На лінейцы стапрацэнтнай гатоўнасці
Праз лічаныя дні на Бялыніччыне будзе дадзены афіцыйны старт уборачнай кампаніі. Хлебаробы СВК “Калгас “Радзіма” могуць хоць заўтра выехаць у поле: і тэхніка, і зернесушыльныя комплексы, і зернесховішчы, і праца адпаведных служб, – усё ў гаспадарцы прыведзена да 100 % гатоўнасці прыёму будучага ўраджаю.
На КЗСК ў вёсцы Карпаўка пакуль цішыня, але ўжо хутка наваколле абудзіцца ад руху тэхнікі і працы зернесушыльных агрэгатаў. Калектыў аператараў комплексу ў складзе Дзмітрыя ГЕРЧУКА, Сяргея ПРАКОПЧЫКАВА, Алега МУШКЕТАВА і Васіля ДЗЕВІЧЫНСКАГА правёў усе неабходныя этапы падрыхтоўкі, каб працаваць без збояў. Дарэчы, у мінулым годзе гэта звяно па падпрацоўцы збожжа заняло другое месца ў раённым спаборніцтве, толькі крыху ўступіўшы сваім калегам – звяну Юрыя КАЛАКУСТАВА.
– Першым чакаем на падпрацоўку зерне азімага рапсу, – распавядае брыгадзір аператараў КЗСК Дзмітрый Герчук. – Як толькі камбайны выйдуць у поле, так для ўсіх нас і пачнецца “гарачая пара”.
– Сёлета ў СВК “Калгас “Радзіма” трэба ўбраць амаль 4 тысячы гектараў зерневых і зернебабовых культур. Большая палова з іх – азімыя, – паінфармаваў галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр ЛЕЙБУЦІН. – У сувязі са складанымі ўмовамі надвор’я частка азімых культур загінула, таму гэтыя плошчы перасеялі яравымі. Як толькі нябесная канцылярыя дасць “дабро”, адразу ж распачнецца ўборка азімага рапсу, які займае 800-гектарную плошчу.
Папярэднія прагнозы на будучы ўраджай рабіць яшчэ рана, але галоўны аграном гаспадаркі ўпэўнены, што ён будзе неблагі.
– У сёлетняй уборачнай, як і ў мінулым годзе, будуць задзейнічаны 12 экіпажаў камбайнаў і каля 25 адзінак тэхнікі на адвозцы збожжа, – дадаў Аляксандр Лейбуцін. – Як і ў мінулыя сезоны, нашы механізатары забяспечаны ўсім неабходным.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.
Фота аўтара.