Темы

15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

…А раны на сэрцы ніколі не загояцца

15 лютага мы адзначаем адначасова тужлівую і ўрачыстую дату – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, – якая прымеркавана да дня вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войск з Афганістана.

 Вось ужо прамінулі трыццаць два гады, як 15 лютага 1989 года мост памежнай ракі Амудар’я пад Тэрмезам перайшоў апошні савецкі салдат з абмежаванага кантынгенту войск у Афганістане. Скончылася вайна, якая працягвалася 9 гадоў, 1 месяц і 18 дзён, дзе нашы ваеннаслужачыя, праяўляючы мужнасць, самаадданасць і адвагу, добрасумленна выконвалі свой салдацкі абавязак і інтэрнацыянальны доўг.

У Афганістане з 1979 па 1989 гады праходзілі службу больш за 30 тысяч ураджэнцаў Беларусі, з якіх 789 загінулі, а 12 лічацца зніклымі без вестак. І ў гэтым жалобным спісе пазначаны прозвішчы нашых землякоў: прапаршчыкі Генадзь Бельскі і Міхаіл Зайцаў, радавы Міхаіл Лапо.

За дзевяць ваенных гадоў з гонарам прайшлі выпрабаванні на трываласць характару, мужнасць, гатоўнасць аказаць дапамогу, выручку і больш за 170 ураджэнцаў Бялыніцкага раёна, многія з якіх і па сёння дастойна працуюць на карысць роднай Беларусі, уносяць асабісты ўклад ва ўмацаванне згоды ў грамадстве, выхаванне падрастаючых пакалення ў духу патрыятызму, стойкасці і самаадданага служэння Айчыне.

Якімі б супярэчлівымі ні былі ацэнкі той вайны, але ніхто не ставіць пад сумненне гераізм і патрыятызм савецкіх салдат і афіцэраў, якія здзейснілі подзвіг у імя міру і спакою на ўсёй зямлі. Гэты іхні подзвіг застаецца трывалым маральным падмуркам для патрыятычнага выхавання моладзі. Воіны-інтэрнацыяналісты і па сёння свята захоўваюць сваё воінскае братэрства, падтрымліваюць адзін аднаго і сем’і баявых сяброў, сумленна працуюць, удзельнічаюць у грамадзянска-патрыятычным выхаванні.

Гісторыя стварэння нашай раённай арганізацыі РГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» сягае ў канец 1980-х гадоў, калі па ініцыятыве тадышніх старшыняў: райвыканкама – Пятра Пацюпіна, пасялковага савета – Аляксея Віннікава, з удзелам прадстаўнікоў райкама камсамола ў райваенкамаце прайшла сустрэча з мясцовымі воінамі-«афганцамі». Вынікам яе стала прынятае рашэнне аб стварэнні раённага Клуба ветэранаў вайны ў Афганістане, які да 1990 года ўзначальваў Аляксандр Далжанкоў. Першапачаткова ў склад яго ўвайшло каля 40 былых воінаў-«афганцаў». Клуб дзейнічаў пры райваенкамаце. Затым кіраўніком яго стаў работнік райваенкамата маёр Віктар Капылоў. Віктар Васільевіч у 1993 годзе плённа і паспяхова займаўся і пытаннямі рэарганізацыі раённага Клуба ветэранаў вайны ў Афганістане ў раённую арганізацыю РГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», якое ў гэтым самым годзе было зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь. На сваёй грамадскай пасадзе маёр Віктар Капылоў плённа і з творчым агеньчыкам працаваў да 18 сакавіка 2000 года, калі на агульным сходзе бялыніцкіх воінаў-інтэрнацыяналістаў кіраўніком райарганізацыі быў выбраны аўтар гэтых радкоў.    

Зараз на ўліку ў нашай райарганізацыі знаходзіцца 61 воін-інтэрнацыяналіст, двое з якіх з’яўляюцца ўдзельнікамі баявых дзеянняў у Егіпце.

Галоўным кірункам нашай грамадскай дзейнасці з’яўляецца патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення і падрыхтоўка яго да службы ва Узброеных Сілах Беларусі. Таму былыя воіны-«афганцы» выступаюць перад вучнямі, дапрызыўнікамі, праводзяць для іх разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы.

