Мароз. – Дзеці знаёмяцца з рознымі інструментамі і матэрыяламі, вучацца самастойна распрацоўваць тэхналагічныя карты, чарцяжы і шаблоны запланаванай мадэлі. У гуртку «Авіямадэляванне» юныя канструктары вучацца кіраванню самалётаў на радыёкіраванні. Перад тым, як вывесці ў паветра сапраўдную мадэль, навучэнцы трэніруюцца на спецыяльнай камп’ютарнай праграме.
Для Максіма Мароза тэхнічнае мадэляванне – гэта хобі, якое стала прафесіяй. Першую сваю мадэль, пластыкавы касмічны карабель «Усход», ён сабраў яшчэ ў шасцігадовым узросце. З тых часоў заўсёды знаходзіў час для свайго любімага занятку. З 2019 года Максім звязаў сваё захапленне з працай, уладкаваўшыся ў МЦ «Ветразь». Да гэтага ён 2 гады навучаў рабят тэхнічнаму мадэляванню ў аграгарадку Ланькаў, у сельскім клубе.
– Калі бацькі лічаць, што ў іх дзіця ёсць адпаведная цікавасць да канструявання тэхнікі, яны захапляюцца падзелкамі з канструктара «лега», можна запісаць яго ў авіямадэльны або тэхнічны гурток. Для гэтага трэба звярнуцца ў МЦ «Ветразь». Будзем рады ўсіх бачыць, – дадаў Максім Мароз.
Дзмітрый ЦІХАНАЎ.
Фота аўтара і з архіва
МЦ «Ветразь».