Для павышэння ўзроўню бяспекі насельніцтва у раёне з 25 студзеня па 24 лютага прайшоў месячнік пажарнай бяспекі

Старшы інспектар СНіП РАНС Дзмітрый ШАЎЧОНАК сумесна з карэспандэнтам райгазеты наведалі населеныя пункты Запольскага сельскага савета. Першым прыпынкам стаў будынак мясцовага органа ўлады, дзе праходзіла пасяджэнне СГПАП. На ім прысутнічалі старшыня сельсавета Святлана ВАЛЧКОВА, участковы інспектар РАУС Кірыл НАВУМАЎ, дырэктар Запольскай СШ Лілія ДУДКІНА і медсястра мясцовай амбулаторыі Таццяна МІНЧУК. На пасяджэнні былі разгледжаны матэрыялы ў дачыненні да грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку ў праваахоўных органах, вядуць асацыяльны лад жыцця, схільныя да супрацьпраўных паводзін, не працуюць, злоўжываюць спіртным, і тых, хто абавязаны па Дэкрэце №18 выплачваць расходы, затрачаныя дзяржавай на выхаванне іх непаўналетніх дзяцей. Удзельнікі СГПАП накіроўваюць іх, спрабуюць зрабіць так, каб у праблемных грамадзян быў яшчэ адзін шанц на выпраўленне.
Пазней Дзмітрый Шаўчонак і Святлана Валчкова адправіліся ў рэйд па населеных пунктах, каб наведаць домаўладанні адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзей, а таксама прадстаўнікоў асобных падуліковых катэгорый.
Па першым адрасе нас ветліва сустрэла жыхарка вёскі Сямікаўка Марыя Андрэеўна. У доме пенсіянеркі не ўсё гладка: пажарнага апавяшчальніка няма, на кухні ўстаноўлена печ-буржуйка саматужнай вытворчасці, якая строга забаронена правіламі пажарнай бяспекі. У адносінах да Марыі Андрэеўны інспектару РАНС прыйшлося скласці адміністрацыйны пратакол, а таксама выпісаць штраф.
– Гэтая «буржуйка» стаіць тут ужо 60 гадоў і нічога страшнага не здарылася, – спрабуе апраўдацца пенсіянер- ка. – Што яшчэ рабіць, калі прачынаюся раніцай, а ў хаце толькі тры градусы цяпла, а другая печ няспраўная.
Жанчыне 86 гадоў і самастойна падтрымліваць у хаце парадак ёй цяжка, а ўжо тым больш сачыць за спраўнасцю пячнога ацяплення. Гэты абавязак могуць і павінны ўзяць на сябе дзеці і ўнукі пажылой жанчыны.
– У большасці выпадкаў пажары – гэта вынік бестурботнасці і грэбавання правіламі бяспекі самімі грамадзянамі, – распавядае Дзмірый Мікалаевіч. – Таму нам неабходна ўвайсці ў кожны дом, расказаць, паказаць і навучыць. Важна дастукацца да кожнага, каб змяніць стаўленне людзей да пытанняў асабістай бяспекі.
Спыталі ў жанчыны, чаму няма пажарнага апавяшчальніка, адказвае, што не разумее, навошта ён патрэбен.
– У выпадку пажару апавяшчальнік падасць гукавы сігнал і папярэдзіць аб бядзе, тым самым выратуе ваша жыццё. У мінулым годзе гэты маленькі памочнік дапамог семярым жыхарам нашага раёна, у тым ліку дзецям і пажылым людзям, – растлумачыў Дзмітрый Мікалаевіч пажылой жанчыне і нагадаў тэлефонныя нумары службы выратавання – 101 і 112.
Жыхар вёскі Макаўка Пётр Пятровіч з тых, хто жыве на выпадковыя заробкі і неабыякавы да спіртнога. Зайшоўшы ў дом, інспектар РАНС і старшыня сельсавета заспелі гаспадара, які сядзеў на ложку з цыгарэтай. За такое парушэнне, а таксама за няспраўнасць ацяпляльнага прыбора Дзмітрый Шаўчонак выпісаў мужчыне адміністрацыйны пратакол.
– Куру ў хаце толькі ў мароз, – спрабаваў рэабілітавацца ў вачах прадстаўнікоў рэйдавай групы Пётр Пятровіч. – Я і сам пажару баюся.
Аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка ў яго таксама няма. У выніку ён атрымаў прафілактычныя лістоўкі, інструкцыі па пажарнай бяспецы і напамін аб тым, да чаго можа прывесці курэнне ў ложку.
Далей паехалі ў вёску Падзевічы, каб наведаць дом маладой маці Хрысціны С., якая з-за невыканання правіл пажарнай бяспекі трапіла ў сацыяльна небяспечнае становішча. Амаль усе парушэнні выпраўлены, але комін катла на цвёрдым паліве пакуль што не атынкаваны і не пабелены. На выпраўленне недахопаў Дзмітрый Мікалаевіч даў тэрмін да канца лютага. Таксама выратавальнік нагадаў жанчыне аб недапушчальнасці пакідання дзяцей без нагляду.
Вядома, пры пільным разглядзе ў любым домаўладанні знойдуцца недахопы, аднак кожны гаспадар абавязаны памятаць, наколькі небяспечныя жарты з агнём. І паклапаціцца аб спраўнасці печы, аб рамонце электраправодкі можна загадзя, не чакаючы буйных непрыемнасцей або асаблівага часу.
РАНС нагадвае: не парушайце правілы пажарнай бяспекі! Будзьце пільныя пры абыходжанні з агнём!
Аліна ЦЫГАНІЙ.
Фота аўтара.