Былы воін-інтэрнацыяналіст Аляксандр Далжанкоў заснаваў і паспяхова ўзначальвае вельмі папулярнае сярод бялыніцкіх падлеткаў патрыятычнае ваенна-спартыўнае аб’яднанне «Дынамавец», што дзейнічае на базе МЦ «Ветразь». Выхаванцы Аляксандра Аляксеевіча, сярод якіх і дзяўчаты, і гэтак званыя «цяжкія» школьнікі, рэгулярна і з вялікім поспехам удзельнічаюць у спаборніцтвах па змешаных адзінаборствах самага рознага ўзроўню, прадстаўляючы на іх не толькі родны раён, але і ўсю Магілёўшчыну.

Рэгулярна праводзім спартыўныя спаборніцтвы, якія прысвячаюцца памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, актыўна ўдзельнічаем у штогадовых рэгіянальных сустрэчах воінаў-«афганцаў» Бялыніцкага, Круглянскага, Магілёўскага і Шклоўскага раёнаў. На жаль, чарговая з іх, якую павінна была прымаць сёлета Бялыніччына, з-за каранавіруснай пандэміі не адбудзецца. Таксама на магілах памерлых воінаў-«афганцаў» устанаўліваем памятныя знакі, а напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў наведваем іх пахаванні і ўшаноўваем памяць сваіх ваенных пабрацімаў.

Райарганізацыя РГА БСВВА праводзіць іншыя мерапрыемствы па яднанні сваіх братоў па зброі, маральна, матэрыяльна падтрымлівае тых, каму спатрэбіцца дапамога. Мы заўсёды знаходзім падтрымку як у кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў, гаспадарак і ўстаноў раёна, так і на ўзроўні райвыканкама.

…Памяць пра тую вайну не пакідае нашы сэрцы. Магчыма, ветэраны яе больш за іншых разумеюць, што такое мір і што нясе з сабой вайна, што такое жыццё і смерць. А памяць пра вайну, загінулых на ёй баявых сяброў, саслужыўцаў шчымлівым болем адгукаецца ў сэрцах ўсіх яе ўдзельнікаў.

Віктар ПАДОЛЬСКІ,

старшыня райарганізацыі РГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», маёр запасу.

Фота Міхася КАРПЕЧАНКІ.

 

Ён любіць слухаць цішыню

На Бялыніччыне, у Магілёўскай вобласці Аляксандр ЮШКЕВІЧ – чалавек і вядомы, і пазнавальны.

 На яго жыццё, асабліва ў маладыя гады, прыпала вельмі шмат выпрабаванняў. Некаторыя з іх маглі б аказацца не па сіле нават загартаванаму даросламу чалавеку. А ён, юнак, з гонарам, нібы праз агонь, воды і медныя трубы, прайшоў праз іх, захаваўшы пры гэтым уласную годнасць, дабрыню, чалавечнасць і міласэрнасць.

Не зламіўся пад цяжарам усіх нягод, выстаяў і ў такіх страшэнных выпадках, калі даводзілася трымацца з самых апошніх фізічных і маральных сіл, выжываючы праз пакуту. Калі смерць хадзіла побач. Калі лёгка можна было ўпасці ў адчай ці баязлівасць. Калі сваю нерашучасць можна было лёгка апраўдаць той сітуацыяй, што на той момант склалася: маўляў, не было ніводнай магчымасці паступіць інакш. Так рабілі і робяць многія, дрыжачы за сваё здароўе, калоцячыся за жыццё, усімі даступнымі сродкамі дабіваючыся прыхільнасці і любові начальства. Абы толькім самім было добра ды  жылося шчасліва.

Але, на шчасце, ёсць і такія, як Аляксандр Юшкевіч. Людзі-арыенціры. Людзі-прыклады.    

Ён рана страціў тату. Сашу не споўнілася яшчэ і дзесяці гадоў, як хлопчык асірацеў, назаўсёды развітаўшыся з бацькам Піліпам Антонавічам. Дзіцячым розумам ён у тыя горасныя дні зразумеў, што яму трэба падтрымліваць маці, Лідзію Андрэеўну. Хочаш не хочаш, а давялося вельмі хутка стаць не па гадах дарослым, галоўнай адзнакай чаго з’яўляецца асабістая і выключна высокая адказнасць за свае словы, уласныя ўчынкі, паводзіны. І Аляксандр Піліпавіч гэту адказнасць як свой духоўны крыж з годнасцю нясе праз усё жыццё, праз усе выпрабаванні ці то радасцю, ці то бядой. І ніколечкі не шкадуе, што выбраў такі шлях, што выпала яму такая доля.

