Беларусь плануе за пяць гадоў павялічыць вытворчасць малака амаль на 15%
Беларусь плануе за пяць гадоў павялічыць вытворчасць малака амаль на 15%. Пра гэта распавёў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло ў інтэрв’ю праграме “Панарама” на тэлеканале “Беларусь 1”.
“Задачы на бліжэйшую пяцігодку дастаткова амбіцыйныя. Мы паставілі сабе мэту павялічыць вытворчасць малака да 9,2 млн т (практычна на 15%), мяса ўсіх відаў – да 2 млн т. Мэта па экспарце – $7 млрд. Вядома, у Расею мы столькі ўжо не паставім прадукцыі, трэба выходзіць на іншыя рынкі”, – адзначыў Ігар Брыло.
Ён закрануў і пытанне замацавання моладзі на сяле. “Для выпускнікоў трэба стварыць сацыяльны пакет. Мы прынялі і прымаем шэраг нарматыўных прававых актаў, якія будуць спрыяць гэтаму. Перш за ўсё ствараем нейкую матэрыяльную базу, каб на працягу пяці гадоў малады спецыяліст мог атрымліваць пэўныя грашовыя даплаты. Прапрацоўваем пытанні выдачы пазык, льготных крэдытаў, пазык маладым спецыялістам. Гэта крапатлівая праца”, – адзначыў намеснік міністра.
Падрыхтавана па матэрыялах сайта БелТА.