Традыцыйны злёт радыёаматараў “Вольніца-2022” прайшоў у нашым раёне

У мінулыя выхадныя наш раён сустракаў удзельнікаў злёту радыёаматараў у вёсцы Вольніца з усіх куткоў Беларусі, а таксама Смаленска Расійскай Федэрацыі і Германіі. Восьмы год ладзіцца гэта мерапрыемства пры падтрымцы мясцовых органаў выканаўчай улады, арганізацый і прадпрыемстваў Прыдруцкага краю.
Хто трапіў сюды ўпершыню і ніколі не цікавіўся радыётэхнікай і працэсамі перадачы і прыёму інфармацыі, не адразу зразумеюць, што адбываецца на беразе жывапіснага возера, калі пад сцягам Беларусі разгортваецца радыёстанцыя (пазіцыя КВ-радыёсувязі) і дзясяткі людзей з «хэндзікамі» (свайго роду рацыя, у перакладзе з нямецкай мовы «мабільны тэлефон» – заўв. аўт.) звяртаюцца адзін да аднаго не па імені ці прозвішчы па бацьку, а ў большасці сваёй па пазыўных: EW2А, EU7LA, EW2BA, EW1I і г.д.
Ёсць тут і пастаянныя ўдзельнікі злёту, а таксама тыя, хто адносна нядаўна запісаўся ў шэрагі аматараў такога віду спорту. Так, сямейная пара Вольгі і Дзмітрыя Далідчык з Лагойскага раёна ўпершыню прыехалі на злёт разам. Дагэтуль папярэднія два гады Дзмітрый адзін быў удзельнікам мерапрыемства. А зараз жонка вырашыла падтрымаць захапленне сваёй палавінкі.
Арганізатары і прадстаўнікі прымаючага боку Вячаслаў Астаф’еў і Ларыса Журавовіч выказалі па дзяку раённаму выканаўчаму камітэту, сектару спорту і турызму райвыканкама, лясгасу, ПМК-82, ААТ «Бялынічы» і «Новая Друць», райста, якія, кожны па сваіх магчымасцях, дапамаглі ў добраўпарадкаванні мясцовасці каля возера, забяспечылі харчаваннем, садзейнічалі ў правядзенні спаборніцтваў па рыбнай лоўлі, шашках, дартсу, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, колцы дроў.
Прыемным момантам адкрыцця злёту «Вольніца-2022» стала ўручэнне ўзнагарод адкрытых рэспубліканскіх спаборніцтваў па радыёсувязі на кароткіх хвалях і першынства Мінскай вобласці.
Аляксандр Савушкін, старшыня Беларускай федэрацыі радыёаматараў і радыёспартсменаў:
– Асноўнай мэтай такіх злётаў з’яўляюцца жывыя зносіны з абанентамі, якія да гэтага часу знаходзіліся на адлегласці ў дзясяткі і сотні кіламет раў. І часам мы не ведаем іх імёнаў, а толькі пазыўныя. Гэта чарговая магчымасць сустрэцца з сябрамі і пазнаёміцца з новымі аматарамі радыёспорту. Геаграфія такога захаплення – увесь зямны шар. Увогуле, радыёаматары і спартсмены займаюцца пошукам новых крыніц сувязі па сродках вырабу розных прыстасаванняў для перадачы і прыняцця сігналаў. Спаборніцтвы ў тым і заключаюцца – правесці як мага больш сувязей, знайсці карэспандэнтаў на выдзеленых частотных палосах.
Наш раён на спаборніцтвах радыёаматараў і спартсменаў, а таксама ў названыз вышэй відах спорту прадстаўлялі:
Ігар Духовіч:
– Прыкладна з 1984 года я захапляюся радыёсувяззю і ўсім, што з ёй звязана. Ужо ў восьмым класе ў мяне быў дазвол трэцяй катэгорыі. Усю апаратуру, якая зараз маецца ў мяне і якой карыстаюся, сабраў сам. Нельга сказаць, што гэта танны від спорту, але жаданне ім займацца пераадольвае. На папярэднім месцы працы я непасрэдна займаўся з дзецьмі авіямадэліраваннем і вёў заняткі ў радыётэхнічным гуртку.
Сямейная пара Сяргея і Алесі Клімавых (на фота злева і справа, у цэнтры – сяброўка Святлана Гараўцова) наведвае злёты з самага пачатку іх правядзення. Захапленне радыёспортам у іх сямейнае. Алеся – дачка Вячаслава Астаф’ева. Яна ўдзячная бацьку, што ён з дзяцінства дэманстраваў ёй сваю любоў і павагу да радыётэхнікі і ўсяго, што з ёй звязана. Падабаўся працэс канструявання прыбораў, антэн і знаходжанне знаёмых у розных кутках нашай планеты.
Аляксандр і Алена Астаф’евы.
У гэтай сям’і захапляюцца не толькі радыёспортам, але і іншымі відамі баўлення вольнага часу і вядзення здаровага ладу жыцця. Аляксандр разам з жонкай Аленай з аграгарадка Цяхцін на сваёй дачы на колах і дзвюма дачушкамі прыехалі таксама паўдзельнічаць у спаборніцтвах па рыбнай лоўлі і чарговы раз акунуцца ў атмасферу цёплых сяброўскіх узаемаадносін і дасягненняў аматарскай радыётэхнікі.