У школьныя гады ён вызначыўся і са сваёй будучай прафесіяй. Хоць быў і гараджанінам, а нарадзіўся Аляксандр Піліпавіч 21 верасня 1968 года ў Бялынічах, марыў працаваць на зямлі. Яму з дзяцінства падабалася сакральная цішыня жытнёвага поля з блакітнымі хустачкамі сінявокіх васількоў, аксамітавая маладая рунь з жаўруковымі песнямі, што даносіліся з-пад акварэльных аблокаў вясновага неба. Як, бадай, і ўсе юнакі, ён вельмі любіў тэхніку і ўсё тое, што было з ёй так ці іначай звязана.

Веру, што ў далейшым Аляксандр Юшкевіч стаў бы вядомым механізатарам альбо інжынерам ці старшынёй сельгасарганізацыі.

Але настаў для бялыніцкага юнака час ісці ў армію. Выконваць свой мужчынскі і грамадзянскі абавязак. На той момант нават і слова такога, як «адкасіць» ад праходжання тэрміновай ваеннай службы не існавала. А на хлопцаў, якія па нейкіх прычынах не адслужылі ў арміі, і дзяўчаты асабліва не заглядаліся, бо які з такога атрымаецца гаспадар сям’і, калі ён не прайшоў армейскую школу жыцця?

У свае васямнаццаць гадоў Саша Юшкевіч выправіўся служыць у Савецкую Армію з радасцю і гонарам, з вялікай ахвотай.

Пасля «вучэбкі» ў Фергане, у якой юнаку давялося пераадолець сябе і загартаваць сапраўдны мужчынскі характар, ён патрапіў служыць у 350-ы полк 103-й Паветрана-дэсантнай дывізіі, якой камандаваў легендарны генерал-маёр, Герой Савецкага Саюза (1988) Павел ГРАЧОЎ. Дывізія ў складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войск у Афганістане дыслакавалася ў Кабуле. Так для юнака з Бялынічаў пачаліся 22 месяцы самай сапраўднай вайны.

 Аўтар гэтых радкоў з добры дзясятак разоў з кароткім, што называецца, гужам падступаўся да Аляксандра Піліпавіча, каб расказаў хоць бы некалькі эпізодаў са сваёй вайны. Безвынікова. Пра баявых таварышаў гаварыў многа, у дэталях распавядаў пра сваю родную роту. А пра сябе – так, спехам, як бы між іншым.

Даведаўся, што баявая рота, у складзе якой праходзіў тэрміновую службу Аляксандр Юшкевіч (толькі ўявіце сабе!), за 22 месяцы ўдзельнічала ў больш за паўсотню значных баявых аперацый. У адной з іх, ці не самай жорсткай, загінуў кожны трэці: з 60 байцоў і камандзіраў сумнавядомым «грузам-200» вярнуліся да бацькоў, жонак і дзяцей, вярнуліся ў родную зямлю 20 чалавек.

-Спачатку нават не верылася, – прыгадвае той страшэнны момант Аляксандр Піліпавіч, – што яны – забітыя, што іх ужо няма! Што ўжо ніколі з імі не пагавару. Яшчэ ўчора з некаторымі пра нешта марылі. Уяўлялі сабе, як праз год вернемся дамоў, чым зоймемся на грамадзянцы… А зараз… Ляжаць хлопцы… Маладыя, можа, яшчэ і зусім не пацалаваныя дзяўчатамі. Звыкнуцца са смерцю немагчыма!

Часта ўспамінаю і, здаецца, бачу як жывых сваіх баявых сяброў – Ігара ШАШКІНА, Віктара ДЫМАВА, Ігара БОНДАРАВА…

У гарах Афганістана смерць хадзіла і за ім, Аляксандрам Юшкевічам.

У снежні 1987 года ўзвод, у якім ён служыў намеснікам камандзіра, патрапіў у акружэнне «душманаў». Падчас прарыву Аляксандр прыкрываў адыход сваіх байцоў. Быў цяжка паранены. Каля трох месяцаў лячыўся ў шпіталі. Пасля выздараўлення камандаванне вырашыла перавесці адважнага дэсантніка для далейшага прахаджэння тэрміновай службы ў вайсковую часць, што дыслакавалася ў горадзе Тула. Мусіць, хацела зрабіць для салдата палёгку. Але Аляксандр Юшкевіч катэгарычна не пагадзіўся з такім рашэннем і дабіўся-такі таго, каб яму дазволілі прадоўжыць службу тут, у Афганістане, і ў сваёй роднай і любімай роце.

