Сям’я і дабрыня – падмурак будучага пакалення

Мінулы тыдзень прайшоў у краіне пад знакам моладзі. Шэраг мерапрыемстваў, якія ладзіліся і ў нашым раёне, былі накіраваны на ўмацаванне прэстыжу маладзёжнага руху. 23 і 24 чэрвеня праходзілі як Дні маладой сям’і і дабрыні адпаведна.
Па словах Алены ГРЫБАЙЛАВАЙ, бібліятэкара раённай бібліятэкі, сям’я – крыніца любві, павагі і салідарнасці. Немалаважную ролю ў працэсе маральнага і духоўнага выхавання маладой сям’і, яе ўмацавання адыгрывае бібліятэка і кніга.
23 чэрвеня наведвальнікі ўстановы паўдзельнічалі ў асветніцкай акцыі «Усёй сям’ёй да нас прыходзьце!», прымеркаванай да Дня маладой сям’і. У рамках яе любую літаратуру ці інфармацыю на электронных носьбітах, прысвечаную праблемам маладых сем’яў, жыцця сям’і ў сучасным свеце, з фондаў чытальнай залы і літаратуры павышанага попыту, жадаючыя маглі ўзяць на дом бясплатна.
Акцыю арганічна дапоўніла кніжная выстава пад назвай «Шчаслівая сям’я – крышталь грамадства», на якой былі прадстаўлены кнігі, якія раскрываюць сакрэты шчаслівага сямейнага жыцця: пра тое, як правільна пабудаваць бюджэт сям’і, як стварыць хатні ачаг, карысныя рэкамендацыі для правільных зносін і паводзінаў.
Таксама на базе раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшло мерапрыемства «Рабі дабро», якое для інвалідаў, што наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання, арганізавала РА Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Марта ШАРАПАВА, старшыня райарганізацыі адзначыла:
– Валанцёры правялі майстарклас па маляванні фарбамі на вадзе ў тэхніцы «Эбру». Усе былі рады зрабіць нешта незвычайнае сваімі рукамі і парадаваць незвычайнымі падарункамі блізкіх людзей. Мерапрыемства падарыла ўдзельнікам шэраг прыемных уражанняў і станоўчых эмоцый.
У гэты ж дзень валанцёрскія мерапрыемствы праходзілі і ў раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Як адзначыла яго дырэктар Інэса УСАВА, выхаванцы, размаўляючы з дзецьміваланцёрамі, весела і карысна правялі дзень і з нецярпеннем будуць чакаць новай сустрэчы. Педагог дадатковай адукацыі МЦ «Ветразь» Марыя РУГАЛЬ арганізавала творчую майстэрню «Аплікацыя з выкарыстаннем другасных матэрыялаў», падчас якой выхаванцы цэнтра сумесна з валанцёрамі атрада «Садружнасць» наклейвалі пенапласт на папяровыя фігуркі. У рамках забаўляльна-гульнявой праграмы «Нашы добрыя справы» настаўнік-дэфектолаг установы Ірына Савянкова з дзецьмі слухалі і спявалі песні з мультфільмаў, саджалі «сад дабрыні», успомнілі пра добрыя і карысныя ўчынкі, якія яны здзейснілі ў гэтым навучальным годзе.
Завяршэннем Дня дабра стаў прагляд мультыплікацыйных фільмаў «Кот Леапольд», які робіць дзіцячыя
сэрцы яшчэ больш добрым.
Наталля БАРОДЗЬКА.
Фота з архіваў бібліятэкі і ЦКРНіР.