У прыярытэце дабрабыт кожнага ветэрана

Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў функцыянуе з 27 сакавіка 1987 года. Тады ж былі створаны абласныя, гарадскія, раённыя і пярвічныя ветэранскія арганізацыі. Сёлета спаўняецца 35 гадоў з часу ўтварэння Бялыніцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Аб асноўных кірунках яе дзейнасці карэспандэнт «Зары над Друццю» пагутарыла са старшынёй ветэранскай арганізацыі Яўгенам ЧАРНЯКОВЫМ.
– Яўген Паўлавіч, раскажыце, хто стаяў каля вытокаў стварэння ветэранскай арганізацыі ў нашым раёне?
– У 1987 годзе адбылася арганізацыйная канферэнцыя раённага савета ветэранаў, на якой былі выбраны члены савета, рэвізійная камісія і дэлегаты першай абласной канферэнцыі. Першым старшынёй райсавета стаў ветэран вайны і працы Пётр СІДАРАЎ. Потым на гэтым пасту яго змяніў былы загадчык раённага аддзела народнай адукацыі Эдуард РЫДЗЕЎСКІ. Пасля яго ветэранскую арганізацыю ўзначаліла Кацярына БАРДАЧОВА.
– Як Вы лічыце, якая на сёння галоўная задача вашай арганізацыі?
– Па-першае, гэта далучэнне грамадзян з вялікім жыццёвым вопытам да грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця краіны, патрыятычнага выхавання моладзі, перш за ўсё падрастаючага пакалення, прывіцця ім свядомых адносін да працы, вучобы, палітычнай дзейнасці, дысцыпліны, арганізаванасці і пастаяннай гатоўнасці абараняць Айчыну. Уся гэта праца вядзецца ў цесным супрацоўніцтве з іншымі дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, якія маюць дачыненне да выхавання моладзі.
Па-другое, клопат аб найлепшым забеспячэнні запытаў кожнага састарэлага чалавека. На сёння турбота аб старасці, паважлівых адносін да ветэранаў займае галоўнае месца ў сацыяльнай палітыцы дзяржавы. Толькі за апошні час урадам і Прэзідэнтам Беларусі прыняты шэраг мер па паляпшэнні матэрыяльна-бытавых умоў ветэранаў, арганізацыі іх медыцынскага абслугоўвання, пастаянным павелічэнні памераў пенсій.
Уся работа райсавета ветэранаў вядзецца на грамадскіх пачатках з прыцягненнем шырокага актыву. На працягу ўсёй гісторыі ветэранскага руху мы былі і застаемся звязуючым звяном паміж мінулым і будучым.
– Назавіце самых актыўных удзельнікаў ветэранскай арганізацыі.
– З пачуццём шчырай удзячнасці адзначу ветэранаў, якія вядуць актыўную грамадскую працу. Гэта Інэса ЗАЙКОЎСКАЯ, Алена КУРАНОК, Іля ПАНАМАРЭНКА, Святлана ЗЫБЯНКОВА, Вера КУЖАЛЬКОВА і шмат іншых. Лічу, што кіраўнікам арганізацый і ўстаноў раёна трэба лічыць сваіх ветэранаў умоўна «былымі» работнікамі і адносіцца да іх, як да дзеючых. Паколькі ўважлівыя і добразычлівыя адносіны да ветэранаў з’яўляюцца асновай аўтарытэту любога прадпрыемства.
– Скажыце, колькі ў раёне пярвічак вашай арганізацыі?
– На сёння створана і дзейнічае 20 пярвічных ветэранскіх арганізацый. Іх узначальваюць годныя, чулыя і добразычлівыя грамадзяне. Старшыні пярвічак на пастаяннай аснове падтрымліваюць сувязь з ветэранамі працы, якія ў любы момант могуць звярнуцца да іх па дапамогу са сваёй праблемай ці бядой. Работа пярвічак накіравана на вырашэнне задач сацыяльна-эканамічнай абароны ветэранаў, узмацненне актыўнасці і павышэння іх ролі ў адстойванні жыццёвых інтарэсаў састарэлых людзей. За мінулыя гады значна ўмацаваўся аўтарытэт пярвічных арганізацый. Нас чуюць, паважаюць і робяць шмат для паляпшэння матэрыяльна-бытавога і культурнага абслугоўвання грамадзян састарэлага ўзросту. Значная частка такой дапамогі паступае ад валанцёраў, вучняў навучальных устаноў раёна, якія не пакідаюць па-за ўвагай адзінокіх ветэранаў, шмат робяць па ўвекавечанні памяці загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны.
– Ведаю, што ветэранская арганізацыя вялікую ўвагу надае вольнаму часу састарэлых людзей…
– Насамрэч, так. У гэтым нам дапамагае як аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, так і раённы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пры якім дзейнічаюць шэраг разнастайных аб’яднанняў па інтарэсах. Таксама пры ветэранскай арганізацыі створаны і працуе шмат гадоў ветэранскі клуб «Надзея», які карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод пажылых людзей. У рамках яго дзейнасці пастаянна ладзяцца «салодкія» сталы, прысвечаныя разнастайным памятным датам, такім як навагоднія і калядныя святы, дні нараджэння і юбілеі, Дзень абаронцаў Айчыны, Міжнародны жаночы дзень і інш. Ёсць спонсары, якія прадастаўляюць нам сувеніры і падарункі для такіх святкаванняў. А вось жаночы хор ветэранаў існуе пры райсавеце ўжо больш за 25 гадоў і па праву носіць званне «народны». Яго выступленні карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод насельніцтва. Таксама штогадова ладзім і спартыўныя спаборнітцвы па шашках, шахматах і більярдзе з уручэннем пераможцам дыпломаў і грашовых прэмій. Давялося ўдзельнічаць у спаборніцтвах па гэтых відах спорту ў Круглым і Магілёве, дзе займалі прызавыя месцы.
Акрамя таго, прэзідыум раённага савета ветэранаў штогадова арганізоўвае турыстычна-экскурсійныя паездкі па гістарычных месцах Беларусі. Неаднаразова наведвалі ў горадзе-героі Мінску музей Вялікай Айчыннай вайны, Цэнтральны батанічны сад, Нацыянальную бібліятэку, гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», пабывалі ў Нясвіжскім замку Радзівілаў, у Слаўгарадзе на Блакітнай крыніцы, наведвалі бібліятэку-музей у аграгарадку Лясная, мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле». І гэта далёка не поўны пералік нашых экскурсій, якія мы і далей будзем арганізоўваць для нашых ветэранаў.
Хачу адзначыць, што работа ветэранскай арганізацыі адбываецца ў цесным супрацоўніцтве з мясцовай уладай, якая пастаянна аказвае нам не толькі маральную, але і матэрыяльную дапамогу ў нашай справе. Таму выказваем шчырую падзяку кіраўніцтву раёна і ўсім службам райвыканкама, якія нас падтрымліваюць.
На працягу 35 гадоў дзейнасць ветэранскай арганізацыі і яе пярвічак зноў і зноў паказвае, што нават у якасці пенсіянера магчыма цікава і актыўна жыць, дапамагаць і прыносіць рэальную дапамогу людзям, якія побач. Бо жыццёвы вопыт, прафесійныя веды кожнага з ветэранаў не маюць цаны.