-Гэта быў мой усвядомлены выбар, – патлумачыў Аляксандр Піліпавіч. – Той, хто прайшоў баявымі дарогамі гарачы Афган, ніколі не будзе хавацца за чужыя плечы. 

А ў гэты час у далёкіх ад Афганістана Бялынічах вельмі непакоілася за сына маці. Каб не загінуў! Каб не параніла! Каб у палон не патрапіў! Колькі бяссонных ночай праплакала-адгаласіла Лідзія Андрэеўна! Гэта вядома толькі адной ёй.

Аднойчы ў гутарцы сённяшняя стараста вёскі Пільшычы Ганна БУЧМАНАВА, якая акурат у той час працавала паштальёнам у Бялынічах, згадала, як моцна перажывала за Сашу яго маці.

-Калі, перабіраючы пісьмы, – расказвала Ганна Піліпаўна, – знаходзіла ліст ад Сашы, адразу ж несла яго Лідзіі Андрэеўне. На аўтавакзал, дзе яна працавала дыспетчарам, альбо дамоў. Ведала, як яна чакае ад яго вестачку. І тую радасць яе мне цяжка, немагчыма перадаць ніякімі словамі.

У снежні 1989 года дэсантнік Аляксандр Юшкевіч вярнуўся да дому. Але мірнае жыццё давалася ўчарашняму воіну-інтэрнацыяналісту не так ужо і лёгка. Прыстасавацца, а тым больш – знайсці сябе ў ім, як, да слова сказаць, і многім учарашнім воінам «афганцам», яму таксама было досыць складана. Яшчэ не адзін год здані недалёкага мінулага чорнымі хмарамі выбухаў, няшчадна-пякучым сонцам вярталіся да яго па начах, у сны: і крычаў, і плакаў, і халодным потам аблівалася ўсё цела.

Даволі складаным аказаўся і выбар мірнага занятку. Паступіў вучыцца на факультэт фізічнага выхавання МДУ імя А. Куляшова. Але хутка зразумеў, што гэта зусім не яго справа. І тут паспрыяў выпадак: сябры падказалі, што ў Бялыніцкім РАУСе ёсць вакантныя пасады. Так на самым пачатку лістапада 1990 года Аляксандр Юшкевіч апрануў міліцэйскую форму і заняў пасаду памочніка аператыўнага дзяжурнага АДС райаддзела міліцыі, потым прадоўжыў служыць міліцыянерам аддзялення патрульна-паставой службы. У 1992 годзе вярнуўся ў аператыўную дзяжурную часць РАУС, дзе і праслужыў на пасадах памочніка аператыўнага, старшага аператыўнага дзяжурнага да выхаду на заслужаны адпачынак.

Калегі распавядаюць, што лейтэнант міліцыі Аляксандр Юшкевіч, праслужыўшы ў РАУС дваццаць шэсць гадоў, увесь гэты перыяд свае службовыя абавязкі выконваў узорна, адказна і прафесійна. Да чаго прывык яшчэ з ранняга дзяцінства. Як да гэтага прывучыў і сваіх сына з дачкой.

Раман працуе намеснікам кіраўніка калектыву магазіна «ХІТ», што ў Бялынічах. Вольга зараз вучыцца на другім курсе Мінскага юрыдычнага каледжа. Пайшла, можна сказаць, па бацькавых слядах.

-Мне дужа пашанцавала з жонкай,– прызнаецца Аляксандр Піліпавіч. – Наталля Анатольеўна, якая працуе бухгалтарам дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот, у свой час вельмі дапамагла мне ўтрымацца на маіх пасляафганскіх жыццёвых хвалях і віражах. Хутка будзе трыццаць гадоў як разам жывём: рука ў руку, душа ў душу.

