Цяхцінскі філіял ДШМ адзначыў Дзень роднай мовы

21 лютага адзначаўся Міжнародны Дзень роднай мовы.
Далучыўся да гэтай важнай падзеі і Цяхцінскі філіял ДШМ. Сумесна з сельскай бібліятэкай была праведзена літаратурная кампазіцыя “Звіні, мая светлая родная мова!”
Пачалося мерапрыемства ў этнаграфічным кутку “Беларуская хатка”. Бібліятэкар Плехава Таццяна Міхайлаўна пазнаёміла вучняў з прадметамі народнага побыту. Дзеці ўбачылі кросны, куфар, печку, збаны, прас, серп, ручнікі і іншыя прылады сялянскай працы, запомнілі іх назвы.
Пасля цікавай экскурсіі вучні перайшлі ў чытальную залу бібліятэкі да кніжнай выставы “У родным слове – цэлы свет!” Спачатку Таццяна Міхайлаўна нагадала некаторыя гістарычныя факты аб узнікненні беларускай мовы. Дзеці даведаліся, што ў 15 – 16 ст. у Вялікім Княстве Літоўскім беларуская мова была дзяржаўнай, на ёй размаўлялі, вялі перапіску і афармлялі дакументы.
Ля стэнда, прысвечанага роднай мове, прагучалі ўрыўкі з вершаў аб Беларусі Я. Купалы, Я. Коласа, Л. Геніюш, Г. Бураўкіна, Р. Барадуліна і іншых беларускіх паэтаў.
Вучні прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемстве. У конкурсах па фальклоры яны працягвалі прыказкі і прымаўкі, адгадвалі загадкі. Увазе дзяцей быў прадстаўлены кошык літатарурных прысмакаў, дзе можна было выбраць любы твор на свой густ, а таксама прыняць удзел у квілт – прызнанні “Я люблю родную мову” .
За правільныя адказы атрымалі падарункі – прыгожыя закладкі для кніг з беларускім арнаментам.
Напрыканцы сустрэчы прагучалі вершы на беларускай мове ў выкананні навучэнцаў тэатральнага класа ДШМ, а іх настаўніца прачытала некалькі твораў Пімена Панчанкі пра родную мову. Шчырыя, неабыякавыя радкі паэта ўразілі дзяцей, закранулі іх маленькія сэрцайкі і душы.
І я на клюкву “журавіны”
Не прамяняю, не аддам.
І светлы край наш жураўліны
Я дзецям ціха перадам.
Вольга Астаф’ева
настаўнік тэатральнага класа ДШМ