У лясныя нетры – на Скандзіку!

Не ведаю, як вам, а, напрыклад, мне дагэтуль ніколі не даводзілася не тое што пакатацца на снегаходзе, але нават і ўбачыць яго, як кажуць, «ужывую». Разглядала з вялікай зацікаўленасцю. Статны жоўта-чорны «амерыканец» фірмы Skandic з кіраваннем, аналагічным матацыклетнаму, толькі ўсе пераключэнні робяцца ўручную. Спераду замест колаў дзве шырокія лыжыны, ззаду – гусеніцы. У гэтым годзе з гаража ДЛГУ «Бялыніцкі лясгас» яго вывезлі ўпершыню.
Садзіцца на гэтую машыну можна, толькі калі вышыня снежнага покрыва дасягне не менш за 20 см. У мінулым годзе, калі лясныя дарогі былі завалены снегам ледзь не да пояса, Скандзік добра выручаў егераў. А да таго ‒ пэўны час таміўся без справы: такія былі зімы. Эксплуатуюць яго нячаста: то на машынах да прыкормачных пляцовак у лясную глуш дабіраюцца (добра што дарогі дазваляюць), у іншы раз ‒ і на лыжы становяцца. У лясгасе Скандзік спраўна, без адзінай паломкі, «адпрацаваў» ужо цэлых восем гадоў, як прызнаўся егер Яўген ЯЦКОЎ. Ужо хто-хто, а ён ведае гэтага механічнага «памочніка» як свае пяць пальцаў: за 5 гадоў працы не раз і не два садзіўся на снегаход. Як-ніяк, даручаны Яўгену Фёдаравічу егерскі абход №3 – самы вялікі ў лясгасе, ледзь не паўраёна займае – 30 тысяч гектар. Прасціраецца ад Вялікай Машчаніцы да Алешкавічаў, Іскры, Васількоў… Нават калі і захочаш – без тэхнікі ўвесь не абыдзеш!
Вось і зараз егер Яцкоў разам з калегам пагрузіў Скандзіка ў прычэп для легкавога аўтамабіля. Там жа вядро для збожжа і тры цяжкіх «жорны» саланцоў – пачастунак для капытных насельнікаў лесу. На тэрыторыі егерскага абходу налічваецца 300-350 галоў казулі, 150 ласёў і каля 250 аленяў. Ёсць яшчэ і непажаданыя віды драпежных жывёлін – лісы, янотападобныя сабакі, ваўкі. Іх не падкормліваюць, наадварот – кантралююць колькасць адстрэлам. Бываюць тут і дзікі. Як вядома, эпідэмія афрыканскай чумы свіней, якая распаўсюдзілася ў апошнія гады сярод гэтых жывёл, стала прычынай іх амаль пагалоўнага адстрэлу.
Наш аўтамабіль са снегаходам у прычэпе зварочвае на Машчаніцу і спыняецца ў самым канцы вёскі. Далей дарога вядзе міма могілак, праз вялізныя калгасныя палі ў лясную глуш, дзе і знаходзіцца адна з пяці прыкормачных пляцовак егерскага абходу. І ехаць па ёй нам прыйдзецца ўжо на снегаходзе.
Мы несліся па заснежаным полі з хуткасцю амаль 60 км у гадзіну. Я падстаўляла твар студзёнаму марознаму ветру і з захапленнем назірала цудоўныя карціны прыроднай ідыліі. Пад лыжамі і гусеніцамі распасцёрлася бязмежнае снегавое палатно, усё вытканае ўзорамі звярыных слядоў. З розных краёў на поле забягалі статкі казуль, частаваліся рапсавымі парэшткамі, якія дзе-нідзе выглядалі з-пад снегу. Ледзь пачуўшы грукат матора, яны грацыёзнымі скачкамі кідаліся ў лясныя зараснікі.
Падкормачная пляцоўка – гэта дзве паляны, на адной з якіх строгім маўклівым вартавым узвышаецца старая паляўнічая вышка. Пад ёй – невялікі свіран са збожжам. У пачатку сезона сюды засыпалі 4 тоны ячменю, да сярэдзіны зімы засталося менш за палову. Яўген набірае вядро збожжа і адносіць на першую паляну. Тут на рэштках недаедзенага жывёламі пачастунку харчуецца і гаманліва шчабеча цэлы гурт лясных маленькіх птушак.
На другой паляне – кармушка для капытных: чатыры бервяны, пакладзеных у выглядзе зруба, на двух верхніх – паглыбленні для саланцоў. Дакладней, так яны павінны быць пакладзены.
«Зноў усё разбурылі!» – са смяшынкай у голасе бурчыць Яўген і укладвае цяжкае бярвенне акуратна адно на другое. Аказваецца, гэта ласі часта любяць так пахуліганіць: чэшуцца аб кармушкі рагамі і развальваюць усё збудаванне.
Ад’язджаем. Падкормачная пляцоўка застаецца пустуючай, як і перад нашым прыездам. Толькі гаманлівыя птушыныя насельнікі лесу весела накінуліся на свежае падсыпанае збожжа. Казулі і алені прыйдуць на пачастунак пазней. Асцярожныя ж ласі наведаюцца, хутчэй за ўсё, толькі ў начной цемры.
Метэаролагі абяцаюць, што канец зімы будзе марозным і снежным. Калі прагнозы спраўдзяцца, то Скандзік яшчэ не раз прыйдзе на дапамогу егерам, бо падкормліваць сваіх падапечных ім трэба прыкладна адзін раз на тры дні. Ды і іншых спраў у лесе ў егераў зімой дастаткова!
Лілія АПАРОВІЧ.
Фота аўтара.