Што ж да дзяцей, то выхоўваем іх на сваіх прыкладах. Чытаць ім мараль, расказваць, як правільна сябе трэба паводзіць у той ці іншай сітуацыі, гэта лічу пустым заняткам. У дзяцей ёсць бацька, ёсць маці. На іх глядзіце, на іх жыццёвых сітуацыях вучыцеся. А галоўнейшы пасыл, ён жа ад веку людскога вядомы ўсім: ты павінен так адносіцца да людзей, як хацеў бы, каб яны так ставіліся да цябе!   

Аляксандр Піліпавіч актыўна ўдзельнічаў і ўдзельнічае і ў грамадскім жыцці раёна. Ён узначальвае савет пярвічнай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск, з’яўляецца намеснікам старшыні райарганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», клапоціцца пра папаўненне экспанатамі музея гісторыі РАУС, выбіраўся дэпутатам райсавета дэпутатаў некалькіх скліканняў, у тым ліку і бягучага, дваццаць восьмага.

-Па меры сіл і магчымасцяў заўсёды стараюся дапамагчы чалавеку, – кажа Аляксандр Юшкевіч. – Я добра ведаю, што такое ўзаемавыручка, узаемадапамога, плячо чалавека, якое было падстаўлена табе ў цяжкі момант. Аказваць людзям дапамогу, быць патрэбным ім і запатрабаваным імі – гэта ўсё роўна як донарства: здаўшы кроў дзясятак разоў, ты проста ўжо мусіш яе здаваць, бо гэтага патрабуе твой арганізм. 

Не так даўно на чарговай сесіі райсавета дэпутатаў Аляксандр Юшкевіч быў выбраны дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу.

Аляксандр Піліпавіч чакае, што на гэтым форуме будуць прапанаваны канкрэтныя тактычныя і стратэгічныя мерапрыемсты па павышэнні ролі і значымасці мясцовага кіравання і грамадскага самакіравання, пашырэнні іх паўнамоцтваў і мажлівасцяў у сацыяльна-эканамічнай і іншых сферах.

-Мне, – тлумачыць ён, – вельмі хацелася б, каб дэлегаты УІ Усебеларускага народнага сходу прынялі такія рашэнні, якія потым мы, усім грамадствам, супольна, нягледзячы на пэўныя палітычныя разыходжанні ў сваіх поглядах, з вялікім энтузіязмам будзем рэалізоўваць, увасабляючы прынятыя планы і заданні ў наша рэальнае жыццё.

Аб тым, што жыццёвы шлях майго сучасніка, бялынічаніна Аляксандра Юшкевіча быў нялёгкім і няпростым, на якім знайшлося месца подзвігам, мужнасці, адвазе, вытрымцы, узорнай працы, сведчаць яго дзяржаўныя ўзнагароды: ордэн Чырвонай Зоркі, медалі «За баявыя заслугі», «За бездакорную службу» III ступені, іншыя шматлікія ўзнагароды Афганістана, СССР, Рэспублікі Беларусь.

Міхась КАРПЕЧАНКА.

 

Прайшоў праз полымя Афганістана

Асабістымі гісторыямі ўдзельнікі вайны ў Афганістане дзеляцца неахвотна. Воін-інтэрнацыяналіст Віктар ГЕНУК і зусім адмоўчваецца, маўляў, якія там геройствы–служыў вадзіцелем. І ўсё ж дзеліцца ўспамінамі: распавядае пра сябе і пра тую вайну. Ён дастае з памяці падзеі даўно мінулых дзён і раскладвае іх побач з фотаздымкамі. Фатаграфіі–чорна-белыя, успаміны–каляровыя, яркія.

Нарадзіўся і вырас Віктар Антонавіч у вёсцы Рубеж Запольскага сельсавета, вучыўся ў Замачульскай васьмігодке, і Запольскай сярэдняй школе. Потым у Магілёўскім клубе ДТСААФ атрымаў правы вадзіцеля. А 16 красавіка 1986 года прыйшла позва ў войска.

–Служыць я вельмі хацеў, з дзяцінства марыў аб вайсковай службе. У СССР гэта быў ганаровы абавязак кожнага грамадзяніна, – распавядае Віктар Антонавіч. – Адразу пасля прызыву я трапіў у г. Кушку, там тры месяцы вучылі, як выжываць на вайне. Добра, што вытрымкі і стараннасці хапала, а затым прыйшло і разуменне, што на полі бою важней за ўсё ацэньваць сітуацыю.

10 жніўня Віктара Генука перавезлі праз мяжу, дзе ён трапіў у автобат – 602-ой асобныбатальён, вадзіцелі якога рэгулярна здзяйснялі рэйсы ў глыб Афганістана–забяспечвалі армію ўсім неабходным.

