Дзе найбольш глыбей можна адчуць дух непаўторнай прыроды нашага краю? Вядома ж – адправіўшыся адпачываць на аграсядзібу. Іх у нашым раёне – дзевяць. Адна – «Месца сустрэч» у вёсцы Заазер’е – толькі збіраецца адкрыць свае дзверы. Астатнія ўжо прымаюць гасцей на пастаяннай аснове. Гэта «Пан Пралесскі» ў тым жа Заазер’і, «На беразе возера» і «Белы птах» у Рафалаве, «Жураўліны крык» у в. Станцыя Друць, у прыгарадзе Бялынічаў – «Ягадка», у вёсцы Мяльнік – «Дзікі каёт» і «Мяльнік», у в. Паўлінка – «У Паўлінкі». На апошняй аграсядзібе мы і пабывалі.

Раніца ў сонечнае надвор’е тут надыходзіць не павольна, а імкліва ўрываецца іскрыстымі прамянямі праз цалкам шкляную веранду гасцявога доміка. Святло залівае невялікую гасціную, кухонныя тумбачкі, столік, грае водбліскамі на драўлянай ашалёўцы пакоя, праменьчыкі ласкавым кацянём крадуцца па пледзе на тахце і нават залазяць пад самы дах, дзе любяць спаць дзеці. За шклом на галінцы дрэва цінькае сінічка…

А Божа ж мой! – толькі і ўсклікнула два гады назад Крысціна, калі муж Мікалай прывёз яе ў сельскую глухамань. Акінуўшы рукой зарослую старымі дрэвамі і хмызняком пустку, ён заявіў, што менавіта тут варта будаваць іх загарадны дом. Перад гэтым яны абгаворвалі, што знаходзіц ца будучая сямейная сядзіба будзе падалей ад цывілізацыі, побач з якой-небудзь глухой вёскай, пасярод лясоў і палёў. Каб «толькі лесу шум, ды клёкат жураўлёў». Але тут патрабавалася ўкласці столькі працы! Мікалай настаяў.

Лежачы дома ў Магілёве на канапе, ён ставіў на карце кропкі, роўнааддаленыя ад абласнога цэнтра ў Мінскім напрамку на 5-20 кіламетраў. На месцы ўсё аказвалася не такім, як патрэбна. Прыехаўшы ж паслянавагоднім студзеньскім днём у вёску Паўлінка, «з колаў» пазнаёміўся з мясцовым жыхаром, сваім цёзкам – 61-гадовым Мікалаем Канстанцінавічам. Той адвёў яго на ваколіцу вёскі, паказаў гэтакі маляўнічы «абрыў» над занесенымі снегам палямі ў акантоўцы лесу. Мікалай закрыў вочы, і ў яго ўяўленні, быццам з пазлаў, склалася гарманічная карцінка: трохвуголь ны домік-шалаш сярод невысокіх сасёнак, лазня, стрыжаны газон, «над абрывам» – складзены з камянёў мангал і пара шэзлонгаў.

На сённяшні дзень усё гэта, і нават большае, ужо ўвасобілася ў рэальнасць. Мала таго, сядзіба стала не толькі дачным домікам сям’і РЫБАКОВЫХ, але і аграсядзібай, на якую гаспадары запрашаюць жадаючых правесці час далей ад гарадской мітусні.

Ад грунтоўкі «Лямніца-Мікалаеўка» да  Паўлінкі вядзе добраўпрадкаваная дарога.  Абсталявана аўтастаянка. З-за дрэў выглядае трохкутны дах драўлянага доміка з прасторнай адкрытай верандай на высокіх прыступках. Невялікі дворык расчэрчаны дарожкамі з драўляных спілаў. Тут жа – традыцыйная руская лазня. А таксама – японская, якая называецца фурака. Пад адкрытым небам стаіць вялізны чан, вада награваецца ад прыбудаванай да яго печы. Прымаць гарачыя ванны камфортна нават пры мінусавой тэмпературы.
Па назіраннях гаспадара, папулярнасцю ў пастаяльцаў карыстаюцца абедзве лазні прыкладна аднолькава. І вядома ж, як марылася, на «абрыве» над палямі адпачываючых чакаюць, млява адкінуўшы
спінкі, шэзлонгі побач з каменным мангалам. Але гэта яшчэ не ўсё.

