Прынята лічыць, што вясну «прыносяць» гракі і ластаўкі. Аднак самыя першыя вясновыя прыметы звязаны зусім з іншай птушкай – з усім нам добра знаёмым пеўнем! Памятаеце, што заўважылі нашы продкі: калі на Стрэчанне певень вады нап’ецца з лужыны, чакай яшчэ сцюжы. Гэта значыць, вясна выдасца позняй і зацяжнай.

І менавіта вясной у аматараў прыдбаць у гаспадарку курачак пачынаюцца звязаныя з гэтым клопаты. Хтосьці купляе бройлерных куранят, хтосьці абнаўляе пагалоўе нясушак, бо максімальна прадуктыўна несці яйкі яны мо­гуць толькі ў першыя некалькі гадоў свайго курынага жыцця.
Бялынічанін Аляксандр БЕЛЬ­СКІ абзавёўся новымі сельскагаспадарчымі птушкамі яшчэ ў мінулым цёплым сезоне. Ды не абы якіх набыў – суперпаро­дзістых. Прывёз аж са Шклова, трымаў спачатку ў брудэры (спецыяльным доміку для падрошчвання куранят). Перазімавалі яны нармальна, але без сюрпрызаў не абышлося. Больш за астатніх парадавалі Аўстралорпы ‒ з дзясятка аказалася толькі двое пеўнічкаў, з Баркоўскіх Барвістых – палова, і з дзесяці Пушкінскіх – шэсць курачак і чатыры пеўнікі. Па пары ад кожнай пароды Аляк­сандр Рыгоравіч пакінуў сабе, астатніх распрадаў. Плануе вясной пасадзіць квактуху на яйкі і развесці паро­дзістае пагалоўе птушак.
Чым жа так вызначаюцца гэтыя пароды? І якімі сваімі якасцямі яны пераўзыходзяць самых звычайных курачак – проста беленькіх або карычневых, якіх звычайна трымаюць у гаспадарцы вясковыя бабулькі?
Аляксандр Бельскі лічыць сябе кураводам-пачаткоўцам, але на гэтыя простыя пытанні адказы ведае. Тлумачыць:
– Так званыя «простыя беленькія і карычневыя» курачкі – кросы, гэта гібрыды розных парод. Яны лепш за ўсё падыхо­дзяць для ўтрымання на фабрыках у спецыяльных умовах. За год яны выпрацоўваюць значную частку свайго патэнцыялу і потым яек даюць значна менш.
Часцей за ўсё насельніцтва купляе маладняк кросаў: 4-5-месячных курачак, якіх потым можна трымаць 2-3 гады. Прадаюць перакупшчыкі набытых на фабрыцы і дарослых, ужо часткова «выпрацаваных» курачак. Каштуюць яны нядорага. Гэта дачны варыянт утры­мання нясушак: трымаць іх на працягу летняга сезона, а на зіму – у суп.
Аляксандр Рыгоравіч эксперыментаваў і такім чынам, але ад нядобрасумленнасці прадаўцоў ніхто не застрахаваны. Курэй яму прывезлі, калі на двары ўжо сцямнела: гаспадар не здолеў разгледзець, наколькі яны былі худыя і замучаныя. Купіў – і «апёкся». Месяц нясушак прыйшлося толькі адкормліваць, яек яны паспелі знесці зусім мала.
Вось так Аляксандр Бель­скі і прыйшоў да высновы, што трымаць лепш птушку пародзістую. Несціся такія курачкі будуць роўна на працягу 3-4 гадоў, асаблівай сістэмы харчавання не патрабуюць, а адкладваць яйкі будуць і зімой у неацяпляемым хляве.
На шостым месяцы жыцця пародзісты маладняк ужо пачаў радаваць гаспадара першымі яечкамі.
У высокі сеткавы загон кожную раніцу выходзяць з хлява гуляць рознакаляровыя курачкі. І практычная карысць ад іх, і воку радасць! А гаспадар – за эстэтыку і прыгажосць на сваім падворку!

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *