Паўстагоддзя на крылах кахання

Кранальная і не зусім звыклая цырымонія рэгістрацыі шлюбу прайшла ў мінулыя выхадныя ў райаддзеле ЗАГСу. «Маладажоны», людзі ва ўзросце, былі такімі шчаслівымі і акрыленымі, здавалася, што нават самі не маглі паверыць у паўвекавы шлях свайго сумеснага жыцця, не кажучы ўжо пра тых, хто прыйшоў раздзяліць з імі гэтую прыгожую дату.
Жыхары нашага горада Алег Ціханавіч і Святлана Сцяпанаўна КАВЕЦКІЯ ўрачыста адзначылі залатое вяселле. Прыгожыя, расчуленыя, яны разам са шматлікімі сваякамі і гасцямі акунуліся ў атмасферу незабыўнага свята, якое падарылі работнікі райаддзела ЗАГСу. У гэты дзень у іх было ўсё, як і ў першы раз, – абмен заручальнымі пярсцёнкамі, прыгожы вальс і трапяткі пацалунак.
Урачыстую цырымонію шлюбу правяла начальнік райаддзела ЗАГСу Наталля ЛАЗОЎСКАЯ. Яна павіншавала залатых юбіляраў з прыгожай датай і пажадала, як і раней, берагчы свае пачуцці і клапаціцца адзін пра аднаго.
Пяцьдзясят гадоў таму віноўнікі ўрачыстасці заключылі шлюб і ўвесь гэты час працавалі над тым, каб зберагчы свае пачуцці і пабудаваць па-сапраўднаму шчаслівую сям’ю. Ім спатрэбіліся цярпенне і настойлівасць, каб не зламацца перад сямейнымі і бытавымі праблемамі, шмат сіл для захавання шчырых пачуццяў, якія сталі надзейным падмуркам для сем’яў іх дзяцей і ўнукаў.
Гісторыя сямейнага жыцця мужа і жонкі Кавецкіх простая і адкрытая. У ёй няма складаных рэцэптаў.
– Мы проста закахаліся адзін у аднаго і нясем гэта каханне праз усё жыццё, – немнагаслоўна адказалі яны на пытанне карэспандэнта райгазеты.
У Бялыніцкі раён сямейная пара трапіла нечакана. Алег Ціханавіч нарадзіўся на Брэстчыне, а Святлана Сцяпанаўна – з Горацкага раёна. Пазнаёміліся маладыя людзі на танцах у студэнцкім інтэрнаце падчас вучобы ў Мінскім медыцынскім інстытуце. Святлана Сцяпанаўна з адзнакай скончыла медвучылішча па спецыяльнасці «Фельчар», што дапамагло ёй без намаганняў паступіць у Мінск. Інстытут яна, дарэчы, таксама скончыла з чырвоным дыпломам. Алег Ціханавіч на час знаёмства ўжо праходзіў інтэрнатуру ў аддзяленні хірургіі ў адной са сталічных медустаноў. Маладыя людзі сталі сустракацца, а праз год распісаліся.
– Калі мы жаніліся, так выйшла, што зрабілі два вяселлі, – успамінае Святлана Сцяпанаўна. – Першае, маладзёжнае, адбылося ў адным з кафэ Мінска, а другое гулялі ў вёсцы. Там было 100 запрошаных гасцей. Як цяпер памятаю: зіма, на мне вясельная сукенка і нашы танцы да ўпаду на вуліцы – нам, маладым, усё было ні па чым.
Неўзабаве ў пары нарадзілася дачка Наталля і Святлана Кавецкая сышла ў акадэмічны адпачынак. У гэты ж час пасля заканчэння інтэрнатуры Алега Ціханавіча накіравалі ў вёску Падзевічы працаваць галоўным урачом участковай бальніцы.
Першыя гады сямейнага жыцця для маладажонаў былі нялёгкімі. – Было цяжкавата, – прызнаецца Алег Кавецкі. – Жонцы даводзілася ездзіць да мяне ў Падзевічы, затым у родныя Горкі да мамы, дзе падрастала маленькая дачушка. Але мы былі маладыя, моцна закаханыя і годна прайшлі гэты час. У 1975 годзе Святлана прыехала да мяне ў вёску, і мы сталі працаваць разам. Праз год нарадзіўся сын Вадзім, а потым мяне запрасілі ў цэнтральную райбальніцу.
У 1997 годзе Алега Кавецкага прызначылі галоўным урачом медустановы, там ён адпрацаваў 10 гадоў і з гэтай пасады пайшоў на заслужаны адпачынак. Але яго добрасумленную працу і чалавечыя якасці па-ранейшаму шануюць у калектыве. Сведчанне таму – цёплыя віншаванні ад былых калег.
Урачы вышэйшай катэгорыі, выдатнікі аховы здароўя – сямейная пара Кавецкіх аддала медыцыне ўсё жыццё. Больш за тое, Алег Ціханавіч у 2005 годзе быў узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», а Святлана Сцяпанаўна была занесена ў першы том рэспубліканскай кнігі «Жанчыны Беларусі».
– У нашай прафесіі вучыцца неабходна ўсё жыццё, – распавядае ён. – Мы пастаянна наведвалі курсы павышэння кваліфікацыі ў розных гарадах і краінах, набіраліся новых ведаў.