–Гэта быў свой вопыт, сваё сталенне. І гэта была досыць небяспечная праца, – успамінае воін-афганец. – Мы не ваявалі непасрэдна, але забяспечвалі грузы, знаходзячыся пад пастаянным прыцэлам. А ў нас быў адзін загад –дастаўка грузаў. Але страху смерці не было. Яго я пачаў адчуваць ужо праз гады, калі нарадзілася дачка, – зразумеў, што я гэтага мог ніколі не ўбачыць. А тады было проста цікава. Я не задумваўся ні пра што: ехаў у Афганістан як інтэрнацыянальны воін, абаронца радзімы. Я верыў у светлую будучыню. І ўсе верылі.

Падчас службы знаходзілася месца і весялосці. Маладыя, энергічныя салдаты ў вольны час займаліся спортам, купаліся і нават хадзілі да мясцовых жыхароў у госці.

–Калі прыбраць з Афганістана ўсё, што ставіцца да вайны, то гэта вельмі прыгожая краіна. Там ёсць і пустыня, і грады скал. Больш за ўсё запомнілася, як увесну на сопках заквітаюць макі– дух захоплівае.

Віктар Антонавіч прызнаецца, што чым бліжэй быў дэмбель, тым мацней хацелася дамоў, убачыць бацькоў. Калі вярнуўся, жыццё пацякло сваёй чаргой. Працаваў у саўгасе ў Падзевічах, у 1992 годзе на танцах пазнаёміўся з будучай жонкай.

–Галоўнае, выжыў! А самыя важныя дасягненні – жонка, дачка і ўнук, –дзеліццаВіктарГенук.

Зараз воін-афганец працуе ў Запольскім ФАПе вадзіцелем. А пра службу стараецца лішні раз не згадваць, хоць ні пра што не шкадуе.

Аліна ЦЫГАНІЙ.

Фото аўтара.

 

 

Последние новости

Официально

ФСЗН разъяснил о праве на пособия в повышенном размере – только при фактическом проживании  на территории  радиоактивного загрязнения

29 марта 2024
Общество

Прокурор Белыничского района рассказал об изменениях в законодательстве о государственных закупках

28 марта 2024
Выборы 2024

ЦИК Беларуси зарегистрировал кандидатами в члены Совета Республики 56 человек

28 марта 2024
Новости Беларуси

Минприроды предлагает 30 марта принять участие в международной экологической акции “Час Земли”

28 марта 2024
Новости района

Соревнования по мини-футболу в рамках проекта «Мой школьный футбольный клуб» прошли на базе СШ №2

27 марта 2024
Новости Беларуси

Размер суточных для служебных командировок в пределах Беларуси повышается до 12 рублей в сутки

26 марта 2024
Всебелорусское народное собрание

Ирина Фурсова и Николай Даречкин выдвинуты кандидатами в делегаты Всебелорусского народного собрания

26 марта 2024
Новости района

Белыничанин Никита Калистратов стал победителем Гранд-финала 13-го сезона проекта «100 идей для Беларуси»

25 марта 2024
Главное

Резервов предостаточно. Александр Лукашенко видит серьезный потенциал для роста товарооборота с Омской областью России

25 марта 2024
Актуально

В Белыничском райобъединении профсоюзов пройдет приём граждан

25 марта 2024

Рекомендуем

Выборы 2024

Алексей Кушнаренко выдвинут кандидатом в члены Совета Республики

18 марта 2024
Новости района

Широко и весело прошли масленичные гулянья в агрогородке Вишов

16 марта 2024
Актуально

Группа по гражданству и миграции проведет выездной прием граждан

18 марта 2024
Главное

Митинг-реквием, посвященный Дню памяти сожженных деревень, прошел на мемориальном комплексе «Стефаново»

21 марта 2024
Новости района

В Белыничском районе проходит день информирования

21 марта 2024
Новости района

В Белыничском лесхозе прошел республиканский пресс-тур по подготовке системы лесного хозяйства района к пожароопасному периоду

21 марта 2024
Главное

Александр Лукашенко вручил госнаграды депутатам и сенаторам

21 марта 2024
Главное

На связи Байконур. Лукашенко проводит встречу с космонавтами Новицким и Василевской

19 марта 2024