МТК у вёсцы Навасёлкі – адзін з найбуйнейшых у СВК «Калгас «Радзіма». Тут утрымліваецца 1150 галоў буйной рагатай жывёлы, дойных кароў – 764. Штодзень ад буронак надойваюць каля 15 тон малака, у дзяржаўны бідон яно ідзе 100% гатункам «экстра»!
Трэба адзначыць, што жывёлагадоўчая галіна сельгаскааператыва працуе ў адным тэмпе круглы год. Напрыклад, у цёплы сезон калгасныя буронкі не выводзяцца на пашу,
замест гэтага яны атрымліваюць так званы «зімні» рацыён харчавання, спецыяльную кормасумесь, у якой прадугледжаны ўсе неабходныя дабаўкі для паўнавартаснай жыццядзейнасці. Сонечныя ванны кароўкі прымаюць на выгульных пляцоўках. Дадатковае святло даюць часткова празрыстыя дахі хлявоў.
– Такая тэхналогія ўтрымання дазваляе захоўваць надоі малака на пастаянным узроўні, ну, і праблемы выпасу жывёлы вырашае. Дый жывёлаводы, што пастаянна знаходзяцца з каровамі, хутчэй заўважаць хворую, ці якая ў ахвоце, – распавядае начальнік комплексу Дзмітрый АСМАЛОЎСКІ. – Усяго ў нас працуе 30 чалавек, сярод іх ветурачы, заатэхнікі, асемянатар, 6 даярак і 4 жывёлаводы, цялятніцы, слесары, вартаўнікі, механізатары… Раздача корму і гноевыдаленне меха нізаваныя, а для выпойвання цялятак выкарыстоўваецца малочнае «таксі». Штомесяц на нашым комплексе з’яўляецца 70-80 малышоў, якіх 21 дзень падрошчваем, а затым адпраўляем на ферму ў вёску Саглассе.
Падчас наведвання жывёлагадоўчага аб’екта прыемна ўразіла добраўпарадкаваная тэрыторыя, а таксама чысціня ў службовых
памяшканнях. Нібыта паўнавартасны рамонт тут зрабілі пару месяцаў таму, а не больш за дзясятак гадоў.
Начальніку комплекса, Дзмітрыю Асмалоўскаму, на хвіліначку, усяго толькі 24 гады. У сельгаскааператыве ён працуе з лістапада мінулага года, а з лютага бягучага – узначальвае адзін з найбуйнейшых жывёлагадоўчых аб’ектаў гаспадаркі.
– Я вывучыўся на заатэхніка ў Клімавіцкім сельгаскаледжы, прафесія вельмі падабалася, – распавядае Дзмітрый. – Але так склалася, што ў прафесію не пайшоў, некаторы час п е р а б і в а ў ся часовымі заробкамі . У той жа час каханую дзяўчыну Анастасію, з якой мы пазней пажаніліся, размеркавалі на працу ў дзіцячы садок у аграгарадок Вішоў. Я паехаў услед за ёй, уладкаваўся на працу па прафесіі – заатэхнікам. Вядома, спачатку было цяжкавата – за доўгі час многае забылася, але ў мяне былі добрыя настаўнікі – галоўны заатэхнік гаспадаркі Кацярына ПОВАД і брыгадзір па жывёлагадоўлі Вольга ПАНЦЯЛЕЕВА. Калі прапанавалі ўзначаліць комплекс, асабліва не вагаўся. Працоўны калектыў прыняў мяне вельмі добра і падтрымлівае цяпер. Калі гаварыць аб адносінах людзей да працы, то не назаву, можа, ніводнага прозвішча, хто б лайдачыў, ці безадказна ставіўся б да працоўных абавязкаў. Наша праца і дастойна ацэньваецца. Толькі ў жывёлаводаў заробак «чыстымі», без уліку расцёлаў і дадатковых абавязкаў, складае каля 1000 рублёў. Шмат гадоў на комплексе працуюць цялятніца Валянціна САВЕЛЬЕВА, жывёлаводы Мікалай САДОЎСКІ, Аляксандр МУЗЫКАРЭНКА, Мікалай ПЯЧЭНКА, на дойцы занятыя Ірына САУЛЬЧАНКА, Святлана СКАРАБАГАТАЯ, Наталля ПАГУЛЯЕВА, Вячаслаў САВЕЛЬЕЎ, слесары Пётр ЗАВАДСКІ і Мікалай ЗІНЬКЕВІЧ. Дарэчы, апошні ў час уборкі ўраджаю пераходзіць працаваць на зернесушыльную ўстаноўку, а на яго месцы працуе сын Ігар.
Дастойныя заробкі павышаюць і прэстыж працы ў жывёлагадоўчай галіне. Літаральна некалькі тыдняў таму на першае працоўнае месца на Навасёлкаўскі комплекс прыйшла малады спецыяліст-заатэхнік Ксенія КУЗНЯЦОВА. Яна праходзіла тут практыку і вырашыла застацца. Задаволены сваёй практыкай і студэнт-трэцякурснік Віцебскай ветэрынарнай акадэміі
Аляксандр ПЕХЦЕРАЎ. Уводзіць яго ў курс спраў ветурач Іван ПРОНЬКІН і, прычым, у самым «гарачым» месцы – там, дзе раздойваюць першацёлак і навацельных кароў.
«Рух» на комплексе пачынаецца а сёмай гадзіне раніцы і да абеду. Пасля 18.00 і да 23 гадзін – другая дойка. Малако адразу ж ад кароў паступае ў ахаладжальныя ёмістасці, а затым 2 разы на дзень яго вывозяць на перапрацоўку. Прыгатаванне кормасумесі, кармленне, чыстка, даенне… Круціцца і круціцца адладжанае гадамі кола.
У адказе Дзмітрыя Асмалоўскага на пытанне аб планах на будучае непрыхаваныя станоўчыя амбіцыі – дасягаць вяршынь прафесіяналізму. Менавіта тут, у «Радзіме». Ну, і адукацыю вышэйшую атрымаць, застацца ў Вішове надоўга. Шукаць шчасця і хадзіць за ім па свеце можна гадамі і дзесяцігоддзямі, але часцей за ўсё яно знаходзіцца побач з намі: у любімай працы, у сям’і, у добрых людзях і аднадумцах побач.