Святлана Кавецкая з калегамі некалькі разоў ездзіла ў Германію ад фонду «Дзеці Чарнобыля». Дні напралёт бялыніцкія ўрачы праводзілі ў клініцы горада Дзюсельдорф, вучыліся ў вопытных замежных калег.
– У 1991-1992 гады паміж нашымі краінамі была вялікая розніца, – дзеліцца ўспамінамі жанчына. – У іх было самае новае абсталяванне, нам паказвалі, як ставіць кардыёстымулятар, а мы яго нават ні разу не бачылі.
Святлана Сцяпанаўна годна адпрацавала загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення 22 гады.
– Я вельмі любіла сваю працу. Калі ў канцы працоўнага дня каму-небудзь з пацыентаў было дрэнна, пастаянна клапацілася пра яго стан. Калі ж не станавілася лепш, то спяшалася да яго ў бальніцу ў любы час сутак, – расказвае ўрачветэран. – Самая вялікая радасць для доктара – калі пацыент папраўляецца. Быў выпадак: мужчына ляжаў у рэанімацыі без прытомнасці тры тыдні, мы ўжо ставілі дыягназ «сэпсіс». Аналізы не радавалі і шанцаў асабліва не было, але заставалася надзея і мы змагаліся на ўсю моц. Пасля доўгага часу хваробы ён стаў прыходзіць у сябе. Неяк зайшла да яго, а ён трымае ў руках газету. Ніколі не забуду гэтай радасці.
– Сэрца сапраўды баліць за ўсіх пацыентаў, – пацвярджае словы жонкі Алег Ціханавіч. – Кожную раніцу на «пяціхвілінцы» баяліся паведамленняў аб смерці. Гэта нават як урачу вельмі цяжка адчуваць.
– Я не веру ў цуд, – прызнаецца Святлана Сцяпанаўна. – Але веру ў розум урача, веды, старанні і сілу самога пацыента – наколькі ён хоча жыць. Доктар і хворы заўсёды павінны працаваць у тандэме, тады мы здольныя на многае.
«Залатыя маладажоны» заўсёды і ўсюды разам: дома і ў адпачынку. Танцы – адно са шматлікіх хобі сямейнай пары. Алег Ціханавіч таксама гуляе ў більярд, тэніс, а яшчэ ён захапляецца лёгкай атлетыкай. Жонка спявае ў хоры ветэранаў «Натхненне», з канцэртамі яны выступаюць на ўсіх урачыстых мерапрыемствах горада.
– Яшчэ адно маё хобі – гэта праца на лецішчы, кветкаводства, вырошчванне агародніны, – распавядае Святлана Сцяпанаўна. – А яшчэ вельмі люблю гатаваць і прымаць гасцей.
На прыкладзе сваіх бацькоў шчаслівыя сем’і пабудавалі сын Вадзім і дачка Наталля.
– Дзеці скончылі інстытут народнай гаспадаркі і мы былі не супраць таго, што яны выбралі іншы шлях, – апавядае сямейная пара. – Глыбока ў душы хацелася, каб хоць адзін з іх пайшоў па нашых слядах, але настройваць на гэта нават не думалі. Зараз спадзяемся на малодшага ўнука Лёшу. У яго добра атрымліваецца з хіміяй і біялогіяй, можа працягне дынастыю медыкаў.
У 2017 годзе замуж выйшла і любімая ўнучка Аня, а ў мінулым годзе яна падарыла дзядулю і бабулі доўгачаканую праўнучку. Муж і жонка Кавецкія ганарацца і ўнукам Сашам, які зараз праходзіць службу ў войску.
– Мы ні пра што ў сваім жыцці не шкадуем, – упэўнена кажа Святлана Сцяпанаўна. – Калі б у мяне спыталі, ці паўтарыла б я гэты лёс, то адказала б сцвярджальна, таму што гэта таго варта. Мы пабудавалі шчаслівую, моцную сям’ю, дзеці і ўнукі выраслі, сталі годнымі людзьмі. А ў нас зноў пачаўся «мядовы месяц». Я да гэтага часу захоўваю і перачытваю лісты, якія мы адзін аднаму пісалі кожны дзень, калі былі далёка адзін ад аднаго. Наша каханне нясем праз усё жыццё. А з узростам нават сталі больш клапатліва ставіцца адзін да аднаго. Кожны новы дзень у нас пачынаецца з абдымкаў і слоў «Я цябе кахаю!». Гэта абавязкова. І самае галоўнае – усё адно аднаму даруем. За жыццё бывала ўсякае, сваркі, нязгоды, але мы заўсёды ідзем адзін аднаму на саступкі.
– Яны сышліся, як вада і камень, – жартаўліва каментуе Алег Ціханавіч. – Вельмі хочацца пажыць даўжэй і пабыць удваіх. Таму мы трымаемся адзін за аднаго. І наступны, смарагдавы юбілей (55 гадоў), марым зноў сустрэць разам у коле блізкіх і родных.
Сям’я Кавецкіх занесена ў Ганаровую кнігу юбіляраў раёна. На памяць аб хвалюючым дні залатога вяселля ў Алега Ціханавіча і Святланы Сцяпанаўны застануцца пасведчанне асаблівага ўзору і фотаздымкі з урачыстасці. Яны стануць чарговай яркай старонкай у сямейным альбоме, падзякай за працу іхняй душы, пастаянную і бесперапынную.
Аліна ЦЫГАНІЙ.
Фота аўтара і з асабістага
архіва сям’і Кавецкіх.