Антытытунёвае заканадаўства: што змянілася?
Уступілі ў сілу ўсе палажэнні Дэкрэта Прэзідэнта № 2 ад 24 студзеня 2019 года па пытаннях удасканалення абароту і спажывання тытунёвых вырабаў, электронных сістэм курэння і сістэм для ўжывання тытуню.
Зараз стала больш месцаў, дзе забаронена ўжываць тытунёвыя вырабы, а таксама выкарыстоўваць электронныя прылады для курэння. Да досыць шырокага пераліку іх дадаліся новыя пункты.
Нароўні з падземнымі пераходамі, метрапалітэнам, вакзаламі, установамі адукацыі і аховы здароўя цяпер, напрыклад, нельга курыць на абсалютна ўсіх прыпынках грамадскага транспарту, у ліфтах і дапаможных жылых памяшканнях агульнага карыстання (пад’ездах, на лесвічных клетках і агульных балконах). Пад забаронай курэнне на дзіцячых пляцоўках і нават у асабістых аўтамабілях, калі там знаходзіцца дзіця да 14 гадоў. Ад тытунёвага дыму ачысцілі і пляжы – паліць можна толькі ў спецыяльна адведзеных месцах.
У адпаведнасці з арт. 17.9 КаАП, за курэнне ў неналежным месцы пагражае штраф да 4 бв.
З пачатку 2019 года антытытунёвае заканадаўства парушылі звыш 5,5 тыс. грамадзян краіны.
Аляксандр КРОЛ,
старшы інспектар па ДР ААПП РАУС.