Імя яму – хлебароб

Сёлета спецыяльная прэмія райвыканкама «Чалавек года» ў намінацыі «Вытворчая дзейнасць» была прысуджана трактарысту-машыністу СВК «Калгас «Радзіма» Ігару ШЧОЛУХАВУ.

Нягледзячы на павышаную ўвагу, у тым ліку і з боку журналістаў, механізатар застаецца такім жа простым і сціплым. Узнагароды для яго прыемная, але, як ён сам прызнаецца, далёка не галоўная частка працоўнай дзейнасці.

Некалькі дзясяткаў гадоў Ігар Васільевіч шчыруе на палетках аднаго з лепшых сельгаспрадпрыемстваў рэспублікі. Пасяўная, сенакос, жніво, зноў пасяўная, і так па коле год за годам. Адказнае стаўленне да працоўных абавязкаў, узорнае выкананне сельгасработ і ўтрыманне ў парадку даверанай тэхнікі – вось гэтыя тры «кіты», на якіх трымаюцца яго дасягненні.

У час сёлетняй пасяўной Ігар Шчолухаў выпрабоўваў на палетках гаспадаркі новую сеялку фірмы «Полымя», размах якой складае 12 метраў. Гаворыць, што працаваць на гэтым агрэгаце было вельмі цікава, за дзень ім атрымлівалася засеяць больш за 100 гектараў пашні.

Цяпер у СВК «Калгас «Радзіма» поўным ходам ідзе сяўба кукурузы і Ігар Васільевіч на сваім «Джон-Дзіры» асвойвае па паўсотні гектараў штодзень ужо на кукурузнай сеялцы. Сёння яго чакае клін пашні каля вёскі Супшынка, і толькі для карэспандэнта раённай газеты механізатар на хвіліну спыняецца, каб зрабіць фотаздымак. Наперадзе ў рупліўца яшчэ доўгі працоўны дзень, але ён абяцае быць прадуктыўным.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара.
 

Print Friendly, PDF & Email