За закінутым садам, праз сто метраў ад сядзібы ўжо «падняліся» драўляныя каробкі будынкаў яшчэ адной гасцявой хаткі (праўда, яна ўжо не трохкутнай, а крыху іншай канструкцыі) і лазні. Другі «квартал» аграсядзібы па прынцыпе будзе такім жа, як і першы: з’явіцца тут і фурака, і пляцоўка для адпачынку з мангалам. Першы год працы паказаў, што аграсядзібу жадаюць здымаць нярэдка адразу дзвюма сем’ямі. Трохкутны жа домік разлічаны для камфортнага размяшчэння максімум – чатырох чалавек.

Вось і развіваюцца. Мікалай, у мінулым –  прафесійны будаўнік – з галавой акунуўся ў рэалізацыю праекта. Усё робіць сваімі рукамі, усё ўмее, хіба толькі за праводку электрычнасці брацца не рызыкуе. Галоўны памочнік – той самы першы яго тутэйшы знаёмы Мікалай Канстанцінавіч. Акрамя яго маці Зінаіды, тут пражываюць, на тры апошнія двары на ўсю вёску, яшчэ дзве мясцовыя жыхаркі – бабулі Зоя і Надзя. Са здзіўленнем назіраюць яны, як стукаюць за ваколіцай малаткі, як грузавікі падвозяць будматэрыялы, як прыязджаюць адпачываць гараджане з дзецьмі.

Мікалай з Крысцінай да будучага сезона плануюць паставіць драўляную альтанку ў двары аграсядзібы, асвятліць ліхтарыкамі ўстаноўленыя імі масткі ля невялікай безназоўнай сажалкі. Нядрэнна было б да карасікаў і плоткі запусціць у вадаём некалькі амураў, каб выядалі лішнюю зеляніну, тады і вада не зацвітала б. Калі ўсё будзе складацца ўдала, з часам можна і ўласнай гаспадаркай абзавесціся – козамі, напрыклад. І госці, апроч паходаў у грыбы ды ягады, змогуць парадаваць сябе яшчэ адным хараством сельскага жыцця – парным казіным малаком. А там, глядзіш, справа і да ўласнай сыраварні дойдзе!


ПА ДАРОЗЕ

♦ Цікаўныя аматары сельскага адпачынку па дарозе на аграсядзібу «Паўлінка» могуць пацешыць сябе, зазірнуўшы ў хатні музей «Памяць» Рымы ДАНІЛЬЦАВАЙ, размешчаны ў в. Нежкаў.

♦ Можна наведаць музей СВК «Калгас «Радзіма» ў аграгарадку Вішоў. Тут будзе прыемна не толькі пахадзіць па залах, даведацца пра гісторыю аграрнага прадпрыемства і населенага пункта, але і пачаставацца хатнім хлебам, прыгатаваным у рускай печы па старажытных рэцэптах, папіць духмянага чаю з мясцовага лекавага разнатраўя.


ЦІКАВА

Вёска Паўлінка ўпершыню згад ваец ца ў архіўных дакументах у 1897 годзе як сяло Паўлін у складзе Нежкаўскай воласці. У той час тут у 12-ці дварах пражывалі 92 жыхары.

 У 1931 годзе ў вёсцы быў арганізаваны калгас «Перамога». 

У 1943 годзе фашысты знішчы лі 24 з 27 двароў.


Найбліжэйшыя памятныя месцы

У наваколлях аграсядзібы «Паўлінка» размешчаны два гісторыка-культурныя помнікі. Гэта гарадзішчы жалезнага веку.

Адно знаходзіцца злева ад грун тоўкі, адразу за вёскай Лямніца. Не заўважыць яго нельга: гэта вялізны ўзгорак, вышынёй метраў 10 і дыяметрам 30-35 м з паглыбленнем у цэнт ры. На ўздыме да вяршыні ўсталявана таблічка. 

Другое гарадзішча размешчана літаральна за 200 метраў на паўднёвы ўсход ад мясцовых могілак, на беразе безназоўнага ручая, левага прытоку Вабічы, ва ўрочышчы Лажамент. Уяўляе сабой пляцоўку (70х80 м), акружаную кальцом валаў, вышынёй каля 4 метраў. Зайсці ў цэнтр можна з заходняга боку.

Print Friendly, PDF & Email

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *