Темы

Сцежка жыцця пралягла праз лясы. Гісторыя жыцця Мікалая Кулакова

Сцежка жыцця пралягла праз лясы. Гісторыя жыцця Мікалая Кулакова

Выбіраючы прафесію, многія з нас, несумненна, пыталіся ў сябе: «Чым хацелася б займацца?» Камусьці шлях жыцця «прабівалі» бацькі ці блізкія, хтосьці кідаўся ў вір вывучэння незнаёмых навук разам з сябрамі. Але бывала і такое,

што добрааплачваемая і прэстыжная спецыяльнасць не заўсёды прыносіла жаданае задавальненне. І толькі той,

хто прыслухоўваўся да голасу свайго сэрца, ніколькі не шкадаваў аб выбраным шляху.

Напрыканцы далёкіх 1960-х гадоў і герой нашага матэрыялу Мікалай Кулакоў, калі паступіў вучыцца ў Беларускі тэхналагічны інстытут на лесаінжынерную спецыяль­насць, выбіраў прафесію менавіта па закліку сэрца.

– Я нарадзіўся на Гомельшчыне, – распавядае Мікалай Васілевіч. – Лясоў вялікіх у нашых ваколіцах не было, і мы з бацькамі ездзілі па грыбы і ягады прамым цягніком на Браншчыну, у Расію. Ужо там, у багатых на прыродныя дары лясах, «адрываліся», як кажуць, па поўнай. Менавіта тады я і захацеў звя­заць свой лёс з лясной гаспадаркай, хоць была вялікая спакуса стаць чыгуначнікам. Вадзіць паязды на той час было вельмі прэстыжна, многія юнакі марылі аб такой працы. І паступіць у профільную чыгуначную ВНУ мне не складала праблем, але я выбраў лес і з цягам часу ўсё больш упэўніваўся, што не памыліўся. Ад інстытута нас накіроўвалі на практыку па ўсім былым Савецкім Саюзе. Аднойчы патрапіў у Сібір, у Краснаярскі край. Там падпрацоўваў і за 4 месяцы зарабіў больш за 700 савецкіх рублёў – вялікія па тым часе грошы.

Правільнасць абранага шляху ў жыцці пацвердзілася яшчэ і тым, што ў інстытуце Мікалай Васілевіч сустрэў сваю другую палавінку. З Людмілай Фёдараўнай яны кро­чаць рука аб руку з 1974 года.

Дарэчы, калі Мікалай Кулакоў даведаўся, што яго жонка родам з Бялынічаў, у гэтым ён таксама ўбачыў своеасаблівы знак. Напачатку ХХ стагоддзя яго дзядуля Парфеній Гладчанка служыў у войску ў Магілёве, там, дзе размяшчалася царская стаўка. Малады ваенны спяваў у царкоўным хоры, не аднойчы ўдзельнічаў у багаслужэннях у Бялынічах. Веліч ранейшага касцёла, прыстасаванага пад праваслаўны храм, пакінула аб сабе непаўторнае ўражанне. Вярнуўшыся на Гомельшчыну, Парфеній стаў святаром у невялікай вясковай царкоўцы. І хоць у савецкі час вернікі цярпелі пэўныя ганенні, храм не закрываўся нават у цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны. Павінуючыся свайму абавязку святара, Парфеній Гладчанка таемна ­адпраўляў духоўныя патрэбы не ­аднаму пакаленню аднавяскоўцаў.

У 1974 годзе маладая пара Мікалая і Людмілы Кулаковых накіравалася на адпрацоўку ў Іркуцкую вобласць Расіі ў адзін з лясных пасёлкаў Тулунскага раёна. Ён – начальнікам лесанарыхтоўчага ўчастка, яна – эканамістам. Тайга, вечная мерзлата і суровыя маразы, а яшчэ – прыгожая і велічная сібірская прырода – усё гэта пакінула непаўторны адбітак у сэрцах маладых беларусаў.

– За суткі наш лесанарыхтоўчы ўчастак выдаваў больш за 1500 кубаметраў драўніны. Увесь светлавы дзень рабочыя пілавалі дрэвы, а ў начны час іх вывозілі, – успамінае мужчына. – Толькі ў цёплы перыяд года графік мяняўся, бо разліваліся рэкі і тады па высокай вадзе пачынаўся сплаў лесу.

Самым цяжкім і страшным у ­тайзе былі лясныя пажары. Калі ў Беларусі ў пераважнай большасці выпадкаў віноўнікам лясных трагедый станавіўся чалавечы фактар, то там крыніцай агню была сама прырода. Улетку пажары ўсчыналіся ад сухіх маланак, якія білі па дрэвах,  і тыя ўспыхвалі як запалкі. Страшныя пажары вынішчалі сотні і тысячы гектараў лясоў, змагацца з імі даводзілася і Мікалаю Кулакову.

Гады размеркавання праляцелі хутка, і хоць працаваць у Сібіры падабалася, сям’я Кулаковых імкнулася вярнуцца на радзіму. Падыходзячы варыянт знайшоўся ў Чэрыкаўскім лясгасе. Канешне, свой лясны пасёлак яны пакідалі з цяжкім сэрцам: тут набіраліся працоўнага вопыту, тут у іх нарадзіўся першынец Аляксей.

На Чэрыкаўшчыне сям’ю сустрэлі вельмі прыязна, выдзелілі жыллё, пад’ёмныя. Уладкаваліся, сталі жыць і працаваць, на свет з’явілася прыгажуня-дачушка.

Але раптоўна выбухнула Чарнобыльская атамная электрастанцыя і частка Чэрыкаўшчыны аказалася забруджанай радыенуклідамі. На той час партыйнае кіраўніцтва прызначыла Мікалая Кулакова дырэктарам адной з будаўнічых арганізацый раёна, якую абавязалі хуткімі тэмпамі будаваць жыллё для перасяленцаў з забруджаных вёсак. Вядома ж, у гэтай справе дапамагала ўся рэспубліка. Дый так клопатаў было нямала. Перасяліць некалькі тысяч чалавек з абжытых месцаў, навучыць іх правільна карыстацца нябачанымі раней камунальнымі выгодамі – гэта ж не мэблю ў пакоі пераставіць.

За добрую працу Мікалай Васілевіч быў адзначаны турыстычнай паездкай у Балгарыю і правам набыць па-за чаргой два аўтамабілі «Жыгулі».

У пачатку 1990-х Кулаковы вырашылі пераехаць зноў. На гэты раз «здымаліся» з месца па прычыне радыяцыі. Але ў Падмаскоўі, дзе планавалі ўладкавацца, ім адмовілі – Савецкі Саюз загадаў доўга жыць і яны сталі жыхарамі іншай краіны – іншаземцамі. Тым часам памёр баць­ка Людмілы Фёдараўны і Мікалай Васілевіч вырашыў: едзем жыць у Бялынічы. Тут ён уладкаваўся ў лясгас, працаваў на інжынерных пасадах да самага выхаду на заслужаны адпачынак. Лясная стыхія і зараз не адпускае яго: Мікалай Кулакоў узначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю лясгаса, у складзе якой налічваецца 94 ветэрана працы.

– Клопат кіраўніцтва лясгаса ў адносінах да ветэранаў мы адчуваем пастаянна. Напрыклад, дровы можна заказаць з адчувальнай зніжкай, набыць зерне па кошце, як і для работнікаў. Да Дня пажылых лю­дзей, у прафесійнае свята нас запрашаюць на канцэрты, ушаноўваюць каштоўнымі падарункамі, аказваюць матэрыяльную дапамогу тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, – гаворыць Мікалай Васілевіч. – І мы самі стараемся па меры магчымасцей удзельнічаць у жыцці лясгаса. Сёлетняй вясной, напрыклад, актывісты раённай ветэранскай арганізацыі прымалі ўдзел у пасадцы лесу ў Асавецкім лясніцтве ў рамках рэспубліканскай экалагічнай акцыі «Тыдзень лесу».

А летась Мікалай Кулакоў быў адзначаны Ганаровай граматай райсавета дэпутатаў за шматгадовую плённую дзейнасць у ветэранскім руху і актыўную грамадзянскую пазіцыю.

…Штодзённыя клопаты ў Мікалая Васілевіча звычайныя: дагле­дзець падсобную гаспадарку, бо яшчэ з жонкай трымаюць і жывёлу, і агарод, патэлефанаваць дзецям, унукам, распытаць аб іх жыцці-быцці, а ў вольны час абавязкова ўдыхнуць ляснога паветра, паблукаць таемнымі сцежкамі па грыбных і ягадных мясцінах. Адна з такіх лясных сцежак-дарожак некалі стала пуцявінай усяго яго ­жыцця.

Інэса ЗАЙКОЎСКАЯ,

намеснік старшыні райсавета ветэранаў па ідэалагічнай рабоце.

Фота Святланы МАГІЛЕЎЧЫК.

Последние новости

Новости района

Белыничане встретили Праздник труда

1 мая 2024
Общество

Поздравление от Анатолия Малашко с Праздником труда – 1 мая

1 мая 2024
Новости района

Поздравление районной исполнительной власти с Праздником труда

1 мая 2024
Новости района

В Белыничах открылась обновленная Доска почёта

30 апреля 2024
Новости района

Белыничане продолжают делиться мнениями о ВНС

30 апреля 2024
Новости района

В Белыничском районе определили места массового отдыха на водоемах

30 апреля 2024
Главное

Лукашенко одобрил проект соглашения с Египтом о системе содействия взаимной торговле

29 апреля 2024
Новости Беларуси

С 1 мая в Беларуси увеличится бюджет прожиточного минимума

29 апреля 2024
Новости Беларуси

С 1 мая вырастут госпособия семьям, воспитывающим детей

29 апреля 2024
Общество

Два «серебра» завоевали белыничские самбисты в открытом первенство БФСО «Динамо»

29 апреля 2024

Рекомендуем

Новости района

В Белыничском районе прошел традиционный день призывника

19 апреля 2024
Новости района

Белыничский райсполком проводит общественное обсуждение концепции многоквартирного жилого дома

22 апреля 2024
Новости района

В Белыничах прошёл митинг в честь дня рождения Ленина

22 апреля 2024
Новости района

В Белыничах открылась обновленная Доска почёта

30 апреля 2024
Новости района

ДЭУ-74 в действии: улицы Белыничей преображаются благодаря асфальтогрануляту

23 апреля 2024
РОЧС информирует

В Белыничском районе мужчина получил ожоги

22 апреля 2024
Новости района

Алексей Кулаков занял место в конкурсе «Педагог дополнительного образования»

23 апреля 2024
Новости района

В Белыничском районе кипят работы по наведению порядка в рамках республиканского субботника

20 апреля 2024